Лукашэнка ўсё жыцьцё марыў пра кітайскі аўтамабіль. Ці перасядзе?

Geely

Тройца высокіх чыноўнікаў у складзе Аляксандра Лукашэнкі, Міхаіла Мясьніковіча і Сямёна Шапіры абмеркавала 14 студзеня тэмпы рэалізацыі інвэстпраекту ў справе вытворчасьці на прадпрыемстве «БелДжы» у Барысаўскім раёне «беларускага легкавіка» Geely — пасьля няўдалай спробы інтэгравацца ў іранскі аўтапрам гэтым разам позіркі скіраваныя ў Кітай.
Пры тым, што стаўленьне патэнцыйных спажыўцоў да кітайскіх аўто насьцярожанае, Лукашэнка перакананы: гэта якраз тое, што трэба беларускаму народу. Пры гэтым вытворчасьць у Беларусі «айчыннага легкавога аўтамабіля» ён паставіў у адзін шэраг з будаўніцтвам АЭС і рэалізацыяй праектаў у космасе:

«Тое, пра што марылі многія беларусы і, перш за ўсё, я — ажыцьцявілася. Беларускі аўтамабіль мы вырабілі разам з нашымі кітайскімі сябрамі і, паводле маіх дадзеных, прыкладна 2,5 тысячы прадалі ў мінулым годзе. Попыт на падобны тып аўто ёсьць ня толькі ў Беларусі, але і за межамі нашай краіны».

Зрэшты, як прызналі на прадпрыемстве, за год удалося прадаць крыху больш за 1,5 тысячы «цуда-машынаў». Прычым, абсалютныя большасьць ад’ехала ў Казахстан, для якога кітайскія традыцыі не падаюцца нечым надта ўжо экзатычным. Астатнія ў чаканьні абяцанага ажыятажу стаяць на складзе.

Як кажуць экспэрты, калі затаваранасьць вытворчасьці назіраецца яшчэ на этапе «адвёрткавай зборкі», то чаго чакаць пры выхадзе на праектныя магутнасьці? Па словах кіраўніка ўраду Міхаіла Мясьніковіча, пасьля выхаду на закладзеную колькасьць 10 тысяч аўтамабіляў штогод празь некалькі гадоў прадугледжваецца шматразовы рост да 120 тысяч аўтамабіляў на год.

З вуснаў Лукашэнкі не прагучала, ці зьбіраецца ён перасесьці сам і перасадзіць на «добрыя беларускія машыны» сваіх падначаленых. Аднак, мяркуючы па запытах чыноўнікаў, у Geely яны залезуць толькі пад прымусам.

Як лічыць аўтамабільны экспэрт Алег Маркевіч, не захочуць у масавым парадкам мяняць узроставыя іншамаркі на новых кітайцаў і шараговыя грамадзяне. Кошт мадэлі ў стандартнай камплектацыі стартуе ад 15 тысяч даляраў. За такія грошы яшчэ можна набыць трохгадовы экзэмпляр ад усясьветна вядомых і правераных вытворцаў:

Алег Маркевіч

«Беларусь ня мае свайго аўтапраму, гэта ўсё бурныя фантазіі нашых уладароў. Ні я, ні многія іншыя беларусы, мы ня лічым, што іранскія „Саманды“ ці кітайскія „Джылі“ могуць дасягнуць узроўню якасных эўрапейскіх, амэрыканскіх ці японскіх аўтамабіляў. Адзіным выйсьцем з усяго гэтага аўтамабільнага тупіка магло стаць тое, каб беларус набываў машыну з малой размытнёўкай і цягам 3-4 гадоў, калі ўладам так ужо хочацца пазьбегнуць спэкуляцыяў, ня мог яго прадаць. Вось у такім выпадку была б сапраўдная аддушына для сярэднестатыстычнага рабацягі-беларуса. А так абклалі па ўсіх франтах і цяпер вешаюць локшыну пра нейкія добрыя кітайскія аўтамабілі. Трызьненьне!».

Пасьля далучэньня да Мытнага саюзу Беларусь уніфікавала мытныя пошліны з расейскімі, у выніку чаго ў шэрагу выпадкаў мыта стала перавышаць кошт ўласна аўтамабіля. Цяпер беларусам прапануюць перасесьці на бязмытны айчынны аўтамабіль — праўда, дзеля «раўнавагі» абкладзены ўтылізацыйным зборам і транспартным падаткам.