Епархія: сьвятары атрымліваюць пасады, як і вайскоўцы

Дзьмітры Варламаў

Натальля Васілевіч апавяла Радыё Свабода, чаму важна зьвяртаць увагу на тое, што за чалавек асабісты сакратар мітрапаліта.

Блогерка burbalka (Натальля Васілевіч) зьвярнула ўвагу на новую асобу ў Беларускім экзархаце — іярэя Дзьмітрыя Варламава, асабістага сакратара новапрызначанага мітрапаліта Паўла.

12 студзеня Натальля Васілевіч зьмясьціла ў сваім блогу невялікі аналіз імклівай кар’еры Дзьмітрыя Варламава. Паводле назіраньняў блогеркі, 21-гадовы сьвятар, якога ўладыка прывёз з сабой з Разані, надзвычай хутка рухаўся па кар’ернай лесьвіцы і мае ўзнагароды, якіх іншыя сьвятары чакаюць гадамі. Паводле ўнутрыцаркоўнай працэдуры такіх прызначэньняў Варламаву трэба было б чакаць 9 гадоў, а ягоная кар’ера заняла ўсяго 40 дзён.

Менская эпархія пра скандальныя выкрыцьці ў інтэрнэце ўжо ведае.

«У чым праблема? Іншым разам пры ўзнагароджваньні размова ідзе не пра заслугі таго ці іншага сьвятара, а пра пасаду, якую ён займае... Гэта тое самае, як у вайскоўцаў. Ёсьць чарговыя званьні, а ёсьць званьні, якія ты атрымліваеш разам з пасадай», — так адрэагаваў на нашае пытаньне прэс-сакратар Менскай эпархіі протаярэй Сяргей Лепін.

Паразмаўляць з самім іярэем Дзьмітрыем Варламавым можна толькі пасьля звароту да ўладыкі Паўла.

«Асабісты сакратар мітрапаліта можа паўплываць на царкоўнае жыцьцё ў Беларусі. Гэта ня проста тэхнічная пасада, — кажа Натальля Васілевіч. — Зьявіўся малады чалавек і стаў нават кіраваць сьвятарамі, нават казаць ім, дзе ім на службе станавіцца. Я хацела праверыць, хто побач зь мітрапалітам. Тым больш увагу прыцягнула неадпаведнасьць узросту і ўзнагародаў, якія мае гэты чалавек».

У тым, што мітрапаліт Павал прыбыў у Беларусь са сваёй «камандай», няма нічога дзіўнага, — тлумачыць Натальля: мітрапаліту як чалавеку звонку трэба на некага абапірацца на першым часе:

«Але верагодна, што людзі з гэтай каманды будуць уплываць на палітыку. Калі не глябальна, то ў пытаньнях штодзённага жыцьця эпархіі і ўсяго беларускага экзархату. Гэта ня проста асоба. Ён мае пэўны статус. І вельмі цікава, чаго ад гэтай асобы можна чакаць і на чым грунтуецца аўтарытэт, які ён мае».

Натальля зазначае, што ў малых расейскіх эпархіях, да якой адносіцца і Разанская, адкуль прыбыў у Беларусь мітрапаліт Павал, ёсьць практыка даваць маладым сьвятарам буйныя ўзнагароды. «Гэта такая форма іхнага заахвочваньня», — кажа блогерка.
Магчыма, кар’ерны рост Варламава зьвязаны са знаёмым нам у Беларусі „кумаўством“

Ёсьць і больш «кансьпіратыўныя» вэрсіі. Так, у Разанскай эпархіі служыць протаярэй Міхаіл Рыжоў.

«Жонка Варламава мае такое самае дзявочае прозьвішча і паводле ўзросту можа быць ягонай дачкой. Протаярэй Рыжоў адказвае за сувязі зь некаторымі сілавымі структурамі, займае ў эпархіі важную пасаду. Магчыма, кар’ерны рост Варламава зьвязаны са знаёмым нам у Беларусі „кумаўством“», — мяркуе Васілевіч.

Пры гэтым Васілевіч кажа, што царкоўныя ўзнагароды цяпер маюць усё больш дэкаратыўны характар і сьведчаць хутчэй пра «статуснасьць» іхнага ўладальніка.

«Вось як у звычайным жыцьці людзі глядзяць, у каго які мабільнік ці аўтамабіль, так у царкве глядзяць на ўзнагароды», — кажа Натальля.

На фоне скандалу з выкрыцьцём «блакітнага лобі» ў царкве, узьнятага протадыяканам Андрэем Кураевым, шмат якія камэнтатары пабачылі ў імклівай кар’еры Варламава якраз гэты сьлед. Васілевіч хутчэй схільная гэта абвергнуць.

«Я б не перабольшвала вагу гэтага лобі, — кажа Натальля. — Чаму людзі так балюча ўспрынялі інфармацыю ад Кураева? Бо ёсьць такі агульны гамафобскі кантэкст ва Ўсходняй Эўропе, калі падаецца, што гомасэксуальнасьць — гэта самае горшае, што можа быць. Ёсьць уяўленьне, што і ў Эўропе блакітнае лобі захапіла ўсю палітычную сыстэму і няма там іншых праблемаў. Мне здаецца, тое самае адбываецца пры спробе зьвярнуць увагу на працэсы ўнутры царквы. Любыя кадравыя пытаньні ці пытаньні фінансавых злоўжываньняў зводзяцца да таго ж „любімага“ намі гомасэксуальнага кантэксту».

Васілевіч зьвяртае ўвагу і на тое, што актыўнасьць самога Кураева па выкрыцьці ўплыву «блакітнага лобі» зьменшылася. Па-ранейшаму яна закідае протаярэю тое, што ягоныя абвінавачаньні грунтаваліся не на фактах:

«Я за прэзумпцыю невінаватасьці. Можа, і іярэй Дзьмітры Варламаў пакажа сябе з добрага боку ў Беларусі. Тое, што я заўважыла, гэта адно, але ацаніць чалавека можна толькі па тым, што ён зрабіў», — падсумоўвае Васілевіч.