Шчыліна ў апараце падчас апэрацыі Юліі Кубаравай была заклееная скотчам

Your browser doesn’t support HTML5

Юры Кубараў: Карпаратыўная этыка — гэта выратаваньне пацыента

У Кастрычніцкім судзе Менску працягваецца судовы працэс над лекарамі «Экамэдсэрвіса», датычнымі да сьмерці Юліі Кубаравай — пацыенткі, якая памерла пасьля плястычнай апэрацыі. Пра вынікі трэцяга дня — Алег Грузьдзіловіч.
13 студзеня суд завяршыў допыт абвінавачанага, анэстэзіёляга Аляксандра Шурава і дапытаў галоўнага інжынэра «Экамэдсэрвіса» Вадзіма Ліхуту.

У першай палове дня Аляксандру Шураву задавалі пытаньні адвакаты. Акрамя таго, пракурор Мікалай Жэчка дамогся зачытваньня тых матэрыялаў справы, якія супярэчаць паказаньням, дадзеным у судзе Аляксандрам Шуравым. У прыватнасьці, стала вядома, што колба апарату штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, якім карысталіся лекары падчас апэрацыі над Юліяй Кубаравай, была пабітая яшчэ ў лістападзе 2012 году. Колба мела шчыліну, якую пазьней заклеілі скотчам. Паводле Аляксандра Шурава, у такім стане апарат працаваў нармальна і быў задзейнічаны ў 41 апэрацыі. Анэстэзіёляг Аляксандар Шураў, паводле ягоных словаў, не зьвяртаўся да кіраўніцы цэнтру Галіны Валжанкінай наконт рамонту апарату, а сам не пракантраляваў, каб была пададзеная і выкананая заяўка на рамонт.

Аляксандар Шураў працягваў сьцьвярджаць, што збой у працы апарата падчас апэрацыі стаў вынікам зьнікненьня кіслароду ў цэнтралізаванай сыстэме падачы кіслароду. Між тым, паводле Шурава, калі апэрацыя пачыналася, кісларод у сыстэме быў, ён гэта спраўдзіў. Тое, што ён не паведаміў пра адсутнасьць кіслароду ў цэнтралізаванай сыстэме 26 сакавіка кіраўніцтву клінікі, Аляксандар Шураў патлумачыў «карпаратыўнымі інтарэсамі».

Пацярпелы Юры Кубараў пракамэнтаваў гэтыя паказаньні:
Карпаратыўныя інтарэсы лекараў, калі верыць клятве Гіпакрата, гэта ратаваньне пацыента. А тое, што казаў Шураў, — гэта шкурныя пытаньні

«Карпаратыўныя інтарэсы лекараў, калі верыць клятве Гіпакрата, гэта ратаваньне пацыента. А тое, што казаў Шураў, — гэта шкурныя пытаньні. Хутчэй за ўсё, ён бы быў пазбаўлены нейкай прэміі. Пакараў бы яго галоўны лекар ці не пакараў бы...Гэта да мэдычнай этыкі ня мае дачыненьня».

Ці сапраўды магло здарыцца гэтак, што ў сыстэме зьнік кісларод?

Гэтае пытаньне задалі Вадзіму Ліхуту, галоўнаму інжынэру «Экамэдсэрвіса», які паводле сваіх службовых абавязкаў мусіў адказваць за спраўнасьць усёй апаратуры. Праўда, сам абвінавачаны Ліхута гэтай адказнасьці не прызнаў і ня лічыць сябе вінаватым. Ён кажа, што паколькі да 2011 году не працаваў з мэдычным абсталяваньнем, то і ня ведаў дакумэнтаў, паводле якіх галоўны інжынэр мусіць адказваць за ўсё абсталяваньне, а ня толькі за інжынэрныя сеткі ды будынак.

Дык ці маглі адключыць кісларод 25 ці 26 сакавіка? Паводле Ліхуты, 25 і 26 сакавіка 2013 году замены балёнаў з кіслародам не адбывалася, але праверка сыстэмы сапраўды была. Гэта было зроблена 25 сакавіка: праверылі трубы і стыкі. Хто непасрэдна правяраў, Вадзім Ліхута ня памятае. Між тым памятае дакладна, што ў той жа дзень, 25 сакавіка, падначаленыя яму далажылі, што ціск у сыстэме ёсьць, сыстэма падачы кіслароду дзейнічае. Яшчэ ад Вадзіма Ліхуты стала вядома, што абсталяваньне ў «Экамэдсэрвісе», у тым ліку апарат МК 1-2, паставілі на сэрвіснае абслугоўваньне ў рамонтнай фірме «Рэспэкт-плюс» толькі 9 красавіка, ужо пасьля няўдалай апэрацыі над Юліяй Кубаравай. Дагэтуль рамонтнікі прыяжджалі для рамонту апаратуры толькі на выклік, калі нешта здаралася. Таксама ад Вадзіма Ліхуты стала вядома пра сьледчы экспэрымэнт, які паказаў, што кран падачы кіслароду ў цэнтралізаванай сыстэме быў адкрыты ня цалкам. Сваю адказнасьць за здарэньне Вадзім Ліхута гэтак і не прызнаў.