Анатоль Лябедзька распавёў Свабодзе, як ён будзе рэагаваць на ўчарашняе затрыманьне міліцыяй, калі яго білі па нырках, потым завезьлі ў Курапаты і да крэматорыя. Пры гэтым у міліцыі не давалі ніякай інфармацыі, дзе ён.
— Анатоль, ці вы зьбіраецеся абскардзіць дзеяньні ў дачыненьні да вас падчас затрыманьня 12 студзеня?
— Беларусь — гэта такая краіна, дзе калі-нікалі лепш канстатаваць, чым патрабаваць, ведаючы, якія могуць быць вынікі. Я пакуль толькі канстатую, што тое, што адбылося ўчора са мной, напрыклад, у Літве, Польшчы, Нарвэгіі, Нямеччыне кваліфікуецца як выкраданьне чалавека. Таму што тыя людзі, якія мяне захоплівалі — а іх было 7 асобаў у цывільным — не прадстаўляліся, а проста брутальна захоплівалі мяне такім чынам, каб ад мяне ўвогуле ніяк не пайшла інфармацыя пра тое, што адбываецца.
Дзякуючы выпадку я крыкнуў чалавеку, які стаяў побач, хто я і як перадаць маім родным, што са мной здарылася. Ён маю просьбу выканаў, і інфармацыя пайшла ў прэсу. Гэта, вядома, стала для выкрадальнікаў вялікай нечаканасьцю. Я пазьней чуў ад іх раздражнёныя выказваньні наконт таго, што пра здарэньне напісала прэса. Я думаю, што хацелі зрабіць спэцапэрацыю: мяне выкрасьці, цэлы дзень дзесьці патрымаць, затым вывезьці за межы Менску, кінуць і зрабіць выгляд, што яны ня ведаюць, што адбывалася з грамадзянінам Лябедзькам на працягу дня. Але такі плян не ўдалося выканаць. Асобы, якія мяне выкралі, былі вымушаныя скласьці пратакол за быццам бы несанкцыянаваныя дзеяньні — правядзеньне акцыі, якую, паводле іх вэрсіі, патрэбна ўзгадняць з гарвыканкамам. Хоць Адміністрацыйны кодэкс не прадугледжвае такіх узгадненьняў для збору подпісаў.
— Якія парушэньні закону былі ў дачыненьні да вас?
— Першае — гэта выкраданьне. Другое — прымяненьне сілы. Калі я пачаў крычаць чалавеку, якія быў побач, у ход пусьцілі кулакі і мяне з кулакамі закінулі ў аўто. Трэцяе — адмова ў доступе да адваката. Чацьвёртае — адмова ў тэлефанаваньні родным, каб паведаміць сям’і, што са мной здарылася. Пятае — незаконнае затрыманьне ў пастарунку на працягу 7 гадзін. Асобна можна вылучыць акцыю запалохваньня, якая заключалася ў тым, што мяне на хуткасьці ў 140 кілямэтраў у гадзіну вазілі спачатку да Курапатаў, пасьля да крэматорыя. Так што можна канстатаваць цэлы букет правапарушэньняў. Пасьля такога скандалу многія асобы ў нармальнай краіне страцілі б некалькі зорачак на пагонах. У нас, аднак, заўтра будзе суд, падчас якога будуць выказвацца прэтэнзіі ня мною, а да мяне. Паглядзім, што будзе.
— Што гэта за новы фармат запалохваньня, калі вас вазілі то на Курапаты, то ў крэматорый?
— Мой досьвед, які добра вядомы ў тым ліку і прадстаўнікам розных структураў, дазваляе зрабіць выснову, што акцыя з правозам мяне каля Курапатаў ці каля крэматорыю нейкага надта застрашвальнага эфэкту асабіста на мяне мець ня будзе. Можа, гэта проста такая дурнота мясцовага разьліву. Я гэтага не выключаю, таму што чалавек, які кіраваў апэрацыяй, быў не зусім адэкватны ва ўспрыняцьці рэчаіснасьці і таго, што адбываецца ў краіне. Калі б рашэньне прымалі на высокім узроўні, то мой досьвед самых розных кантактаў зь сілавымі структурамі быў бы ўлічаны. Таксама магчыма, што была мэта аказаць узьдзеяньне ня так на мяне, як на тых, хто інфармацыю прачытаў. Маўляў, калі вывозяць кіраўнікоў палітычных структураў, то што могуць зрабіць з шараговымі сябрамі грамадзкіх і палітычных арганізацыяў? Магчыма, у гэтым ёсьць нейкі новы трэнд ці нейкае пасланьне.
МУС: Лябедзька можа зьвярнуцца ў пракуратуру
Прэсавы сакратар МУС Канстанцін Шалькевіч пракамэнтаваў карэспандэнту Свабоды заяву лідэра АГП Анатоля Лябедзькі пра затрыманьне і зьбіцьцё яго супрацоўнікамі міліцыі 12 студзеня. Лябедзька распавёў, што яго завезьлі спачатку ў Курапаты, потым да крэматорыя, а потым прывезьлі дадому. У міліцыі не давалі ніякай інфармацыі пра месцазнаходжаньне палітыка. Лябедзька таксама сказаў, што яго білі па нырках.
«Я думаю, што калі такое было, ён павінен зьвярнуцца ў пракуратуру з заявай. Калі гэта было насамрэч, у яго ёсьць права, няхай зьвяртаецца з заявай, што адносна яго такія і такія дзеяньні ўчыненыя. Ёсьць наглядныя органы, і яны будуць разьбірацца».