Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзьку «вязалі» 7 чалавек. Перш чым вызваліць, завезьлі на Курапаты і да крэматорыя

абноўлена

Анатоль Лябедзька зьбірае подпісы супраць аўтападатку
Анатоль Лябедзька зьбірае подпісы супраць аўтападатку

Пратакол складзены за акцыю 5-га студзеня, калі палітык зьбіраў подпісы супраць аўтападатку. Судзіцьмуць у аўторак

Сёньня меўся адбыцца збор подпісаў супраць аўтападатку каля Камароўскага рынку, а перад гэтым аб 11-ай надзіну лідэр АГП мусіў мець сустрэчу на офісе.

Раніцай, прыкладна ў 9:30 палітык выйшаў у гараж і не вярнуўся. Пра магчымае затрыманьне даведалася жонка палітыка ад незнаёмага мужчыны, які пазваніў у дамафон і паведаміў, што Лябедзьку затрымалі.

У міліцыі не давалі ніякай інфармацыі пра месцазнаходжаньне палітыка. Больш за 4 гадзіны жонка і паплечнікі па АГП шукалі яго і зьвярнуліся да ўсіх, хто валодае інфармацыяй пра магчымае месцазнаходжаньне.

Жонка заявіла, што будзе пісаць заяву ў міліцыю пра зьнікненьне чалавека.

Празь некаторы час Лябедзька выйшаў на сувязь. Ён напісаў у сваім фэйсбуку, што затрыманы, знаходзіцца ў міліцыі Савецкага раёну і суд будзе ў аўторак а 10-ай гадзіне. Яго абвінавачваюць па артыкуле 23.34. «Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых перапрыемстваў».

Паводле сайту АГП, пратакол складзены за збор подпісаў за адмену аўтападатку і за адстаўку ўраду, які лідэр АГП праводзіў 5-га студзеня разам зь Віктарам Карняенкам.

Неўзабаве Анатоля Лябедзьку вызвалілі, і ён распавёў дэталі свайго затрыманьня ў інтэрвію сайту АГП:

«Завезьлі спачатку ў Курапаты, потым да крэматорыя, а потым прывезьлі дадому. Вось такі маршрут выбралі. Імчаліся кілямэтраў 140 у гадзіну. Узялі адразу каля дома, 7 чалавек. У цывільным, не прадстаўляліся, мабыць, спэцназ. Я ўбачыў мужчыну — стаяў каля машыны, крыкнуў яму: „Я — Лябедзька, перадайце маім у кватэру, што мяне забралі“. Калі я гэта крычаў, то сталі біць. Адабралі ўсе рэчы, прывезьлі ў гэты апорны пункт, дзе я ўвесь час і знаходзіўся. Празь некалькі гадзін здолеў выцягнуць свой тэлефон і выйшаў у Фэйсбук. Далей вы ведаеце.»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG