У Менску прэзэнтавалі «Шклатару»

У галерэі сучаснага мастацтва «Ў» адбылася прэзэнтацыя і аўтограф-сэсія з нагоды выхаду трэцяй кнігі мастака і пісьменьніка Артура Клінава — раману «Шклатара».
Месца прэзэнтацыі сымбалічнае, бо падзеі ў рамане адбываюцца якраз вакол гэтай менскай галерэі, якая ў рамане называецца «Угарня». А будынак, дзе яна месьціцца, калісьці быў пунктам прыёму пустых бутэлек. Адсюль і назва раману. Галерэя «Ў» фігуруе як менскае падпольле ў мастацкім сэнсе, як пляцоўка для творчых людзей.

Падчас прэзэнтацыі рэдактарка кнігі «Шклатара» Ірына Герасімовіч адзначыла, што тэмы, якія закранае кніга, блізкія любому чалавеку. Гэта каханьне, сьмерць, страх, нянавісьць. Мэтай твору аўтар ставіў апісаньне сучаснай Беларусі, і асаблівая ўвага нададзена падзеям 2010 году, разгону Плошчы.

Паводле Артура Клінава, аўтар не прымае бок бел-чырвона-белых ці чырвона-зялёных, а стараецца паказаць падзеі аб’ектыўна. Ён аналізуе такія пачуцьці, як страх, блізкія кожнаму чалавеку. І праз асэнсаваньне гэтых пачуцьцяў кожны чалавек можа знайсьці сябе сярод герояў гэтай кнігі.

Клінаў пацьвердзіў, аднак, што ў герояў кнігі ёсьць прататыпы, і калі яны будуць чытаць раман, то, верагодна, пазнаюць сябе. Клінаў сказаў, што нікога не хацеў абразіць, а толькі ўразіць. Сярод тых, каго чытач можна знайсьці ў «Шклатары», усе палітыкі, якія бралі ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году.