Беларуская камандзіроўка мітрапаліта і бунт годнасьці ў сеціве

Севярын Квяткоўскі

Сустракаючы ў навагоднім Менску расейскіх турыстаў, я раз-пораз уступаю зь імі ў сытуацыйныя размовы. Ад кароткага тлумачэньня, што ў Беларусі расейскія грошы ня ходзяць, да больш працяглых дыялёгаў на тэму «як у нас, як у вас». І кожны раз прыгадваю гісторыю, якая адбылася са мною падчас адной зь летніх вандровак на байдарках.

З намі некалькі разоў быў масквіч – харошы разумны хлопец. Усе ў камандзе гаварылі па-беларуску, і ён вельмі хутка пачаў добра разумець. За вогнішчам шмат размоваў было пра беларускую нацыянальную ідэю, пра гісторыю, сучаснасьць і пэрспэктыву. Масквіч збольшага маўчаў, уважліва слухаў. Яго ўспрымалі ўжо не як чалавека з паралельнай рэальнасьці, а цалкам з кантэксту. І тут ён раптам пасьля добрай бяседы запытаўся:

– А всё-таки я не понимаю – почему вы не хотите с нами объединяться?!

***
Прызначэньне мітрапаліта Паўла новым ачольнікам Беларускай праваслаўнай царквы выклікала ў сеціве шквал камэнтароў і абмеркаваньняў.

Зь беларусаў ня супраць новага герарха збольшага людзі, якіх бы я акрэсьліў як вернікаў-філёзафаў:

«Калі будзе добры, разумны чалавек іншай нацыянальнасьці – якая розьніца?»;

«Па-мойму, у веры нацыянальнасьць ня мае значэньня, галоўнае – верыць у Ісуса Хрыста»
.

Тут галоўны акцэнт – на веры, бяз стаўленьня да царквы ў тым ліку і як да грамадзкага і палітычнага інстытуту. А таксама блытаніна нацыянальнасьці як этнічнага, і як дзяржаўнага панятку.

А вось камэнтатары з Расеі нагадваюць мне майго знаёмага масквіча з байдарачнай вандроўкі: дык а чаму ня хочаце?

AAndrey: РПЦ лепш бачна каго і куды прызначаць.

rulik66: Замена мітрапаліта ня можа паўплываць на веравызнаньне людзей.

vyacheslav_fv: Мы ўжо адзін народ, адна нацыя – праваслаўныя хрысьціяне. Падзел на розныя нацыянальнасьці – гэта праклён Бабілёнскай вежы, які пераадольваецца ў Царкве.

чист: Думаю, Павал дасьць рады нацыяналістычным і ўніяцкім настроям заходняй часткі РБ.

«Беларусь – гэта славянскі, праваслаўны край», – пераказвае словы патрыярха Кірыла новы беларускі мітрапаліт Павал у сюжэце на канале СТВ (гл. з чатырнаццатай хвіліны).

Там жа ў сюжэце карэспандэнт адзначае бурную хвалю скептычных і адмоўных камэнтароў у беларускім сеціве на новае прызначэньне ў Менск.

Пацьвярджае тэндэнцыю і расейскі праваслаўны публіцыст дыякан Андрэй Кураеў, гаворачы, што навіна пра Паўла ідзе «пад канвоем недабразычлівых у адносінах да Царквы каментароў».

sergey_33: Поўха ад Крамля;

Шайба: Добра, хоць Белоруссией абазваў, а мог бы і Заходняй губэрняй;

клаус: Прышламу нашы праблемы, наша культура, наша жыцьцё, наша зямля блізкімі ня будуць. Чарговы прызначэнец з мэтраполіі. Вось і будзе правадніком ейных імпэрскіх інтарэсаў.

Святар а. Мікалай з Гомельшчыны, у сацсетках пад нікам priest_nikolay:

– Пацьвярджаю. Мне тэлефанавалі звычайныя вернікі, і крыху абураліся тым, што гэта чалавек не зь Беларусі, не нарадзіўся тут і навогул далёкі ад нашых рэаліяў. А пасьля вядомага інтэрвію мітрапаліта Паўла (пра атамную і бактэрыялягічную зброю), так і зусім засмучоныя.

Такім чынам, два асноўныя пункты абурэньня. Больш прыземлены – не тутэйшы. Больш ідэйны – эмісар імпэрыі. Апошнія камэнтатары разумеюць, што царква – ня толькі праца з душамі. Гэта грамадзкі і палітычны арганізм.

***
Незалежна ад таго, хто зь беларусаў вернік, а хто не, БПЦ сталася часткай нашага культурнага і сацыяльнага поля. Я сустракаў людзей, якія думалі, што БПЦ – гэта асобная царква, а не філіял РПЦ.

Гэтаксама, як я сам ў школьным узросьце, ды ня я адзін дагэтуль, думаў, што Філарэт – гэта не імя, а царкоўная пасада.

Alexander Shramko: У адным з камэнтароў у Кураева сустракаю: «...Новы прызначаны Філарэт».

Аляксандар Пашкевіч: «Мне сябар расказваў (ён гісторыю выкладае ў ВНУ), што калісьці падчас зладжанага ім тэставаньня хтосьці са студэнтаў на пытаньне «Хто такія філярэты і філяматы?», адносна філярэтаў на поўным сур'ёзе адказаў, што гэта людзі, прыхільныя да рэлігіі».

Мітрапаліт Філарэт кіраваў праваслаўным жыцьцём у Беларусі 35 гадоў.

– Гэта некалькі генэрацый вернікаў і сьвятароў, – піша Натальля Васілевіч, – абсалютная большасьць якіх ніколі ня бачыла нікога іншага на Менскай катэдры.

Хто б як ні ставіўся да Філарэта, ён кіраваў так даўно, што непасрэдна асацыяваўся зь Беларускай праваслаўнай царквой, да назвы якой ніхто ніколі ў сьвецкай сытуацыі не дадаваў важную дэталь – Маскоўскага патрыярхату. Царква падавалася цалкам сваёй – беларускай.

І раптам усе, і вернікі, і нявернікі, і праваслаўныя, і беларусы іншых канфэсій абсалютна нечакана для сябе ўбачылі, што Масква, хай сабе рэлігійная, можа ўзяць, і даслаць у Беларусь начальніка.

Удзельнік праваслаўнай віртуальнай суполкі kovalevmedia піша сваім суразмоўцам з Расеі:

– Пры ўсёй залежнасьці нашай дзяржавы ад РФ, пры ўсёй аграмаднай сіле культурнага ўплыву, Беларусь – не Валагодзкая вобласьць. З гэтым фактам нельга не лічыцца.

У інтэрвію СТВ мітрапаліт Павел прызнаецца:

– Я яму кажу (патрыярху Кірылу): «Ваша сьвяцейшаства, я так палюбіў Разанскі край, можа быць кагосьці іншага туды ў Беларусію?» Уладыка кажа: «Вы палюбіце Беларусію».

Мацкевич Владимир:

– Прымус да любові? Штосьці ў гэтым знаёмае.

***
Новы мітрапаліт прыяжджае толькі сёмага студзеня, а ўжо ў беларускім сеціве адбылася кансалідацыя незнаёмых міжсобку людзей. Магчыма, з рознымі поглядамі, інтарэсамі, бачаньнем пэрспэктываў. Але аб'яднаных тым, што ў Беларусі прынцыповыя рэчы мусяць вырашаць самі беларусы.

Прыяцель нядаўна распавёў:

– Народ радуецца, што ў музычным праекце расейскай ТВ пад назвай «Голас» перамог беларус. А мне падабаецца, што ўсе збольшага пішуць хоць і па-расейску, але «беларус» – праз «а».

Гэтае «а» для мяне – як знак адрозьненьня, як першы крок да свайго, як значок з «Пагоняй», які я начапляў, ідучы ў школу, каб ўсе бачылі: гэта – маё.