Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.
ПАДЗЕІ ДНЯ
Менск. У Нацыянальным прэс-цэнтры – канфэрэнцыя амбасадара Расеі ў Беларусі Аляксандра Сурыкава. Пачатак у 11.00.
Менск. У музэі-майстэрні Заіра Азгура прэзэнтуецца фатаграфічны праект Яўгена Колчава «Скульптары вачыма скульптара». Частка II. «Партрэты калегаў». Пачатак у 17.30.
Харкаў. Пасяджэньне Кіеўскага раённага суду ў справе аб фінансавых злоўжываньнях Юліі Цімашэнкі на пасадзе кіраўніка Адзіных энэргетычных сыстэм Украіны.
ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1831 – Чарльз Дарвін узышоў на карабель «Бігль», каб выправіцца ў пяцігадовае падарожжа.
1918 – Рада БНР пераехала зь Вільні ў Горадню.
1932 – у СССР уводзіцца пашпартная сыстэма і абавязковая прапіска па месцы жыхарства. Пасьля кастрычніцкага перавароту 1917 году пашпарты ў Савецкім Саюзе былі адмененыя як адна з праяваў царскай адсталасьці і дэспатызму.
1934 – Пэрсія зьмяніла назву на Іран.
1945 – 28 краінаў-заснавальніц падпісалі дамову пра стварэньне
Сусьветнага банку.
1974 – пачала езьдзіць электрычка Менск-Барысаў.
1979 – савецкія войскі ўвайшлі ў Аўганістан.
1991 – Беларусь усталявала дыпляматычныя адносіны з Украінай.
2005 – на сайце Svaboda.org зарэгістраваны двухмільённы наведнік.
Дзень апостала і эвангеліста Яна
У гэты дзень нарадзіліся:
1595 – Багдан Хмяльніцкі, украінскі гетман.
1822 – Луі Пастэр, францускі хімік і бактэрыёляг, заснавальнік сучаснай мікрабіялёгіі ды імуналёгіі. Менавіта Пастэр прыдумаў тое, што цяпер называюць пастэрызацыяй.
1836 – Валеры Урублеўскі, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863-64.
1923 – паэт Анатоль Вялюгін.
1948 – францускі кінаактор Жэрар Дэпардзьё.
У гэты дзень памерлі:
1746 – кампазытар нямецкага паходжаньня Ян Голанд, які пісаў опэры ў Нясьвіжы пад апекаю Радзівілаў, а пасьля працаваў выкладчыкам у Віленскім унівэрсытэце.
1925 – паўстанец Зыгмунд Мінейка, які падчас паўстаньня Каліноўскага быў вайсковым кіраўніком у Ашмянскім павеце, а пасьля ўдзельнічаў у вайне Грэцыі з Турцыяй за востраў Крыт і стаў ганаровым грамадзянінам Грэцыі.
1964 – Мікалай Чуркін, кампазытар і фальклярыст.
1998 – Навум Кісьлік, пісьменьнік.
2010 – Тацяна Сапач, паэтка і журналістка.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ
Ня намі закладзены
гэты маркотны парадак:
на мове чужой гаворыць родны народ,
чужыя народы гавораць на родных мовах.
Але нам ня дадзена іншай Радзімы, калі
блакітам яе і самотай
спатолены погляд.
І можа таму, што жыцьцё,
нібы міг, кароткае,
на беднай,
на вечнай Радзіме
жыве чалавек.
Тацяна Сапач