На месца Філарэта прыйшоў мітрапаліт Разанскі

Мітрапаліт Філарэт

Сынод выказаў сардэчную падзяку правялебнаму мітрапаліту Філарэту за 35-гадовае архіпастырскае служэньне ў Беларусі і прызначыў мітрапалітам Менскім і Слуцкім мітрапаліта Разанскага і Міхайлаўскага Паўла
25 сьнежня 2013 г. у Маскве пад старшынствам Сьвяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла пачалося апошняе ў гэтым годзе пасяджэньне Сьвяшчэннага Сыноду Расейскай Праваслаўнай Царквы.

Удзельнікі пасяджэння мелі задаволіць прашэньне, пададзенае правялебным мітрапалітам Менскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым экзархам усяе Беларусі, аб вызваленьні яго ад абавязкаў у сувязі з дасягненьнем 75-гадовага ўзросту, паведамляе афіцыйны сайт РПЦ.

Сынод выказаў сардэчную падзяку правялебнаму мітрапаліту Філарэту за 35-гадовае архіпастырскае служэньне ў Беларусі, якое «адзначана выбітнымі царкоўнымі дасягненьнямі, такімі як адкрыцьцё 10 дыяцэзіяў, шматразовае павелічэньне колькасьці прыходаў, адкрыцьцё новых манастыроў, духоўных школ, усталяваньне дабразычлівага і канструктыўнага дыялёгу зь дзяржаўнай уладай і грамадзкімі арганізацыямі, падтрыманьне годнага ўзроўню міжканфэсійных адносінаў, удзел у зьнешняй дзейнасьці Маскоўскага Патрыярхату».


Мітрапаліт Разанскі і Міхайлаўскі Павел

Сынод прызначыў мітрапаліта Філарэта ганаровым Патрыяршым экзархам усяе Беларусі і падзякаваў Лукашэнку за гатоўнасьць забясьпечыць пражываньне і годны ўзровень бытавога і мэдычнага абслугоўваньня мітрапаліту Філарэту.

Новым мітрапалітам Менскім і Слуцкім стаў мітрапаліт Разанскі і Міхайлаўскі Павел. Мітрапаліт Павел (Панамароў Георгій Васільевіч) нарадзіўся 19 лютага 1952 году ў Карагандзе. Адметны тым, што працаваў у свой час у Аддзеле вонкавых царкоўных адносінаў.

Трыгубовіч: Гэта сьведчаньне актуальнасьці ідэі аўтакефаліі

Праваслаўная верніца, мастацтвазнаўца Валянціна Трыгубовіч пракамэнтавала Свабодзе прызначэньне мітрапаліта:

«Адно магу зазначыць, яно ляжыць на паверхні: гэтае прызначэньне — выразнае сьведчаньне несамастойнасьці сёньняшняй беларускай праваслаўнай царквы і актуальнасьці ідэі аўтакефаліі»

Новы мітрапаліт не ўяўляе, куды трапіў, — Васілевіч

Экспэрт у рэлігійных справах Натальля Васілевічлічыць, што трэба даць час новаму мітрапаліту, перш чым даваць якія-небудзь ацэнкі. Паводле яе словаў, мітрапаліт Павел зь Беларусьсю ніяк не зьвязаны і можа ня ведаць мясцовай спэцыфікі. А той факт біяграфіі, што Павел працаваў у Аддзеле вонкавых сувязяў — ня сьведчыць пра яго нейкі асаблівы статус.
Чытаць далей...

Лукашэнку не ўдалося прасунуць на пасаду мітрапаліта Фёдара Поўнага

Паводле праваслаўнага сьвятара Аляксандра Шрамко, новае прызначэньне сьведчыць пра тое, што Лукашэнка ня здолеў прасунуць на гэтую пасаду свайго стаўленіка. Ён піша ў сваім фэйсбуку:
«Нечакана шмат можна зразумець з афіцыйнай пастановы. Па-першае, гэта сюрпрыз для іерархіі БПЦ, паколькі задаволена прашэньне 3-гадовай даўніны, тое самае, якое па статуце павінен падаваць архірэй па дасягненьні 75-гадовага ўзросту.
Чытаць далей...



Біяграфія новага мітрапаліта

Мітрапаліт Павел (Панамароў Георгій Васільевіч) нарадзіўся 19 лютага 1952 году ў Карагандзе.

У 1973-1976 гг. вучыўся ў Маскоўскай духоўнай сэмінарыі. У 1980 г. скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя.

У 1977 прыняты пастрыжаны ў мантыю. У сакавіку 1978 пасьвечаны ў іерадыякана, у траўні — у іераманаха.

У 1979-1981 гг. — рэфэрэнт Аддзелу вонкавых царкоўных дачыненьняў .

З верасьня 1981 г. — сябра Рускай духоўнай місіі ў Ерусаліме. З ліпеня 1982 г. — намесьнік начальніка Місіі.

У 1983 г. Патрыярхам Ерусалімскім Дыядорам I узьведзены ў сан ігумена.

Зь ліпеня 1986 па ліпень 1988 — начальнік Рускай духоўнай місіі ў Ерусаліме.

У жніўні 1986 узьведзены ў сан архімандрыта.

Рашэньнем Сьвяшчэннага Сыноду ад 19 лютага 1992 прызначаны біскупам Зарайскім, які кіруе патрыяршымі прыходамі ў ЗША і часова ў Канадзе.

У 1999 г. прызначаны біскупам Венскім і Аўстрыйскім.

У 2001 г. узьведзены ў сан арцыбіскупа з тытулам Венскі і Будапешцкі .

З 7 мая 2003 г. — арцыбіскуп Разанскі і Касімаўскі .

Рашэньнем Сьвяшчэннага Сыноду ад 5-6 кастрычніка 2011 года прысвоены тытул Разанскі і Міхайлаўскі, прызначаны кіраўніком новастворанай Разанскай мітраполіі.

8 кастрычніка 2011 узьведзены ў сан мітрапаліта.

1980 г. — Маскоўская духоўная акадэмія (кандыдат багаслоўя)