Ужо сёньня, 25 сьнежня: у католікаў і пратэстантаў – сьвята Божага Нараджэньня, у Дзедаў Марозаў – хакей

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.
ПАДЗЕІ ДНЯ

Каталіцкія і пратэстанцкія вернікі сьвяткуюць Божае Нараджэньне.

«Калядны фэст» сярэднявечнай і фольк-музыкі пройдзе ў Менску.

Прадстаўнікі БХД падалі заяўку на правядзеньне ад 15 да 30 сьнежня сэрыі пікетаў у абарону музэя Максіма Багдановіча ў Менску (вуліца Багдановіча, 7а). Час плянаваных пікетаў ад 18.00 да 19.00.

Ад галоўнай ёлкі на Кастрычніцкай плошчы Менску а 12-й гадзіне мае пачацца шэсьце Дзядоў Марозаў і Сьнягурак. У ім маюць узяць удзел каля 800 казачных герояў. Адным з галоўных удзельнікаў шэсьця таксама мае быць сымбаль чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году зубар Волат, а Дзяды Марозы будуць гуляць у хакей.

У Раўбічах у Музэі беларускага народнага мастацтва да 1 сакавіка будзе працаваць выстава «Беларуская народная ікона ХІХ стагодзьдзя».

ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1891 – у Вішневе на Валожыншчыне нарадзілася Ўладзіслава Луцэвіч, жонка Янкі Купалы. 25 сьнежня прыйшлі на сьвет дзьве народныя артысткі Беларусі: у 1918-м нарадзілася Зінаіда Канапелька, а ў 1936-м – Лілія Давідовіч.

1980 – у цэнтры Менску міліцыя разагнала першую калядную працэсію, наладжаную студэнтамі зь «Беларускай Майстроўні» – арганізацыі, што стала пачаткам усяго арганізаванага адраджэнскага руху ў паваеннай Беларусі.

1991 – незалежная Беларусь была прызнаная найбуйнейшымі краінамі сьвету на чале з ЗША.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

Мне падабаецца ваш Хрыстос, мне не падабаюцца вашыя хрысьціяне. Вашыя хрысьціяне так не падобныя да вашага Хрыста.
Махатма Гандзі