Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.
ЁСЬЦЬ НАГОДА
У лацінскіх каталікоў і ўніятаў – Куцьця, пярэдадзень сьвята Божага Нараджэньня. Ва ўсіх каталіцкіх ды грэка-каталіцкіх парафіях урачыстыя набажэнствы ў другой палове дня.
У вернікаў на стале – посная Куцьця: 12 посных страваў і сена пад абрусам.
ПАДЗЕІ ДНЯ
Культурніцкая пляцоўка «Беларуская Прастора» запрашае на прэзэнтацыю аўдыёкніг Янкі Маўра «Палескія рабінзоны», «У краіне райскай птушкі» і насьценнага «Ваярскага календара». Прэзэнтацыя адбудзецца ў Пушкінскай бібліятэцы (вул. Гікалы, 4). Пачатак а 18-й гадзіне.
Менск. У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі стартуе сэрыя круглых сталоў, прымеркаваных да 85-годзьдзя Акадэміі. Пачатак аб 11.00. Пр. Незалежнасьці, 66, пакой 216.
Менск. У Чырвоным касьцёле адбудзецца служба ў гонар усіх слаўных людзей Беларусі, і ў прыватнасьці ў гонар дня нараджэньня Адама Міцкевіча. Пасьля службы ў сквэры каля Гарадзкога валу каля помніка паэту будуць выкананы калядныя песьні і вершы Міцкевіча.
Менск. У Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва адбудзецца адкрыцьцё выставы жывапісу Сяргея Грыневіча «Кастынг». Пачатак а 16.00.
Вёска Раўбічы (Менскі раён ), па 1 сакавіка. У Музэі беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах экспануецца выстава «Беларускі народны абраз ХІХ стагодзьдзя».
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1659 – Трынаццацігадовая вайна: маскоўскія войскі па пераходзе Буга захапілі Заблудаў і забілі месьцічаў, што схаваліся былі ў касьцёле.
1812 – вайна 1812 году: войскі Напалеона пакінулі тэрыторыю сучаснай Беларусі.
1920 – у Вільні выйшаў першы нумар газэты «Наша думка».
1951 – Лібія абвясьціла незалежнасьць ад Італіі.
1976 – у Гарадку адкрыўся краязнаўчы музэй.
1979 – СССР увёў войскі ў Афганістан.
У гэты дзень нарадзіліся:
1784 – Зарыян Далэнга-Хадакоўскі – беларускі археоляг, фальклярыст, этнограф, дыялектоляг.
1798 – Адам Міцкевіч, польскі паэт беларускага паходжаньня.
1891 – Адам Пучкар-Хмялеўскі, беларускі рэлігійны дзяяч.
1904 – Алесь Дудар, беларускі паэт, крытык, перакладчык.
У гэты дзень памерлі:
1524 – Васка да Гама, партугальскі падарожнік.
1863 – Уільям Тэкерэй, ангельскі пісьменьнік, аўтар раману «Кірмаш пыхлівасьці».
1942 – Вінцэнт Гадлеўскі, беларускі каталіцкі сьвятар, грамадзкі дзеяч, публіцыст, расстраляны немцамі. Ксёндз Гадлеўскі ўваходзіў у Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, стварыў Беларускую хрысьціянскую дэмакратыю і быў рэдактарам газэты «Крыніца», пераклаў Новы Запавет.
1982 – Люі Арагон, выбітны францускі пісьменьнік, крытык ды грамадзкі дзяяч.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ
Наш самы высокі набытак: Айчына, навука, сумленьне.
Адам Міцкевіч