Былы вязень Плошчы шукае ўправу на праграму Каліноўскага

Дзьмітры Новік

Былы палітвязень Дзьмітры Новік прапануе перагледзець крытэры адбору студэнтаў на польскую навучальную праграму імя Кастуся Каліноўскага. Да такой высновы ён прыйшоў пасьля таго, як сам два гады запар ня змог трапіць у гэтую праграму.
Пасьля памілаваньня ў верасьні 2011 году палітвязень Дзьмітры Новік не пасьпеў далучыцца да навучальнай праграмы. Наступныя спробы ў 2012 і 2013 гадах скончыліся нічым. Не залічылі і брата палітвязьня — Уладзімера Сіткевіча. У інтэрвію карэспандэнту Свабоды Дзьмітры патлумачыў:

«У 2012 годзе мы зьвярталіся непасрэдна да Іны Кулей, ці можа разам са мной мой брат прэтэндаваць на праграму. Яна сказала, што не, бо ён не палітвязень. З гэтым жа пытаньнем зьвяртаўся Ўладзімер Някляеў, і яна адказала: „Не“. Таму ў 2012 годзе я адмовіўся ад падачы дакумэнтаў празь яе. І мы не падавалі дакумэнты.

У гэтым годзе мы зьвярталіся ўжо ў польскую амбасаду. Як вынікае з маёй перапіскі з варшаўскай камісіяй праграмы, спачатку ўсё складалася нармальна, і я паведаміў, што дакумэнты пададзеныя. Мы чакалі запрашэньне на гутарку. Але яно не прыйшло. Мне патлумачылі, што паколькі мае дакумэнты былі пададзеныя несвоечасова, нас не запрасілі на інтэрвію. Я абурыўся і ў выніку даказаў ім, што дакумэнты былі пададзеныя своечасова праз амбасаду. Яны паднялі свае архівы і сказалі: так, дакумэнты былі пададзеныя ў тэрмін. І нам выслалі запрашэньне на інтэрвію. Я спытаўся, на які адрас дасылалі, калі з нас ніхто не атрымліваў? Я пастаянна прасіў паўтарыць гэтае запрашэньне. Аднак ніякага адказу не было ні праз тэлефон, ні праз скайп, ні праз электронную пошту. У выніку яны знайшлі, да чаго прычапіцца. У анкеце майго брата была пазначана скрыня yandex.ru. Але па змоўчваньні yandex.ru зьмяніў канчатак сэрвэра на BY. То бок ад нас гэта не залежала, і калі б было запрашэньне, то яно б прадублявалася на yandex.ru. Мы не атрымлівалі наогул ніякага запрашэньня на гутарку. А яны кажуць, што мы не зьявіліся своечасова, а Новік наогул не падаў дакумэнты».

Дзьмітры Новік спадзяваўся, што сытуацыю выправяць па гарачых сьлядах, калі зьвязаўся з камісіяй у жніўні. Урэшце, інтэрвію можна было правесьці і праз скайп, альбо яго маглі б запрасіць у Варшаву.

«Я ня зорка экрану, я палітвязень. Але мяне абурае, што ўжо каторы год на праграму збольшага абіраюцца людзі, якія нікому не вядомыя, не перасьледаваліся з палітычных матываў. Гэтае пытаньне варта даўно ўзьняць і паставіць рабром. Тым больш што ў Беларусі ўжо даўно няма ўсплёскаў незадавальненьня ўладамі, але паток рэпрэсаваных маладых беларусаў не зьмяншаецца.

Я ня ведаю, якімі прынцыпамі кіруецца спадарыня Кулей, калі яна адмаўляе палітвязьню і яго сваяку, хоць сёньня вучыцца, відаць, уся „Эўрапейская Беларусь“ і члены іх сем’яў. А Новік чамусьці не праходзіць са сваім братам. Чаму на праграме Каліноўскага вучыцца Максім Веткін? Гэта адзін зь фігурантаў справы адносна падпалаў машын у расейскай амбасадзе. Ён здаў сваіх саўдзельнікаў-анархістаў, якія сядзяць ці сядзелі. За супрацоўніцтва са сьледзтвам ён атрымаў мінімум: „хімію“ без накіраваньня, хоць артыкул прадугледжвае да васьмі гадоў пазбаўленьня волі. Чаму гэты чалавек вучыцца па праграме Каліноўскага? Тым больш што ён не палітвязень, а ўчыніў рэальнае злачынства. І, апроч прамых улік, Максім сам распавёў мне пра гэта падчас сумеснай адседкі на „Валадарцы“ ў камэры № 58».

Карэспандэнт: «На наступны год вы зьбіраецеся падаваць дакумэнты?»

Новік: «Я хацеў бы атрымаць ясныя тлумачэньні і выбачэньні ад прадстаўнікоў праграмы Каліноўскага. Я прывёў многа важкіх аргумэнтаў простага адфутбольваньня. Я хачу ведаць, чаму я дагэтуль ня там і хто адказны за гэта. Мне прыніжальна з году ў год безвынікова паўтараць спробы пошуку праўды і справядлівасьці. Проста недарэчнай выглядае сытуацыя, калі палітвязень вымушаны дамагацца справядлівасьці на фоне таго, як адказныя за набор палякі, нашы праваабаронцы і псэўдаапазыцыянэры ўвесь час кажуць пра польскую салідарнасьць і пра магчымасьці для маладых беларусаў з дэмакратычнымі памкненьнямі. Асабліва мяне абурае стаўленьне старшыні праграмы спадара Маліцкага, былога палітвязьня і кіраўніка польскай «Салідарнасьці». Ён не разьвязаў гэтую сытуацыю па гарачых сьлядах, а адказаў праз свайго сакратара, што «мы можам падаваць дакумэнты на праграму ў 2014 годзе».

Пасьля арышту Дзьмітрыя ягоны брат Уладзімер Сіткевіч вымушаны быў забраць дакумэнты з Баранавіцкага дзяржунівэрсытэту, ён браў удзел у акцыях салідарнасьці, затрымліваўся міліцыяй, і неабходныя даведкі былі прадстаўленыя. Пасьля зьняволеньня Дзьмітрыя ён пайшоў працаваць, бо ня мог сабе дазволіць вучыцца платна, бо заставаліся пэнсіянэры маці і бабуля. Усе афіцыйна завераныя даведкі зь Міністэрства адукацыі і зь міліцыі, а таксама фота пра яго ўдзел у мітынгах былі прадстаўленыя. Аднак, паводле палітвязьня, гэта ня ўзята пад увагу. Сёлета на праграму залічаны два палітвязьні — Сяргей Каваленка і Ўладзь Яроменак.
Пытаньне час ужо ставіць рабром, бо абсалютна выпадковыя людзі туды едуць

«Хто ўсе астатнія дзясяткі чалавек? Пытаньне час ужо ставіць рабром, бо абсалютна выпадковыя людзі туды едуць. Нароўні з тымі, для каго гэтая праграма і стваралася! Пытаньне якасьці адбору на праграму зусім не выпадковае: нядобрасумленных маладых людзей, гэтаксама як і нядобрасумленных праваабаронцаў, даўно варта пазбавіць магчымасьці паразытаваць на тэме псэўдадэмакратычнай дзейнасьці. А польскаму боку трэба перагледзець крытэры адбору на праграму і выдзяленьня сродкаў на ўтрыманьне і навучаньне псэўдапакутнікаў. Адметна, што ніхто з камітэту „Салідарнасьць“ не зьвязаўся з намі, каб высьветліць сытуацыю і паспрабаваць яе раьвязаць».

Дзьмітры Новік прапануе польскаму боку зрабіць шэраг захадаў: правесьці строгі аўдыт ужо адабраных кандыдатаў і вярнуць псэўдарэпрэсаваных на радзіму; увесьці больш строгія крытэры адбору стыпэндыятаў; адхіліць некампэтэнтных людзей ад працэдуры набору.

«Упэўнены, што гэтыя меры дазволяць больш аб’ектыўна і справядліва адбіраць кандыдатаў на праграму, а таксама скараціць выдаткі польскага боку на падтрымку гэтай праграмы. Дарэчы, для таго каб разьвязаць маю сытуацыю, я зьвяртаўся да вядомых апазыцыйных дзеячаў, а таксама зьвязваўся зь некаторымі прадстаўнікамі дыяспары ў Польшчы — Франкам Вячоркам, Андрэем Пачобутам, Зьмітром Бародкам і Юляй Слуцкай. Але ніякай дапамогі ці спробаў дапамагчы ад гэтых людзей ня ўбачыў».


Польскае бюро: спадар Новік не даслаў дакумэнтаў


У варшаўскім бюро стыпэндыяльнай праграмы імя Каліноўскага карэспандэнту Свабоды так патлумачылі сытуацыю вакол палітвязьня Дзьмітрыя Новікава.

«У наборы 2012/13 гадоў спадар Новік і яго брат не падыходзілі на рэкрутацыі. У нас няма дакумэнтаў кандыдатаў.

У наборы 2013/14 гадоў якраз спадар Новік не даслаў дакумэнтаў, якіх мы патрабуем ад кандыдатаў да праграмы. Адзінымі дакумэнтамі, які мы атрымалі ў аплікацыі кандыдата, быў яго здымак і копія артыкула з часопіса.

Спадар Сіткевіч даслаў нам усе патрэбныя дакумэнты, але не прыйшоў на прызначаную гутарку. Без кваліфікацыйнай размовы мы ня можам прыняць кандыдата на праграму. Інфармацыю ён атрымаў на э-мэйл. Пасьля выявілася, што не прачытаў гэтай інфармацыі, таму што ў анкеце, якую нам перадаў, напісаў няправільны адрас», — паведаміў старшы рэфэрэнт Мацей Вільчынскі.


Кулей: гэта абсалютна ягоная віна, не зьявіўся на гутарку


Іна Кулей

Старшыня Камітэту дапамогі рэпрэсаваным «Салідарнасьць», куратарка студэнцкай праграмы імя Каліноўскага Ірына Кулей апавяла, што дакумэнты прэтэндэнтаў на ўдзел у праграме падаюцца ў камітэт «Салідарнасьць», наўпрост у польскую амбасаду і наўпрост у бюро праграмы ў Варшаве. Абавязкова для пацьверджаньня факту рэпрэсіяў зьбіраецца рада праваабаронцаў, у якую ўваходзяць прадстаўнікі ўсіх праваабарончых арганізацый. На радзе праводзіцца гутарка з кожным кандыдатам, праверка дакумэнтаў і складаецца адмысловы пратакол са сьпісам прэтэндэнтаў, якія падпадаюць пад крытэры праграмы.

«У самога Новіка ніякіх пытаньняў не было б, калі б ён пайшоў на гэтую раду. Тыя дакумэнты, якія прыходзяць у амбасаду ці ў Варшаву, вяртаюцца да нас, бо гэты факт пацьверджаньня ўсё роўна трэба зрабіць. Дакумэнты Новіка і ягонага брата да нас не вярталіся, мы іх ня бачылі. Потым дакумэнты разам з пратаколам падаюцца ў амбасаду, дзе праходзіць акадэмічная камісія з удзелам прафэсараў і прадстаўнікоў бюро. І там адбываецца гутарка поўнасьцю на польскім баку. Дакумэнты паступаюць у бюро пра тых, хто прайшоў гутарку. І бюро з намі абменьваецца сьпісам тых, хто быў залічаны на праграму. Наколькі мы бачым па сваіх сьпісах, брат Новіка быў залічаны на праграму. Але ці ўзяў ён удзел, я сказаць не магу, бо наступныя дакумэнты пра тое, хто зьяўляецца студэнтам, мы атрымаем толькі пасьля зімовай сэсіі».

Спадарыня Кулей адзначае, што Новік і ягоны брат падавалі дакумэнты проста на амбасаду і не праходзілі праз праваабарончую раду. Таму рада мела толькі іхнія анкеты бяз поўнага пакета дакумэнтаў. У выніку рашэньне прымалася польскім бокам.

«Наш праўнік быў на адным мерапрыемстве, дзе супрацоўнікі амбасады да яго зьвярнуліся па характарыстыку Новіка. Той сказаў, што ня можа яе даць, бо сутыкаўся з Новікам толькі па справах рэпрэсіяў адразу пасьля Плошчы, калі дапамагалі яму, як і ўсім палітвязьням. Таму рашэньне было прынятае там».

У праграме могуць старацца ўзяць удзел дзеці палітвязьняў, гэта азначае, што іх маці альбо бацька — рэпрэсаваныя. А формы рэпрэсіяў могуць быць розныя: крымінальная ці адміністрацыйная справа, штрафы, вобшукі, звальненьне з працы, выключэньне з унівэрсытэту, улік у дзіцячым пакоі міліцыі. А, напрыклад, выклік у праваахоўныя органы ня ёсьць такой падставай. Брат Новіка трапляў у праграму па сваіх рэпрэсіях. Хоць проста як сваяк ён прайсьці ня мог. Як ня могуць прайсьці, да прыкладу, нечыя ўнукі.

Сёлета ў праграму трапілі Сяргей Каваленка і Ўладзь Яроменак. Але многія пайшлі на асьпіранцкую праграму. А некаторыя былі рэпрэсаваныя ў 2008–2009 гадах. Проста людзі захацелі вучыцца цяпер. Ёсьць дзеці актывістаў з рэгіёнаў, якія ня раз траплялі пад рэпрэсіі. У праграме таксама ёсьць дзеці грамадзкіх дзеячаў, бо ліквідацыя арганізацыі, скасаваньне яе юрыдычнага статусу, — гэта таксама рэпрэсіі супраць арганізацыі. Напрыклад, навучэнцы Коласаўскага ліцэю ідуць абсалютна без усялякіх праверак, бо там была рэпрэсія супраць навучальнай установы. Адносна Веткіна спадарыня Кулей патлумачыла:
Ён сам мусіў прыйсьці і здаць дакумэнты. Яму падалося, што нешта ня так, і ён занёс дакумэнты ў амбасаду

«Здаў сваіх саўдзельнікаў, ня здаў... Па-першае, практыка таго, як кажа Новікаў: „Я зьвяртаўся празь Някляева“. Тут няма ніякай прыналежнасьці да партыі ці арганізацыі, ці лепшага стаўленьня да нейкай групы. Камітэт ёсьць зборнікам дакумэнтаў. Мы працуем з усімі групамі і нават тымі, хто не належыць да нейкай арганізацыі. Таму ён сам мусіў прыйсьці і здаць дакумэнты. Яму падалося, што нешта ня так, і ён занёс дакумэнты ў амбасаду. Другі падыход, што там сказалі, што гэты чалавек такі і такі. У яго наяўнасьць рэпрэсіяў, і праваабарончая рада прымае рашэньне па кандыдатуры. Цягам апошніх трох гадоў гэта поўны склад праваабарончых арганізацыяў. Таму рашэньне прымалася не па тым, здаваў ён некага ці не здаваў. Рашэньне прымалася па тым, наколькі ён мае права кандыдаваць на праграму, і па яго адукацыйных паказчыках. Бо атэстат таксама разглядаецца».

Карэспандэнт: «Калі ёсьць нейкія тэхнічныя накладкі пры падачы дакумэнтаў, ці можна прайсьці размову праз скайп, напрыклад? Альбо запрасіць чалавека ў Варшаву?

Кулей: «Трапіць на праваабарончую раду праблемы няма. Калі абсалютна зразумела, што рэпрэсіі ёсьць, як у таго ж Новіка, то на раду ён можа і не прыходзіць. Ён мог проста паведаміць, што будзе адсутнічаць у гэты час. Ні ў кога няма сумневаў, што ён можа кандыдаваць на гэтую праграму, бо ў яго была крымінальная справа. І тут нават пытаньняў няма. А вось гутарка з польскім бокам — гэта значна больш складана. Просім нікуды не зьяжджаць, адсочваць сваю пошту. Там прызначаюць дзень і гадзіну, калі чалавек абавязкова мусіць быць. Чалавек можа патэлефанаваць нам, і мы кажам, калі яму трэба быць. У нас было толькі некалькі выпадкаў: для кандыдатаў, затрыманых на „маўклівых акцыях“, была прызначана паўторная гутарка ў Варшаве. Тады за іх папрасілі праваабаронцы. У нас было, калі маладафронтаўка зьехала на гэты час — і прапусьціла год. Як лічыць польскі бок, гэта ўсё ж адказнасьць самога чалавека, ён мусіць паказаць сваё жаданьне вучыцца. І ад Дзьмітрыя залежала, наколькі ён сур’ёзна ставіўся да сваіх абавязкаў як будучы студэнт. Гэта не таму, што яго нехта не хацеў прыняць. Гэта залежала толькі ад яго самога. Ён можа кандыдаваць на праграму абсалютна ўпэўнена. Бо ён палітвязень».

Карэпандэнт: «Ці могуць трапіць на праграму нейкія выпадковыя людзі?»

Кулей: «Не. За гэта мы нясем поўную адказнасьць, і мы абсалютна ўпэўненыя, што на праграме ня можа быць выпадковых людзей. Аднак бывае, што могуць уключацца людзі самой амбасадай ці бюро праграмы паводле нейкіх іншых крытэраў, калі ён з Саюзу палякаў. У нас былі такія прыклады — два-тры чалавекі. Але яны не праходзілі празь беларускую праваабарончую лесьвіцу, а былі ўключаныя пазьней. Мы таксама ведаем пра гэтых людзей. Але гэтыя людзі таксама не зьяўляюцца выпадковымі».