Пасьля прысуду Юры Данькоў заявіў, што супроць яго сьведчылі на загад міліцыі

Юры Данькоў

Маскоўскі суд Менску пакараў уладальніка казіно «Данькоў-клюб» Юрыя Данькова 8 гадамі зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
Юрыя Данькова суд апраўдаў толькі паводле аднаго з пунктаў абвінавачаньня — не знайшлося ягонай віны ў распаўсюдзе парнаграфіі. А што да іншых 6 пунктаў — арганізацыя прытону, уцягваньне ў прастытуцыю, нясплата падаткаў ды іншыя — віна ўладальніка аднаго з самых першых беларускіх казіно, паводле суду, даказаная. Паколькі суд быў закрыты, меркаваць пра доказы можна толькі ўскосна. У прысудзе прагучала прозьвішча спадарыні Дудзінскай, якой Данькоў мусіць сплаціць 10 мільёнаў рублёў кампэнсацыі. Верагодна, гэта яна давала паказаньні супроць асуджанага. Яшчэ ў прысудзе фігуруюць больш за 5 мабільных тэлефонаў і айфон, якія суд канфіскуе як рэчавыя доказы.

Пра тэлефонныя размовы як доказы Юры Данькоў пасьпеў распавесьці журналістам, перад тым як яго вывелі з жалезнай клеткі ў кайданках. Юры Данькоў ва ўсім абвінаваціў замежную групоўку, якая, паводле яго, кантралюе гульнявы бізнэс у зьвязцы зь нядобрасумленнымі міліцыянтамі:

«Турэцкая групоўка дзейнічае разам з ГУБОПам. У іх не было падстаў мяне затрымаць ці нешта мне выставіць. Дык яны падаслалі гэтых сьведак. Тыя толькі праз тэлефон са мной пагаварылі, і ўсё. Гэта чыстае завалодваньне бізнэсам. А тут — публічная лупцоўка, каб запалохаць астатніх».

Карэспандэнт: «Чаму тады справа была закрытая?»

«Бо нібыта разглядаліся акалічнасьці інтымнага характару, больш нічога. Але насамрэч ніякай таямніцы ў гэтым не было. Я буду абскарджваць прысуд, буду змагацца. Буду дамагацца апраўданьня».

Your browser doesn’t support HTML5

Вырак Данькову: 8 гадоў турмы і 1 мільярд сплатаў


Раней пракурор прасіў суд пакараць Юрыя Данькова 9 гадамі калёніі. Даведацца пра тое, як прадстаўнік абвінавачаньня паставіўся да мякчэйшага на год прысуду, не ўдалося — пракурор адразу пасьля выраку сышоў з залі. Адвакаты Юрыя Данькова камэнтаваць прысуд адмовіліся, спаслаўшыся на адсутнасьць дазволу калегіі. Але прысуд актыўна камэнтавалі сваякі асуджанага. Натальля, жонка Данькова, была нешматслоўная:

«Вельмі расчараваная нашым правасудзьдзем: мы людзі бяспраўныя. І тое, што адбываецца з маім мужам, гэта пацьвярджае. Гэтая ўся гульня — гульня ў адны вароты. Некаму спатрэбілася, і той прызначыў тэрмін. А правасудзьдзе — вельмі несправядлівае. Я вельмі разгубленая».

На агалошваньне прысуду прыйшлі і дзеці Юрыя Данькова. З жалезнай клеткі Юры змог ім сказаць некалькі словаў і ўсьміхнуцца. Швагерка Людміла ня верыць, што бацька чатырох дзяцей Юры Данькоў — злачынца.

Швагерка Людміла


«Юры — выдатны сын. У ягонай маці былі ампутаваныя ногі амаль цалкам, але ён насіў яе на руках. Калі былі якія застольлі сямейныя, ён яе просіць, каб была разам з намі. І дзеці ягоныя выдатныя, у яго іх чацьвёра. І каб яму вось так пад корань сваімі рукамі ўсё гэта сячы — ня веру».

Прыйшоў падтрымаць сына і 83-гадовы бацька асуджанага. Пётар Данькоў лічыць, што сына асудзілі несправядліва, гэта зрабілі людзі, якія зайздросьцілі ягонаму посьпеху. Пётар Данькоў патлумачыў, чаму ягоны сын насіў быў прозьвішча Шыцік, а стаў Даньковым: гэта, аказваецца, ня новае прозьвішча, а вяртаньне да каранёў:

Пётар Данькоў


«Наша кроўнае прозьвішча — Даньковы. Бацьку майго, маіх дзядзькоў раскулачылі, і стаў я сынам кулака. А потым прыйшоў да маці айчым — Шыцік. Пачалася вайна, айчым пайшоў у партызаны, і тады стаў я сынам партызана. А за гэта нас сталі паліцаі ціснуць. Ня столькі немцы прыціскалі, як паліцаі. Зьехалі мы ў савецкі тыл, а там кажуць, што ўсе мусім быць Шыцікамі. Гэтак стаў я Шыцікам. А ўжо потым, пасьля вайны аднавіў сваё кроўнае прозьвішча Данькоў».

Пра Юрыя Данькова на пачатку 2000-х гадоў выйшла кніга — «Нашчадак зьнявечаных лёсаў». У той час Юры Данькоў вызначыўся ня толькі ў бізнэсе. Ён быў дэпутатам Менскага гарсавету, займаўся дабрачыннай дзейнасьцю, у тым ліку дапамагаў дзіцячым установам, спансіраваў культурныя мерапрыемствы, апекаваўся бяздомнымі жывёламі. У 2001 годзе Юры Данькоў спрабаваў стаць прэзыдэнтам, але не сабраў патрэбнай колькасьці галасоў, каб зарэгістравацца кандыдатам. Сёньня пасьля суду Юрый Данькоў выключыў магчымасьць таго, што да яго перасьледу спрычынілася палітыка.

Юры Данькоў у маладосьці. Фота з кнігі «Нашчадак зьнявечаных лёсаў»

Сямейны альбом. Фота з кнігі «Нашчадак зьнявечаных лёсаў»

Юры Данькоў у часы дэпутацтва. Фота з кнігі «Нашчадак зьнявечаных лёсаў»