Алесь Макаеў: Мне падабаецца, калі людзі пераадольваюць страх

Алесь Макаеў

23 сьнежня адбудзецца суд над прадпрымальнікам Алесем Макаевым, якому інкрымінуецца арганізацыя несанкцыяванага мітынгу ў мястэчку Грозава, дзе ў лістападзе грамадзкія актывісты ўшаноўвалі памяць слуцкіх паўстанцаў. Перасьледаваны за акцыі на Случчыне не ўпершыню, ён лічыць сваім абавязкам штогод такім чынам нагадваць пра Слуцкае паўстаньне ды ягоных герояў. Што пабуджае прадпрымальніка да гэткай дзейнасьці — ён раскажа ў «Вольнай студыі».

— Алесь, вас не ўпершыню зьбіраюцца судзіць «за Слуцкае паўстаньне». Здаецца, тое самае вам ставілі ў віну і летась?

— Так, у мінулым годзе мяне аштрафавалі на 5 мільёнаў рублёў. Сёлета вінавацяць у тым самым — арганізацыя несанкцыяванага мітынгу. Мітынгам лічыцца ўшанаваньне памяці паўстанцаў пад беларускімі сьцягамі, з малітвамі, з прамовамі каля памятнага крыжа ў аграгарадку Грозава. Там стаіць крыж у гонар ваяроў з 2-га Грозаўскага палка. Такія ўшанаваньні мы робім традыцыйна шмат гадоў. Леташні штраф я не сплаціў. Накіраваў абскарджаньне ў Вярхоўны суд, дзе справа дагэтуль разглядаецца. Можа, таму так доўга, што я ў апэляцыі патлумачыў: акцыі памяці ў Беларусі замінае праводзіць менавіта Лукашэнка, і прыклаў экпэртызу доктара Шчыгельскага адносна псыхічнага стану кіраўніка Беларусі. Я разумею, што гэта падпадае пад ужо крымінальны кодэкс — дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь, паклёп на прэзыдэнта. Але хай дакажуць, што гэта няпраўда.

— Дык вы сваёй апэляцыяй можаце значна пагоршыць сваё становішча.

— Становішча магу пагоршыць. Але ў Беларусі ўсё пагаршаецца — стан нашага грамадзтва, сытуацыя зь беларускай мовай і гісторыяй. І таму стан гэты трэба паляпшаць хоць такім мэтадам, дзіўным на першы погляд. Як мне падаецца, гэта ўсё мае лягічную сувязь. Стан кіраўніка краіны і тое, як ён кіруе краінай, што ён зрабіў з падзелам уладаў, з выбарамі. А паглядзіце, які перасьлед ідзе патрыётаў Беларусі, якія ўшаноўваюць гістарычныя падзеі, пра большасьць якіх беларусы, на жаль, сёньня ня ведаюць. З падручнікаў па гісторыі дарэшты выкідаюцца тыя зьвесткі, якія даваліся ў школах цягам апошніх дваццаці гадоў.

— Што вы чакаеце ад суду 23 сьнежня?

— Што будзе — тое будзе. Я ведаю, што судоў назалежных у нас, на жаль, няма. Ведаю, што згодна з артыкулам 37 Канстытуцыі, калі ўказ, дэкрэт або закон ёй не адпавядаюць, павінна дзейнічаць Канстытуцыя. Людзі маюць права зьбірацца і маліцца ў гонар слуцкіх змагароў, якія аддавалі свае жыцьці за тое, каб Беларусь была незалежнай.

Алег Трусаў, Хведар Нюнька, Алесь Макаеў і Вячка Целеш на Лукішках у Вільні. Сакавік 2013 г.


— Вы прадпрымальнік, у вас ёсьць свая крама на сталічным Ракаўскім кірмашы. Вам, відаць, калегі задаюць пытаньне: навошта ты, Алесь, лезеш у палітыку? Гандляваў бы сабе ціха...

— А вось не атрымліваецца ціха гандляваць. Я рады, што падзеі вакол Слуцкага паўстаньня абвяргаюць вядомыя высновы Карла Маркса, што прадпрымальнікі задушацца за прыбытак. А вось і ня так, не задушымся. Хоць мы сёньня ў Беларусі вымушаныя працаваць кожны дзень, паколькі пазбаўленыя права выкарыстоўваць наёмную працоўную сілу. Зразумела, у такія дні я не працую, нясу страты. Але ўзамен атрымліваю духоўны, эмацыйны ўздым, бачу добрых людзей, размаўляю зь імі. Мне падабаецца, калі людзі пераадольваюць страх, становячыся пад бел-чырвона-белыя сьцягі ў Слуцку ці Грозаве.

— Тры гады таму ў Менску была Плошча, быў разгон, былі масавыя рэпрэсіі. Майдан у Кіеве стаіць ужо больш за тры тыдні. Ён стаіць таму, што яго так брутальна не разганяюць, ці таму, што там дух у пратэстоўцаў зусім іншы?

Вакол менскай Плошчы і кіеўскага Майдану — выразны сьлед Расеі і Пуціна, менавіта Лубянкі
— Вядома ж, сытуацыя ў Кіеве і Менску адрозьніваецца. У нас няма незалежных дэпутатаў, няма тых судоў, якія маюць украінцы, няма магчымасьцяў зьбірацца. У чым падабенства, дык гэта ў тым, што вакол менскай Плошчы і кіеўскага Майдану — выразны сьлед Расеі і Пуціна, менавіта Лубянкі. Пуцін — прамы нашчадак тых сілаў, якія праводзілі імпэрскую палітыку, вынішчалі нацыянальную сьвядомасьць беларусаў, нашу гісторыю і культуру. Зразумела, што тыя мільярды, якія 20 гадоў ідуць у Беларусь з Расеі, гэта прамыя датацыі за зьнішчэньне беларускай мовы, нацыянальнай гісторыі і культуры, каб адрадзіць імпэрыю, каб мы ізноў былі «малодшымі братамі».

— Тры гады прайшло пасьля Плошчы-2010, а за кратамі па-ранейшаму застаецца кандыдат на прэзыдэнта Мікола Статкевіч. Чаму ён стаў ворагам № 1 для беларускай улады?

— Тут, мабыць, дае пра сябе знаць псыхічны стан Лукашэнкі. Мікола Статкевіч найбольш зачапіў яго падчас тэлевыступаў. Усе пачулі крылатую фразу: «Злазь з даху, ня псуй гонту!». Гэта трапны народны выраз, і ён, мабыць, сапраўды закрануў самалюбства Лукашэнкі, які цяпер помсьціць Міколу. Статкевіч — адзін з тых лідараў, які можа павесьці за сабой народ, можа выстаяць на плошчы, зрабіць наш беларускі Майдан, які зрыне гэтую ўладу. Нельга людзей дурыць бясконца, людзі павінны прачнуцца рана ці позна. Беларусы цяжкія на пад’ём, але калі ўжо ўстануць, то — паўстануць. Я ніколі не забуду той кароткі подых свабоды 19 сьнежня 2010 году, калі ўвесь праспэкт Незалежнасьці быў поўны сьцягамі, сьветлымі людзкімі тварамі. Але гэта было толькі да плошчы Незалежнасьці, дзе людзей чакалі амапаўцы. Зразумела, на вайну наш народ не зьбіраўся, ён зьбіраўся на мірны пратэст.

— «Я маўчу, маўчу, трываю...». І трываньне гэтае, як выглядае, бясконцае. Вось з новага году будзе ўведзены падатак на аўто, які закране практычна кожную беларускую сям’ю. І — ціха. Што ў Беларусі можа паслужыць каталізатарам пратэстных настрояў?

— Найперш — змяншэньне заробкаў на буйных прадпрыемствах, пра якое ўжо гаварыў Лукашэнка. У нармальных краінах у такіх выпадках прафсаюзы падымаюць людзей. У Беларусі ж усё вырашае адзін чалавек. У нас на першым месцы ўлада, на другім — яе паслугачы, якія абслугоўваюць гэтую ўладу. А прадпрымальнікі — проста «вашывыя блохі». Гэты выраз мы заўсёды згадваем, калі нас прыціскаюць. Хоць, як задумацца, як наогул блыха можа быць вашывай? Бязглузьдзіца поўная. Ва Ўкраіне каталізатарам пратэстных настрояў паслужыла рашэньне Януковіча адмовіцца ад эўраінтэграцыі. У Беларусі гэта таксама можа спрацаваць. Людзі бачаць эўрапейскі дабрабыт, ведаюць, як улада ставіцца да людзей у Эўропе, і бачаць хлусьню на нашым тэлебачаньні, дзе мантажуюцца кадры пра брутальныя разгоны акцый пратэсту. Гэта робіцца, каб апраўдаць разгон нашай Плошчы, зьбіцьцё мірных людзей. Бачыце — мы нават газ сьлезацечны не ўжываем... Прыйдзе час і на беларускі мільённы майдан — я ў гэтым перакананы.
Прыйдзе час і на беларускі мільённы майдан — я ў гэтым перакананы

— Паміж судамі, праваабарончай і ўласна прадпрымальніцкай дзейнасьцю ці пасьпявааеце вы сачыць за культурным жыцьцём? Што для вас асабіста стала культурнай падзеяй 2013 году?

— Мяне вельмі ўразіла кніга нашага выбітнага драматурга Францішка Аляхновіча «У кіпцюрах ГПУ». Яна напісаная яшчэ ў 30-я гады мінулага стагодзьдзя, але я на яе толькі цяпер натрапіў. Кніга мяне прабрала літаральна да дрыжыкаў і стала для мяне адкрыцьцём. Прачытаўшы яе, я далучыўся сёлета да ўшанаваньня памяці Аляхновіча ў Вільні, на могілках Росы. Гэта таксама мяне вельмі кранула — нягледзячы на холад, мы ўсклалі кветкі, запалілі сьвечкі, памаліліся, прасьпявалі «Магутны Божа»... Сымбалічна, што заснаваную сёлета прэмію імя Францішка Аляхновіча атрымаў палітвязень Ігар Аліневіч, аўтар кнігі «Еду ў Магадан». Кніга — праўдзівае сьведчаньне пра сёньняшнія катаваньні ў турмах, прычым ня толькі палітзьняволеных. Можна правесьці паралель — апісаныя Аляхновічам катаваньні не засталіся ў мінулым, яны працягваюцца. Яны і не адыдуць у мінулае, калі не адбудзецца суд над тою сыстэмай, якая тыя катаваньні спарадзіла. Як быў асуджаны нацызм, так павінен быць асуджаны і камунізм — каб усё не паўтарылася ў будучыні. Калі падзеі ня будуць асуджаныя, яны могуць паўтарыцца.