Чаму беларусы мараць пра карту паляка

Сяргей Астраўцоў

На гарадзенскай вуліцы сустракаюцца заклапочаныя людзі: як атрымаць карту паляка? Вось гэта мара! А ты яшчэ ня маеш? Я? Я – не. У мяне й падстаў няма. І ў мяне не асабліва, здаецца, але нібыта бабка ў першую клясу польскай школы хадзіла, трэба толькі даказаць. Але ж зразумела, што магла вучыцца ў польскай, бо іншых некалі не было! Можна сустрэць занятых пошукам хоць дзясятай часткі польскай крыві ў сваіх жылах. І як яны гэта толькі вызначаюць, цікава? А вось іншым прасьцей – дзед служыў у Войску Польскім або нават удзельнічаў у абарончай вайне 1939 году.

Адзін знаёмы краязнаўца любіць мяне падчапіць: беларусы, маўляў, у першых шэрагах кінуліся карту паляка атрымліваць, патрыёты толькі на словах! Але на гэты дакумэнт могуць разьлічваць нашчадкі ўсіх жыхароў (грамадзянаў даваеннай Польшчы) былых «крэсаў», якія былі амаль да Віцебска. Сёньня яны жывуць па ўсёй Беларусі, перамяшаліся, перажаніліся з жыхарамі былой Усходняй. Гэта можа азначаць, што празь нейкі час цэлая краіна, умоўна кажучы, цераз аднаго чалавека будзе больш любіць не Беларусь, а Польшчу, якая разам з картай паляка дае канкрэтныя льготы. Польшча ў гэтым выпадку выступае як надзейны прафсаюз. Скажам, як «Салідарнасьць». Ён працягвае табе руку, падстаўляе плячо. Жаданьне запісацца – масавае. Хто адмовіцца? Калі твой «прафсаюз» цябе не абараняе? Толькі вылічвае з твайго заробку на сваё ўтрыманьне. Ад яго толькі й чакай неспадзеўкі. То заробкі раптам абясцэняцца ў тры разы, то начальства абзаве прыніжальнай мянушкай «народзец».

На памежным пераходзе ў Кузьніцы Беластоцкай у аўтобус заходзіць польскі сяржант-балака зьбіраць пашпарты. У многіх дзяўчат і кабет, у дзесяці-дванаццаці, карта паляка. Ім сяржант задае з усьмешкай пытаньні ў рэчышчы заліку на атрыманьне гэтай карты. Дзень канстытуцыі, Дзень незалежнасьці? Маёй суседцы выпадае пытаньне «зь сівых вякоў»: хто быў першым польскім каралём? Баляслаў Хробры, адказвае. Сяржант робіць вялікія вочы: толькі другі раз за ўвесь час чую правільны адказ, прызнаецца!

Адкуль пайшла, уласна кажучы, карта паляка? Нагадаю: 2005 год. Горадня. Зьезд Саюзу палякаў. Беларускае начальства абуранае: выбралі кіраўніком не ягонага чалавека. Як? Чаму?! Не бываць такому! Хто ў хаце гаспадар? Мінюст адмяняе вынікі. Паступае «парада» паўторна сабраць дэлегатаў і выбраць патрэбнага чалавека (кандыдатура ліхаманкава шукаецца). Цяпер абурана кіраўніцтва СПБ, выконваць яно адмаўляецца. І пачынаецца няроўная барацьба: міліцыя, арышты, суд. Заканчваецца ўсё ўваходам Амапу ў сядзібу СПБ у Горадні, затрыманьнем тых, хто там знаходзіўся. Пасьля гэтага міліцыянты ўзялі будынак «пад ахову» ад актывістаў.

Улада зрабіла іншы, свой Саюз палякаў, ранейшы стаў паўлегальным. І яго цяпер да сканчэньня «бестэрміновага» тэрміну сёньняшняга начальства хіба што не зарэгіструюць. Часам няёмка было назіраць за новымі кіраўнікамі беларускіх палякаў, кандыдатуры якіх адпавядалі начальству. Адзін, напрыклад, ня быў членам СПБ і не валодаў польскай мовай, прэс-канфэрэнцыі пасьля свайго абраньня (ці прызначэньня?) праводзіў на расейскай.

На што начальства ўвогуле разьлічвала: што Польшча будзе па-ранейшаму даваць грошы, а яно – камандаваць, як жыць Саюзу палякаў? Словам, караць і мілаваць на ўласны капыл? Вельмі наіўна! У яго што: лішнія грошы былі, каб самому фінансаваць цяперашні, свой СПБ? Сумнеўна. Раскажу даволі паказальны сьвежы прыклад. Мяне папрасілі знайсьці артыкул з часопісу «Magazyn Polski», з таго часу, калі арганізацыю яшчэ ніхто не турбаваў. Дзе шукаць? У бібліятэцы СПБ, тым больш нагода зірнуць – што робіцца ў «праўладным». На дзьвярах (бібліятэка на цокальным паверсе) – абвестка на расейскай мове «Ушла в отдел переработки». Калі выходзіў з будынку, зьверху адчынілася фортка і даволі прыгожая кабетка па-расейску запыталася, чаго мне трэба? Я не без зьдзіўленьня адказаў на польскай. Назаўтра абвестка пра «отдел переработки» была па-ранейшаму на месцы. Я падняўся паверхам вышэй, дзьверы да кіраўніцтва СПБ былі замкнутыя.

На наступны дзень патэлефанаваў у бібліятэку і пачуў аўтаадказьнік: па гэтым тэлефоне вы цяпер дазваніцца ня можаце, накшталт гэтага. Я пайшоў трэці раз. Але цяпер ужо на вуліцы на дзьвярах будынку СПБ чакала, таксама на расейскай мове, цыдулка асабіста для мяне: бібліятэкар, маўляў, на бальнічным і будзе хварэць яшчэ амаль цэлы месяц.

Чаму ж начальства вырашыла ў 2005-м «паставіць на месца» СПБ? З чаго ўвесь сыр-бор узьнік? Хіба што са службовага дакладу аб дзейнасьці Саюзу палякаў. Усё было разабрана па костках. Выснова: дзеці членаў СПБ карыстаюцца прывілеямі – атрымліваюць гуманітарную дапамогу, рэгулярна езьдзіць у летнія лягеры ў Польшчы адпачываць. У іх узьнік комплекс «вышэйшасьці», што стварае нездаровую абстаноўку ў школах, астатнія вучні адчуваюць сваю хібнасьць, асабліва калі дзеці членаў СПБ пахваляюцца перад імі.

Нацыянальныя пачуцьці – справа далікатная. У такіх выпадках кажуць: вымагае хірургічнай віртуознасьці, а не «конскіх дактароў». Нагадаю: у адказ Польшча праз тры гады – у 2008-м пачала выдаваць карту паляка, каб дапамагчы польскай меншасьці.

Ня выключана, у нацыянальнай палітыцы начальства бярэ за ўзор Сталіна (ня ведаючы іншых). Аднак ён як-ніяк даў дазвол стварыць БССР і дазволіў беларусізацыю, а толькі потым перайшоў да рэпрэсій. А яно пачало з закрыцьця беларускіх школ, з ганеньняў за беларушчыну.

Няёмка назіраць, як яно спрабуе перашкодзіць распаўсюду карты паляка. Прымае нейкія пастановы, забароны. Але цьвяроза: адзінае выйсьце хоць нейк ня страціць колеру твару – абвесьціць карту беларуса. Але гуляць не на сваім полі яно ня ўмее і ня будзе. Навошта яму замежныя беларусы, калі свае не патрэбны? Яно зьдзекліва, непрыхільна, са смакам абзывае іх «сьвядомымі». Таму яны, сьвядомыя беларусы, усё болей глядзяць у бок Польшчы, на яе надзеі ў душы песьцяць. Дарэчы: самым актыўным беларускім дзеячам, журналістам, пісьменьнікам зь Беластоку не даюць беларускія візы.

Паўсюдна ў цане сьвядомыя, толькі нашаму начальству падавай несьвядомых, «беларусаў па пашпарту». Каб ні рыба, ні мяса. Такімі кіраваць лягчэй, само сабой. Не шкада начальству беларусаў, для яго яны ўсяго толькі «народзец». Аднак ня ўсе згаджаюцца зь мянушкай.

Напачатку году называлася лічба – выдадзена сорак дзьве тысячы картаў паляка, але ніхто ня ведае – колькі яшчэ людзей яе атрымала і атрымае ў будучыні. Ахвотных толькі болей становіцца. Асноўнае, як выглядае, жаданьне чалавека: значыць, ён знаходзіць нейкія падставы. Ну й трэба вывучыць нескладаныя рэчы: колеры польскага сьцяга, некалькі датаў і фразы – «дзень добры», «дзенькуе бардзо», «до відзэня».

З абмеркаваньня на сайце: «Жаданьне польскіх уладаў дапамагаць сваім суайчыньнікам і вярнуць на радзіму сваіх грамадзянаў (так напісана) зразумелае і пахвальнае. Ды вось толькі хочуць атрымаць карту паляка людзі, каторыя не заўсёды нават ведаюць, як выглядае герб ці сьцяг Польшчы». Нам невядома, ці гэта сапраўды так, але самі гарадзенцы прыдумалі анэкдот: у чарговага наведніка пытаюцца – ці ведаеце польскі гімн? Ён падскоквае. А хто ж яго ў нашым горадзе ня ведае? «Сто лят, сто лят!»

Як сьцьвярджаў некалі Сакрат Яновіч, ці ня ў кожным зь беларусаў можа знайсьціся кропля габрэйскай крыві. Ну, а пра польскую – тым больш ня варта турбавацца. Так што ня выключана: празь нейкі час начальства раптам даведаецца да сваёй радасьці, што паменшала нарэшце сьвядомых беларусаў, і да смутку – што палякаў сьвядомых, наадварот, стала значна болей (чаго яно, канечне, зусім не жадала). І можа пашкадуе нарэшце, што неабачліва «наехала» некалі на польскіх актывістаў. Аднак «цягнік» сыходзіць усё далей, і адваротны рэйс не прадугледжаны. Niestety, на жаль.