Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.
ПАДЗЕІ ДНЯ
Менск. «Праваабаронцы за свабодныя выбары» запрашаюць на прэс-канфэрэнцыю, прысьвечаную пачатку кампаніі маніторынгу выбараў у мясцовыя саветы. Адбудзецца ў офісе праваабарончага цэнтру «Вясна» (вул. Мяржынскага, 8, офіс 26). Пачатак аб 11.00.
Менск. У офісе кампаніі «Гавары праўду» – прэс-канфэрэнцыя «Народныя пытаньні, якія выносяцца на Народны рэфэрэндум». Пачатак а 11.00.
Менск. Прэзэнтацыя новай мадэлі прафіляктыкі ВІЧ/СЬНІД у Беларусі адбудзецца ў гатэлі Crowne Plaza. Пачатак а 10.00.
Менск. Адкрыцьцё выставы-кірмашу «Млын» – падарункі і сувэніры ручной працы ў Менску». Будзе праходзіць з 20 па 22 сьнежня у выставачным цэнтры «Белэкспа». Удзельнічаюць больш за 500 майстроў і дызайнэраў з усёй Беларусі, а таксама з Расеі, Украіны і краінаў Балтыі.
Менск. У Нацыянальным гістарычным музэі адкрыецца выстава «Нацыянальныя скарбы Ўкраіны».
Менск. У кнігарні «Логвінаў» – прэзэнтацыя пятага выпуску часопісу «Макулатура». Пачатак а 19.00.
Менск. Абласная бібліятэка імя Пушкіна запрашае на прэзэнтацыю дзіцячай кнігі-казкі «Цудоўныя прыгоды ліцьвінскай прынцэсы ў Дацкім каралеўстве» Натальлі Бадзілоўскай. Пачатак а 16.00.
Пасёлак Азярцо (Менскі раён). У Музэі народнай архітэктуры і побыту адбудзецца прэзэнтацыя экспазыцыі капліцы зь вёскі Каралеўцы. Пачатак а 12.00.
Мястэчка Мір (Карэліцкі раён, Гродзенская вобласьць). У Мірскім замку адкрываецца выстава «Дух часу і раскошы: мода і стыль 1820-1920 гадоў» з прыватнай калекцыі Ігара Сурмачэўскага. Пачатак а 16.00 у Партрэтнай залі замку. Выстава будзе доўжыцца да 30 траўня 2014 году.
ЁСЬЦЬ НАГОДА
Дзень супрацоўніка органаў дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь. У аснове ляжыць падзея расейскай гісторыі. 20 сьнежня 1917 году ў Расеі была створаная Ўсерасейская надзвычайная камісія – ВЧК. А ўзначаліў яе ўраджэнец Беларусі Фэлікс Дзяржынскі.
У Жэнэве пройдуць трохбаковыя кансультацыі пасярэднікаў у вырашэньні сырыйскага канфлікту з удзелам ААН, ЗША і Расеі.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1836 – нарадзіўся Мэндэле Мойхер Сфарым, пісьменьнік, заснавальнік новай габрэйскай клясычнай літаратуры. Прыйшоў на сьвет у беларускім Капылі.
1840 – нарадзіўся Казімер Альхімовіч, мастак-рамантык, удзельнік паўстаньня Каліноўскага.
1860 – нарадзіўся філёляг і этнограф, акадэмік Яўхім Карскі.
1890 – нарадзіўся гісторык Язэп Ядкоўскі, які стварыў Гарадзенскі гісторыка-археалягічны музэй.
1890 – нарадзіўся Аскар Марыкс, адзін з заснавальнікаў беларускага прафэсійнага дэкарацыйнага мастацтва, тэатральны мастак, графік, пэдагог, народны мастак Беларусі.
1910 – нарадзіўся Вітаўт Тумаш, дзеяч беларускай дыяспары ў ЗША.
1927 – упершыню ў гісторыі прысвоенае званьне народнага артыста Беларусі. Атрымаў яго драматург, актор і рэжысэр Уладзіслаў Галубок, у 1937-м замучаны ў засьценках НКВД.
1937 – у Менску карнымі органамі НКВД былі расстраляныя гісторык прафэсар Васіль Дружчыц і мовазнавец акадэмік Сьцяпан Некрашэвіч.
1968 – памёр амэрыканскі пісьменьнік Джон Стэйнбэк.
2001 – скончыў жыцьцё самагубствам гомельскі актывіст незарэгістраванага маладзёвага руху «Зубар» Андрэй Зайцаў. Яму было 24 гады, і прычынай ягонае сьмерці калегі называюць псыхалягічны ціск на хлопца з боку супрацоўнікаў КДБ.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ
Чым больш старым робіцца чалавек, тым больш ён супраціўляецца пераменам, асабліва пераменам да лепшага.
Джон Стэйнбэк