Майдан чакае ад уладаў тлумачэньня маскоўскай ласкі

На плошчы Незалежнасьці ў Кіеве прыхільнікі эўраінтэграцыі Ўкраіны будуюць новыя і ўмацоўваюць старыя барыкады.
Як паведаміў карэспандэнт Радыё Свабода, Эўрамайдан будзе стаяць, як мінімум, да Калядаў.

Яго ўдзельнікі не выключаюць, што за расейскую фінансавую дапамогу Ўкраіне прэзыдэнт Віктар Януковіч паабяцаў разагнаць лягер пратэстоўцаў на цэнтральнай плошчы Кіева.

У Вярхоўнай Радзе, дзе апазыцыя працягвае блякаваць працу парлямэнту, таксама чакаюць ад улады тлумачэньняў – на якіх умовах Масква зьніжае для Ўкраіны на 30% кошт на расейскі газ і дае крэдыт 15 мільярдаў даляраў.

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель заявіла, што ўлады Ўкраіны ў любой сытуацыі абавязаныя забясьпечыць права грамадзян на мірныя дэманстрацыі і выконваць базавыя дэмакратычныя прынцыпы.

Міністар замежных справаў Швэцыі Карл Більт выказаў у твітэры меркаваньне, што расейскія крэдыты затрымаюць правядзеньне неадкладных эканамічных рэформаў ва Ўкраіне і мадэрнізацыю, на якой настойвае ЭЗ.

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў зноў абвінаваціў Захад у ціску на Ўкраіну.

У сераду прэм'ер-міністар Украіны Мікалай Азараў заявіў, што, дзякуючы расейскаму крэдыту і паніжэньню цаны на газ, Кіеў мае магчымасьць прыняць бюджэт на 2014 год.

Азараў таксама паведаміў, што ўрад ухваліў падпісаньне пяці пагадненьняў з Эўразьвязам, сярод іх – дамоўленасьці аб правядзеньні праграм у рамках «Усходняга партнэрства», праграмы супрацоўніцтва ў галіне ядзернай бясьпекі, шэраг экалягічных праектаў.

Майдан у Кіеве