Што стаіць за шчодрасьцю Пуціна?

Віктар Януковіч і Ўладзімер Пуцін

Што можа абазначаць закупка Расеяй украінскіх дзяржаўных аблігацый на 15 мільярдаў даляраў, а таксама адчувальная зьніжка ў цане на расейскі газ для Ўкраіны, пра што ў Маскве ўчора дамовіліся ўкраінскі і расейскі прэзыдэнты? Меркаваньні экспэртаў.
Расейска-ўкраінскія дамоўленасьці па цане газу яшчэ не завершаныя. Такое меркаваньне ў інтэрвію Свабодзе выказаў украінскі экспэрт па энэргетычных пытаньнях Аляксандр Нарбут. На ягоную думку, Масква і ў далейшым будзе дамагацца кантролю за ўкраінскай газатранспартнай сыстэмай:

Аляксандар Нарбут

«Спадар Пуцін сказаў, што гэтая цана часовая. Якіх аб’ёмаў газу яна тычыцца, таксама незразумела. Мабыць, часовы характар у тым, што не забясьпечаныя тыя ўмовы, якія маглі б даваць больш ўстойлівыя гарантыі атрыманьня газу па гэтай цане. А гарантыямі могуць быць канструкцыі, якія мы ўжо бачылі на беларускім прыкладзе. Кансорцыюм — гэта назва таго, што стаіць за гэтым. А за гэтым стаяць намеры Расеі атрымаць поўны і незваротны кантроль за магістральнымі газаправодамі і падземнымі сховішчамі газу».

У аўторак «Газпром» і «Нафтагаз Украіны» ў прысутнасьці прэзыдэнтаў дзьвюх краін падпісалі дадатак да кантракту ад 19 студзеня 2009 года. Падпісаны дакумэнт дазваляе Ўкраіне купляць у «Газпрома» газ па цане 268,5 даляраў за тысячу кубамэтраў, тады як цяпер яна складае больш за 400 долараў.

Палітоляг Уладзімір Фясенка ў інтэрвію ВВС назваў шчодрасьць Пуціна апэрацыяй «Выратаваць прэзыдэнта Януковіча»:

Уладзімер Фясенка

«Д’ябал хаваецца ў дэталях. І мы пакуль не ведаем гэтых дэталяў. Пуцін дапамагае Януковічу ўтрымацца. Ўтрымацца, перш за ўсё, сацыяльна-эканамічна, таму што ва Ўкраіне вельмі складаная фінансавая і эканамічная сытуацыя. Калі б яна пагаршалася, гэта б аслабіла палітычны рэжым Януковіча і ўзмацніла рызыкі яго зьвяржэньня або ў бліжэйшы час, або на прэзыдэнцкіх выбарах.

З іншага боку, за кошт гэтых дамоўленасьцяў фактычна закрываецца шлях для Януковіча на Захад, вяртаньне да дамоўленасьцяў з ЭЗ. Зараз ён будзе прывязаны да Расеі і гэты «газавы наркотык» выкарыстоўваецца, каб трымаць ўкраінскіх кіраўнікоў на «газавай іголцы».

Валеры Чалы, палітоляг з Украінскага цэнтра эканамічных і палітычных дасьледаваньняў імя Разумкова:

Валеры Чалы

«Многія экспэрты чакалі, што прэзыдэнт Расеі не прыме прэзыдэнта Ўкраіны ў сытуацыі, калі ў таго ня вырашаныя ўнутрыпалітычныя пытаньні.

Але, мабыць, ступень кампрамісу з боку ўкраінскага прэзыдэнта настолькі задаволіла расейскі бок, што было прынятае рашэньне завяршыць гэтую зьдзелку цяпер.

Для мяне відавочна, што выбар прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч зрабіў яшчэ да паездкі ў Вільню, дзе не было падпісанае пагадненьне аб асацыяцыі з ЭЗ».

Сяргей Таран, дырэктар Міжнароднага інстытута дэмакратыі перакананы, што праблема ў грошах:

Сяргей Таран

"Майдан — гэта, вядома, вельмі сур’ёзна для Януковіча, але гэта не вырашальны фактар пры прыняцьці рашэньняў. Таму што калі краіна будзе ў стане дэфолту, то стаіць Майдан ці не — гэта ўжо іншая справа. Грошы трэба браць аднекуль, нягледзячы на Майдан. У Захаду грошы ён браць не хоча, таму што тады трэба выконваць нейкія рэформы.

Майдан паўплываў на тое, што Януковіч і нават Азараў пачалі адмаўляцца (прынамсі публічна) ад ідэі Мытнага саюза. Але Майдан не паўплываў той факт , што Ўкраіне патрэбныя грошы. Калі заўтра ня будуць забясьпечаныя сацыяльныя выплаты, Майдан зьбярэ яшчэ больш людзей",— заявіў спадар Таран у інтэрвію ВВС.