24 сьнежня, напярэдадні Калядаў, на тэлеканале «Белсат» адбудзецца прэм’ера дакумэнтальнага фільму «Каханьне па-беларуску».
Стужку пра каханьне і змаганьне за свабоду моладзевых актывістаў, былых палітвязьняў Насты Палажанкі і Зьмітра Дашкевіча зьнялі рэжысэры Вячаслаў Ракіцкі і Андрэй Куціла. Гэты творчы тандэм нарадзіўся тры гады таму, адразу пасьля драматычных падзеяў на Плошчы 2010 году. Тады Вячаслаў і Андрэй зьнялі два дакумэнтальныя сэрыялы «Сьцяна» і «Краты», пабудаваныя на аснове маналёгаў людзей, зьняволеных за ўдзел у мітынгу на Плошчы Незалежнасьці ў Менску ў зьвязку з фальсыфікацыяй вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Пасьля творчы дуэт Ракіцкі-Куціла стварыў фільмы «Дарога Статкевіча» і «Выбар Саньнікава», а да першай гадавіны Плошчы 2010 году сьвет пабачыў гадзінны фільм «Даволі! Да волі...» таксама іхняга аўтарства.
Адзін з аўтараў новага фільму пра незвычайнае каханьне па-беларуску:
— Спадар Вячаслаў, вашыя апошнія фільмы сюжэтна абапіраюцца на падзеі Плошчы 2010 году. «Каханьне па-беларуску» — гэта адыход ад гэтай трагічнай для гісторыі сучаснай Беларусі падзеі?
— Не зусім так. Гэтым фільмам мы завяршаем тэму Плошчы-2010. Але ў гэтым фільме, адрозна ад папярэдніх, няма ніводнага брутальнага кадра: ні таго, як разганялі дэманстрантаў, ні крыві. Хіба што адзін кароткі плян у залі суду. Але ў фільме закранаецца тэма жыцьцёвых наступстваў. Ён не наўпрост пра Плошчу, якая, тым ня менш, засталася перадгісторыяй і вынесеная ў кароткі пралёг фільму. Калі коратка, стужка перадусім пра тое, як каханьне, вера і сіла духу перамагаюць зло.
— Каханьне — ці ня самая папулярная тэма фільмаў усіх часоў і народаў. Як вы лічыце, ці змаглі вы сказаць нешта новае?
— Думаю, так. Таму што ў нашым фільме паказаны абсалютна ўнікальны варыянт разьвіцьця гэтага пачуцьця, якім ёсьць каханьне ў экстрэмальных умовах: каханьне праз калючы дрот, каханьне праз турэмныя муры. Каханьне, адданасьць блізкім — пакуль што ў сучаснай Беларусі адзінае, што можа разбурыць муры. Глядзіце. У турме роўна год таму перад Калядамі пабраліся Наста і Зьміцер. У турме пабраліся былы кандыдат на прэзыдэнта Мікола Статкевіч і Марына Адамовіч. У розныя камэры турмы былі кінутыя муж і жонка Андрэй Саньнікаў і Ірына Халіп. У турме ажаніўся дэмакратычны актывіст Павал Вінаградаў, і за тыдзень да арышту — палітвязень Алесь Кіркевіч. Зь перадачамі ля турэмных муроў стаялі жонкі соцень іншых дэмакратычных актывістаў. Каханьне гэтых жанчын дапамагала і дапамагае палітвязьням перанесьці пакуты, катаваньні, маральныя і фізычныя зьдзекі. Пра такое ўнікальнае каханьне мы і расказваем у фільме. І ў гэтым сэнсе і фільм становіцца ўнікальным, бо ў ніводнай краіне Эўропы ў наш час ён ня мог бы зьявіцца. Гвалт такога ўзроўню захоўваецца толькі ў Беларусі.
— Хто галоўны герой у «Каханьні па-беларуску» — Наста, Зьміцер, каханьне, змаганьне за каханьне ці нешта яшчэ?
— Галоўны патас фільму — у каханьні і веры. Цэнтральныя героі — Наста і Зьміцер, але на экране мы бачым пераважна Насту. Зьміцер зьяўляецца толькі ў хроніцы апошніх кадраў. Але цягам фільму ён чуе Насту, ён чытае яе лісты і піша ёй, размаўляе зь ёю з-за муроў. Там, натуральна, мы не маглі здымаць. Таму ў цэнтры нашай увагі была Наста, якая пасьля свайго выхаду з засьценкаў КДБ пачала ўпартае змаганьне за сваё і Зьмітра каханьне, узяла адказнасьць і за сям’ю свайго абраньніка, і за «Малады фронт». Яна ўзваліла на свае юныя плечы вялізны цяжар, вытрымала яго і перамагла. Менавіта гэтая яе самаадданасьць падтрымлівала Зьмітра. У нас два галоўныя героі: у кадры — Наста, па-за кадрам — Зьміцер.
— У фільме шмат увагі аддадзена ліставаньню Насты і Зьмітра. Як адбывалася праца зь іхнымі лістамі?
— Увесь сюжэт пабудаваны на ліставаньні герояў. Безумоўна, кожны разумее, якая гэта далікатная рэч — чытаць чужыя лісты, фактычна гэта ж азначае ўрывацца ў асабістае жыцьцё іншых. І тут для нас было самае цяжкое перажываньне. Падчас працы над фільмам мы прачыталі больш за 1000 лістоў. Яны пісалі вельмі шмат. Лісты ад Зьмітра Наста ўкладала ў асобныя файлы і стварала вялікія тэчкі. Лісты ад Насты Зьміцер вынес у вялікіх торбах з сабой з гарадзенскай турмы. Гэтыя лісты Наста і Зьміцер перадалі нам. З гэтай процьмы лістоў мы адабралі дзясятак урыўкаў, празь якія і прачыталі іхнюю драматычную гісторыю.
— У вашым фільме фінал — шчасьлівы ці трывожны?
— Шчасьлівы, калі казаць пра вызваленьне і шлюб герояў на момант канца расказанай намі гісторыі. Але ў шырокім сэнсе, паводле абагульненьня, шчасьлівым яго нельга назваць, і ён ня мог такім быць. Абставіны, якія прымусілі іх перажыць такую драматычную гісторыю, не зьмяніліся. Беларусь застаецца тою ж, як і да арышту Насты і Зьмітра. Таму паўтарэньне іхняга лёсу цалкам магчымае і імі ж самімі, і сотнямі іншых дэмакратычных актывістаў. Вось жа, і сам Зьміцер знаходзіцца пад прэвэнтыўным наглядам і ўжо нават быў арыштаваны на трое сутак па адміністрацыйнай справе. Колькі дзён таму на тры месяцы зноў пасадзілі маладафронтаўца Ўладзя Яроменка, жонка якога цяпер цяжарная. Тры гады піша лісты за краты Міколу Статкевічу ягоная жонка Марына Адамовіч. Разлучаная сям’я Андрэя Саньнікава і Ірыны Халіп. Гэты сьпіс, на жаль, можна працягваць. Ніводзін дэмакратычны актывіст у Беларусі ня можа быць упэўнены, што яго ня кінуць за краты, што яго родным ня будуць пагражаць, ня будуць іх шантажаваць дзецьмі. Таму — так, у фільме каханьне перамагае, але гэта не перамога ў маштабах дзяржавы. Пакуль Беларусь застаецца ў тым стане, у якім яна ёсьць, каханьне па-беларуску, пра якое мы расказалі, працягваецца.