Паводле яе прэзыдэнт Віктар Януковіч, які накіраваўся ў Маскву на сустрэчу з прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным, дабраўся да міжнароднага аэрапорту «Барыспаль» на гелікоптэры. З раніцы каля 200 удзельнікаў Эўрамайдану з плякатам «Януковіч, паварочвай у Эўропу» сталі ў шэраг каля Барыспальскай шашы ў чаканьні Януковіча.
Сустрэчы Януковіча з Пуціным заплянаваная на 15 гадзінаў маскоўскага часу, потым прэзыдэнт Украіны возьме ўдзел у пасяджэньні ўкраіна-расейскай міждзяржаўнай камісіі.
Як паведаміў на сваёй старонцы ў Twitter галоўны рэдактар радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў, прадстаўнікі Януковіча папрасілі Крэмль не праводзіць прэсавую канфэрэнцыю прэзыдэнтаў па выніках сёньняшняга падпісаньня расейска-ўкраінскіх дакумэнтаў, «расейскі прэзыдэнт будзе адказваць на прэсавай канфэрэнцыі 19 сьнежня, а Януковіч – у Кіеве» – напісаў Венядзіктаў.
Мяркуецца, што па выніках пасяджэньня камісіі будзе падпісаны пакет дакумэнтаў – усяго каля 10. Як заявіў напярэдадні прэм'ер-міністар Украіны Мікалай Азараў, «будуць падпісаныя дакумэнты, якія павінны зьняць практычна ўсе супярэчнасьці ва ўзаемным гандлі дзьвюх краін. Гаворка ідзе як аб мытным афармленьні, гэтак і аб стандартызацыі».
Ключавой на перамовах стане і газавая тэма. «Ёсьць пратакол , які падрыхтаваны для падпісаньня паміж «Газпромам» і «Нафтагазам Украіны». Нейкая канкрэтная цана там пакуль не пазначаная. Падыход такі: гэтая цана не павінна быць вышэй за сярэднеэўрапейскую» – паведаміў кіраўнік фракцыі Партыі рэгіёнаў у парлямэнце Аляксандар Яфрэмаў.
Ня выключана, што па выніках перамоваў будзе абнародаванае рашэньне аб расейскім крэдыце Украіне. «Сытуацыя ва Ўкраіне зараз такая, што без крэдытаў краіна проста ня зможа падтрымаць эканамічную стабільнасьць. Я не выключаю, што крэдыт, калі будзе просьба аб ім, будзе дадзены» – заявіў памочнік Пуціна Андрэй Белавусаў.
Украінская апазыцыя перасьцерагаецца, што Януковіч у Маскве падпіша дакумэнты аб далучэньні краіны да мытнага саюзу Беларусі, Казахстану і Расеі. У сувязі з гэтымі перасьцярогамі апазыцыя ладзіць сёньня на Майдане ў Кіеве чацьвёртае Народнае веча.
Пра гэта напісала ў сваім Facebook прэсавы сакратар лідэра парлямэнцкай фракцыі «Бацькаўшчына» Арсеня Яцанюка Вольга Лапо.