Алесь Бяляцкі назваў закрыцьцё музэя Багдановіча «шкодніцтвам»

16 сьнежня палітвязень Алесь Бяляцкі, патэлефанаваўшы з Бабруйскай калёніі сваякам, выказаўся наконт афіцыйных плянаў ператварыць музэй Максіма Багдановіча ў філію.
Пра гэта «Свабодзе» паведаміла жонка праваабаронцы Натальля Пінчук.

«Алесь вельмі ўзрушаны тым, што адбываецца з музэем Багдановіча. Ён сказаў наступнае: «Пазбаўленьне юрыдычнага статусу адназначна вядзе да скарачэньня фінансаваньня і кадравага патэнцыялу музэя. Пляны на адкрыцьцё музэя і „Беларускай хаткі“ пасьля рамонту адкладаюцца на няпэўны тэрмін. Між тым музэй не працуе ўжо больш за 2 гады, „Беларуская хатка“ — каля 8 гадоў. Гэтая сытуацыя ўрэшце вядзе да высяленьня музэю з будынку. Экспазыцыя музэю — гэта ўнікальны мастацкі праект, зьнішчэньне экспазыцыі — гэта шкодніцтва і парушэньне аўтарскіх правоў. Экспазыцыя ўяўляе сабой мастацкую каштоўнасьць, за яе афармленьне яшчэ ў 1993 годзе атрымаў дзяржаўную прэмію мастак, аўтар мастацкай канцэпцыі Эдуард Агуновіч. Не рэагуючы на гэтыя падзеі, цяперашняе кіраўніцтва музэю робіць няправільна. Вядома, што прасьцей ні за што ня несьці адказнасьці, але дырэктар — гэта і мэнэджэр, і знакавая фігура. І ён павінен адстойваць навуковую і культурную рацыю зьберажэньня музэю. Вакол сытуацыі з музэем захоўваецца і ўладнае маўчаньне. Але ў выніку гэтак званай „аптымізацыі“ тысячы людзей будуць пазбаўленыя магчымасьці далучыцца да сьвету Максіма Багдановіча. Наносіцца ўдар па беларускай культуры», — перадала словы мужа Натальля Пінчук.

Сытуацыю пра музэй Багдановіча Алесь ведае з лістоў, якія яму пішуць у турму.

Старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі працаваў дырэктарам музэю Максіма Багдановіча з 1989 па 1998 год. Пад ягоным кіраўніцтвам была адкрытая экспазыцыя музэю і трох ягоных філіяў. Гэта «Беларуская хатка», «Фальварак Ракуцёўшчына» і экспазыцыя ў расейскім Яраслаўлі, дзе жыў слынны беларускі паэт.

Палітвязень Алесь Бяляцкі адбывае 4,5 года зьняволеньня ў калёніі ў Бабруйску.