Бойка паміж туркмэнскімі і беларускімі студэнтамі ў Баранавічах

Паводле паведамленьняў у твітэры 13 сьнежня ў Баранавічах адбылася бойка паміж студэнтамі мясцовага унівэрсытэту.
«60 туркмэнаў напалі на 8 беларусаў. Палкамі аднаму галаву праламалі і зламалі ногі» — напісана ў адным з паведамленьняў.



Спраўдзіць гэтыя зьвесткі не ўдалося. У прыёмнай БарДУ тэлефон не адказвае. Дзяжурны Баранавіцкага аддзелу міліцыі адказаў, што інфармацыі мэдыям яны не прадстаўляюць. Між тым паводле паведамленьняў наведнікаў twitter, сёньня шмат міліцыянтаў бачылі ў інтэрнатах унівэрсытэту на вуліцы Войкава, дзе жывуць і туркмэнскія студэнты. Міліцыя нібыта не выключала, што мясцовая моладзь учыніць нейкія дзеяньні ў адказ.

Таксама у інтэрнэце знайшоўся заклік да студэнтаў старшыні прафкаму супрацоўнікаў БарГУ Паўла Папко.

«Пераканаўчая просьба да ўсіх замежных студэнтаў, якія вучацца ў БарГУ — захоўваць спакой, выконваць законы РБ, нават пры спробах правакацыйных дзеяньняў, пра якія просім неадкладна інфармаваць адміністрацыю. У дадзены момант сытуацыя знаходзіцца пад кантролем праваахоўных органаў г. Баранавічы і адміністрацыі ўнівэрсытэту».