Ужо сёньня, 16 сьнежня: першае публічнае чытаньне вершаў Багдановіча ў абарону ягонага музэю

Пісьменьнікі супраць закрыцьця Музэя Максіма Багдановіча. Генадзь Бураўкін, Барыс Пятровіч, Уладзімер Арлоў

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.
ПАДЗЕІ ДНЯ

Менск. Прыхільнікі творчасьці Максіма Багдановіча, абураныя весткай аб ліквідацыі музэя клясыка, адгукнуліся на заклік вядомых літаратараў і зьбіраюцца на ганку музэя Багдановіча ў Траецкім прадмесьці, каб чытаць вершы паэта. Пачатак а 18.00.

Менск. У Музэі гісторыі беларускага кіно (вул. Сьвярдлова, 4) адбудзецца паказ дакумэнтальных музычна-этнаграфічных кінафільмаў паводле сцэнароў і палявой рэжысуры Зінаіды Мажэйкі. У праграме: «Палескія калядкі» (1972), «Галасы стагодзьдзяў» (1979), «Памяць стагодзьдзяў» (1982) , «Крывыя вечары» (1993), «Рух зямлі» (1999). Падчас паказу і абмеркаваньня фільмаў адбудзецца віншаваньне юбіляркі. Пачатак а 16.00.

ЁСЬЦЬ НАГОДА

Дзень незалежнасьці Казахстану

Нарада міністраў замежных справаў Эўразьвязу ў Брусэлі

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1388 – першая згадка Маладэчна ў пісьмовых крыніцах.

1918 – у Вялейцы было абвешчана пра стварэньне Літоўскай савецкай рэспублікі. Такім чынам бальшавікі ўтваралі паўсюль прамаскоўскія ўрады, бо імкнуліся запабегчы ўзьнікненьню незалежных рэспублік. Гэтак Беларуская савецкая рэспубліка была створана ў Смаленску, а Літоўская, як бачым, на тэрыторыі сучаснай Беларусі, у Вялейцы.

1951 – у Мюнхене быў створаны Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку – адна з найбольш значных культурных установаў беларускае эміграцыі.

1986 – у Алма-Аце адбыўся масавы выступ моладзі («Жэлтаксан») супраць рашэньня пленуму ЦК КПК, на якім першым сакратаром ЦК быў прызначаны рэкамэндаваны Масквой Генадзь Колбін. Пазьней быў вылучаны лёзунг «самавызначэньня», супраць маніфэстантаў ужылі сілу, некалькі чалавек былі забітыя. У студзені 1987 году Пленум ЦК КПСС назваў падзеі ў Алма-Аце «праявай казахскага нацыяналізму».

1991 – Казахстан абвясьціў незалежнасьць.

2011 – адбыўся расстрэл мітынгу нафтавікоў у Казахскім горадзе Жанаазэн. Паводле афіцыйных зьвестак, загінулі 17 чалавек, паводле неафіцыйных – 90.

У гэты дзень нарадзіліся:

1770 – кампазытар Людвіг ван Бэтховэн. Ён і жыў у часы падзелаў Рэчы Паспалітай, меў сяброўскія дачыненьні з паўстанцамі Касьцюшкі, якія апынуліся ў эміграцыі і нават выкарыстоўваў у сваіх творах іхныя запісы беларускага фальклёру.

1909 – Лукаш Калюга, беларускі пісьменьнік.

1939 – Алег Бембель, беларускі філёзаф, паэт, публіцыст, дысыдэнт, праваслаўны манах.

1946 – Сяргей Законьнікаў, беларускі паэт, журналіст, публіцыст.

1955 – Слава Корань, гітарыст і вакаліст, лідэр рок-гурта «Ўліс».

У гэты дзень памерлі:

1583 – Іван Фёдараў (сапраўднае прозьвішча Федаровіч), сярэднявечны ўсходнеэўрапейскі друкар, пачынальнік друкарскай справы ў Маскоўскай дзяржаве і ва Ўкраіне. Паходзіў з дробнай заходнебеларускай шляхты, падпісваўся родавым гербам Рагозаў «Шранява».

1904 – Антоні Вільгельм Радзівіл, вайсковы дзяяч Прусіі. Генэрал артылерыі, 14-ты ардынатар нясьвіжскі, 11-ты ардынатар клецкі, меў вялікія зямельныя ўладаньні ў Прусіі.

1977 – Марыя Калас, амэрыканска-грэцкая сьпявачка (драматычнае сапрана), адна з найвялікшых опэрных сьпявачак XX стагодзьдзя.

1978 – Яніна Глебаўская, беларуская акторка. Працавала ў трупе беларускага дзяржаўнага тэатру імя Якуба Коласа ў Віцебску.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

У тым, што страхам край заліты,
Ёсьць частка і маёй віны.
Прыходзяць вершы, як малітвы,
Але бясьсільныя яны.

Радок балючы кроў усьпеніць,
Ён здольны верыць і любіць...
І ўсё ж вісіць віны скляпеньне,
Якое словам не прабіць.

Сяргей Законьнікаў