У чужыя рукі

Валер Карбалевіч

Вясной было абвешчана, што да канца гэтага году ў Беларусі павінна быць створаная расейская вайсковая авіябаза. Нават знайшлі месца — пад Лідай. Ужо сярэдзіна сьнежня, а базы няма.
10 сьнежня міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу паведаміў Уладзіміру Пуціну, што расейская авіябаза будзе разгорнутая ў Беларусі ў 2014 годзе. Беларускія афіцыйныя асобы маўчаць на гэты конт. Між тым, зьявілася інфармацыя, што зьвяно з чатырох расейскіх зьнішчальнікаў Су — 27П перабралася на аэрадром беларускай авіябазы ў Баранавічах і зь 10 сьнежня заступіла на баявое дзяжурства ў небе Беларусі. Колькасьць расейскіх вайскоўцаў (лётчыкі і тэхніка) — больш за 20 чалавек. Экіпажы будуць знаходзіцца тут на ратацыйнай аснове, мяняцца кожны месяц.

Было спадзяваньне, што Лукашэнка скарыстаецца з нагоды і ў пятніцу, падчас наведваньня 5-й асобнай брыгады спэцыяльнага прызначэньня сілаў спэцыяльных апэрацыяў Узброеных сілаў Беларусі, нешта растлумачыць. Але дарэмна — кіраўнік дзяржавы прамаўчаў.

Сытуацыя сапраўды незразумелая. 22 гады беларускія Узброеныя сілы абаранялі краіну самі. І вось сёлета тут раптам зьяўляецца расейская авіяцыя, і пачынаецца сумеснае баявое дзяжурства. Узьнікла нейкая рэальная вонкавая пагроза Беларусі? — Дык не. Калі гэта рэакцыя на швэдзкі «плюшавы дэсант», дык яна даволі дзіўная. Зьнішчальнікі Су — 27П не прызначаныя для адсочваньня і зьнішчэньня паветраных аб’ектаў, якія нізка лётаюць.

Статус гэтых расейскіх зьнішчальнікаў, умовы, на якіх яны будуць тут базіравацца, невядомыя. Ці то самалёты зьявіліся замест сталай авіябазы, ці то паралельна зь ёй? Часова ці на сталай аснове? Ці будзе там ядзерная зброя?

Можна выказаць гіпотэзу, што палітычнае кіраўніцтва дзьвюх краінаў не дамовілася аб расейскай авіябазе. Не сышліся ў кошце. І ў якасьці кампрамісу вырашылі, што пакуль самалёты РФ на сталай аснове будуць базіравацца на аэрадроме, які належыць Узброеным сілам Беларусі.

Ці азначае гэта, што зараз па камандзе з Масквы зь беларускай тэрыторыі будуць узьлятаць самалёты зь незразумелымі мэтамі і зь невядомым кіраўніцтву Беларусі грузам, магчыма, зь ядзернымі баявымі зарадамі? У такім выпадку гэта значыць, што краіна абмяжоўвае свой ваенны сувэрэнітэт. І прэзыдэнт Беларусі перастае быць Галоўнакамандуючым усімі Узброенымі сіламі на тэрыторыі краіны. Ці ўсё ж беларускі бок будзе мець права кантролю, права валодаць «другой кнопкай»?

Цяжка ўявіць, што Масква пагодзіцца на такія ўмовы, паводле якіх выкарыстоўваць гэтыя самалёты можна будзе толькі па ўзгадненьні зь Менскам. Бо вельмі вялікі багаж недаверу. Зь гледзішча Масквы, Лукашэнка — палітык некіруемы, некантралюемы, недамоваздольны. Апошняя гісторыя з «справай Баўмгертнэра» — таму пацьверджаньне. А тут справа ідзе пра магчымую ядзерную зброю.

Хачу нагадаць, што Лукашэнка ў свой час супраціўляўся вываду ядзернай зброі зь Беларусі, называў гэта злачынствам. Потым неаднаразова прапаноўваў яе вярнуць. Падчас прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнкі ў Маскве ў сьнежні 1998 году на заўвагу журналіста пра тое, што ядзерная зброя, зьявіся яна зноў на тэрыторыі Беларусі, будзе кіравацца з Расеі, адказаў: «Былі б ракеты...»

А зь іншага боку, як беларукі кіраўнік, які вельмі хваравіта ставіцца да любога ўшчамленьня ягонай улады над краінай, пагадзіўся аддаць справу бясьпекі краіны ў чужыя рукі? Хто можа даць гарантыю, што Расея не выкарыстае гэтую сытуацыю на шкоду Беларусі і яе кіраўніка?

Мы толькі можам канстатаваць, што прынцыповае зьмяненьне дзяржаўнага статусу Беларусі адбылося ціха, непрыкметна, пры поўным маўчаньні беларускіх афіцыйных асобаў. Уласна кажучы, ня першы раз. Найважнейшыя рашэньні, якія датычацца лёсу народа і будучых пакаленьняў, вырашаюцца кулюарна, у таямніцы і нават насуперак дамінуючым настроям беларускага грамадзтва.