Сваё апошняе слова ў судзе Данькоў скажа 17 сьнежня

Зьняволены бізнэсовец Юры Данькоў мае сказаць сваё апошняе слова ў судзе 17 сьнежня. 13 сьнежня ў судзе Маскоўскага раёна Менска скончыліся судовыя спрэчкі.
Раней была інфармацыя, што апошняе слова Данькова на закрытым працэсе прагучыць у пятніцу 13-га.

Аднак Натальля Данькова, жонка бізнэсоўца, паведаміла, што спрэчкі ў судзе скончыліся толькі сёньня.

Данькова кажа, што пракурор ня зьняў ніводнага пункту абвінавачваньня і запатрабаваў пакараць яе мужа 9 гадамі турмы.

Сёньня Натальля Данькова на некалькі сэкундаў пабачыла мужа. Кажа, што ён выглядае схуднелым і стомленым.

Калі можна чакаць прысуду, не ведае ні жонка, ні адвакат падсуднага.

Паводле сваякоў Данькова, ён так і не прызнаў сваёй віны па большасьці выстаўленых абвінавачаньняў, у тым ліку ў арганізацыі ў клюбе прытону і схіленьні да заняткаў прастытуцыяй. Усяго Юрыя Данькова абвінавачваюць паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Працэс над Юрыем Даньковым ідзе зь верасьня ў закрытым рэжыме. Судзіць бізнэсмэна судзьдзя суда Маскоўскага раёна Менска Натальля Кузьняцова.