Падзеі і даты сёньняшняга дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.
У БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ
Міхаіл Мясьніковіч і Дзьмітры Мядзьведзеў правядуць у Маскве пасяджэньне Саўміну Саюзнай дзяржавы.
Жонкі замежных паслоў і дыпляматаў арганізуюць дабрачынны кірмаш у Палацы дзяцей і моладзі. Уваход для наведвальнікаў ад 11 да 17 гадзін.
Інвэстыцыйная кампанія «Зубр капітал» праводзіць для студэнтаў і маладых спэцыялістаў сэмінар пра стартавы капітал ( у памяшканьні менскага бізнэс клюбу IMAGURU па вул. Фабрыцыюса 4).
У кнігарні «Логвінаў» міні-канцэрт гурту «Босае сонца», пачатак а 20-й.
ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ
1620 – Ворша атрымала герб: у блакітным полі залаты паўмесяц, паміж рагамі якога разьмешчаны срэбны крыж.
1913 – выйшаў першы нумар грамадзка-палітычнай газэты «Минчанин», якая выдавалася па-расейску каля году.
1920 – на другім Усебеларускім зьезьдзе Саветаў прынятыя дапаўненьні да Канстытуцыі БССР і ратыфікаваная Рыская мірная дамова паміж Савецкай Расеяй і Польшчай. Зьезд выказаўся за перавод усіх дзяржаўных устаноў на беларускую мову.
1943 – ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вызвалены Гарадок Віцебскай вобласьці.
1981 – генэрал Войцех Ярузэльскі абвясьціў у Польшчы ваеннае становішча.
2003 – вайскоўцы ЗША знайшлі ў схованцы і арыштавалі былога ірацкага прэзыдэнта Садама Хусэйна.
2007 – пасол ЗША ў Беларусі Карэн Ст'юарт паведаміла пра тое, што візавыя санкцыі пашыраныя яшчэ на 30 беларускіх чыноўнікаў. Упершыню ў чорны сьпіс патрапілі дырэктары і намесьнікі дырэктараў дзяржаўных прадпрыемстваў, а таксама іх жонкі або мужы.
У гэты дзень нарадзіліся
1941 – Мікола Маляўка, беларускі паэт.
У гэты дзень памерлі
1944 – Васіль Кандзінскі, расейскі мастак, адзін з заснавальнікаў абстракцыянізму.ЁСЬЦЬ НАГОДА
Каталікі адзначаюць дзень сьвятой Люцыі, якая лічыцца ахоўніцай сьвятла. У праваслаўных – дзень сьвятога Андрэя, да якога дзяўчаты ў даўнейшыя часы прымяркоўвалі сваю варажбу на суджанага.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ
«Святы Андрэю, я каноплі сею, дай мне знаць, з кім буду рваць».
З каляднай варажбы