Ігар Пасноў зноў піша відэазвароты

Ігар Пасноў

У чарговым відэазвароце віцебскі лекар згадвае сваю прымусовую шпіталізацыю ў псыхушку, апавядае пра сваю новую працу ў псыхіятрычным дыспансэры і пра тое, якія нізкія заробкі сёньня маюць віцебскія мэдыкі.
Пасноў выказвае сумневы ў аб’ектыўнасьці дыягназу, які яму паставілі: «разладжаньне асобы па паранаідальным тыпе». Ён па-ранейшаму пэўны, што ў вар’ятню ён трапіў за крытыку ўладаў — недарма гэта адбылося пасьля аднаго з крытычных відэавыступаў і папрокаў кіраўніцтва за «неэтычныя паводзіны».

Ігар Пасноў таксама гаворыць пра віцебскага актывіста Сяргея Рыжова, які стаў даверанай асобай лекара, пакуль той знаходзіўся ў псыхіятрычным шпіталі. Пасноў згадвае, што 16 лістапада Рыжова забралі ў выцьвярэзьнік і там зьбілі.




Напрыканцы звароту Пасноў зноў вяртаецца да тэмы карнай псыхіятрыі. Ён гаворыць пра тое, што неабходна ўнесьці зьмены ў дзейны закон «Аб аказаньні псыхіятрычнай дапамогі», бо той ставіць пацыента ў залежнасьць ад лекара, што стварае глебу для злоўжываньняў такой уладай.

Адна з мэтаў відэавыступу, паводле Ігара Паснова, гэта спроба засьведчыць свой цяперашні стан здароўя. Лекар заклікае гледачоў у сьведкі таго, што ён знаходзіцца ў адэкватным стане і настроі.

Відэазапіс зроблены ў кватэры Ігара Паснова. Яшчэ адна гераіня відэароліка — котка Аліса.

«Мая котка і пацярпела больш за ўсіх. Яна ж не крытыкавала губэрнатара і ўлады і не разумела, чаму я не прыйшоў дахаты, апынуўшыся ў псыхіятрычным аддзяленьні», — гаворыць Пасноў.

Ігара Паснова шпіталізавалі 16 жніўня. Ён працаваў у наркалягічным аддзяленьні Віцебскага абласнога псыханэўралягічнага шпіталя, і проста з працы яго забралі ў суседняе аддзяленьне — ужо ў якасьці пацыента. 23 жніўня ў адсутнасьць Паснова суд Віцебскага раёну санкцыянаваў для яго прымусовае псыхіятрычнае лячэньне. Гэтую пастанову віцебскі лекар спрабуе аспрэчыць, дайшоўшы ўжо да Вярхоўнага суду.