Ужо сёньня, 10 сьнежня: Усясьветны Дзень правоў чалавека; прэмія імя Аляхновіча за твор, напісаны ў няволі

1948 – Генэральная Асамблея ААН зацьвярджае Ўсеагульную дэклярацыю правоў чалавека

Падзеі і даты сёньняшняга дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.
ПАДЗЕІ ДНЯ

Усясьветны Дзень правоў чалавека.

Менск, у офісе Партыі БНФ (вул. Чарнышэўскага, 3) адбудзецца прысуджэньне прэміі імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў няволі. Прэмія заснаваная Радыё Свабода і Беларускім ПЭН-цэнтрам. Пачатак у 18 гадзінаў.

Менск, у офісе праваабарончага цэнтру «Вясна» (вул. Мяржынскага , 8-26) – прэзэнтацыя альтэрнатыўнага дакладу «Паўсюдныя парушэньні працоўных правоў і прымусовая праца ў Беларусі» Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека і Праваабарончага цэнтру «Вясна». У прэзэнтацыі прымуць удзел: Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны», Павал Сапелка, экспэрт у галіне пэнітэнцыярнага заканадаўства, Гары Паганяйла, кіраўнік юрыдычнай камісіі Беларускага Хэльсынскага камітэту, Аляксандр Ярашук, старшыня Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Пачатак у 11.00.

Менск, РУУС Кастрычніцкага раёну, судовае паседжаньне ў справе Руслана Мірзоева, які зьняў сэрыю відэаролікаў пра жыцьцё працоўных МАЗа і мікрараёна Курасоўшчына. У дачыненьні да Мірзоева распачатая крымінальная справа за парушэньне парадку абмежаваньня волі. Пачатак пасяджэньня ў 14.30.

Адкрыцьцё Менскага каляднага опэрнага форуму. У праграме – опэрныя пастаноўкі знакамітых тэатраў, а таксама прэм'ерныя спэктаклі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатру опэры і балету.

Менск, кінатэатар «Перамога» – завяршэньне шостага штогадовага фэстывалю фільмаў «Чалавечая годнасьць, роўнасьць і справядлівасьць», арганізаванага сумесна прадстаўніцтвамі ў Беларусі ААН і Эўрапейскага Зьвязу. Пачатак у 19.00.

ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1520 – Марцін Лютэр публічна спальвае папскую булу пра адлучэньне яго ад царквы. З гэтага дня пачынаецца аддзяленьне ад каталіцызму Рэфарматарскай царквы, якую стануць называць лютэранскай.

1901 – уручаныя першыя Нобэлеўскія прэміі.

1948 – Генэральная Асамблея ААН зацьвердзiла i абвясьцiла Ўсеагульную дэклярацыю правоў чалавека.

1963 – увод у эксплуатацыю першай чаргі калійнага камбінату ў Салігорску.

1991 – цэнтральны праспэкт Менску атрымаў новую назву ў гонар Францішка Скарыны.

2007 – пачаліся трансьляцыі тэлеканалу «Белсат».

У гэты дзень нарадзіліся:

1878 – Мікола Бліадуха, беларускі акадэмік, геоляг, дасьледчык карысных выкапняў Беларусі.

1892 – Павал Аляксюк, беларускі палітык, радны БНР, старшыня Беларускай вайсковай камісіі, кіраўнік ураду пры штабе генэрала Булак-Балаховіча.

1930 – Мікола Арочка, беларускі паэт і літаратуразнавец, аўтар гістарычных паэм «Курганьне», «Крэва», «Судны дзень Скарыны», «Каранацыя Мяндоўга».

У гэты дзень памерлі:

1896 – Альфрэд Нобэль, швэдзкі хімік, інжынэр, вынаходнік дынаміту, заснавальнік Нобэлеўскай прэміі.

2006 – Аўгуста Піначэт, чылійскі дыктатар.

ЦЫТАТА ДНЯ

Усе людзі нараджаюцца свабоднымі і роўнымі ў сваёй годнасьці і правах. Яны надзелены розумам i сумленьнем i павiнны ставiцца адзiн да аднаго ў духу братэрства.

Першы артыкул Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, прынятай Генэральнай асамблеяй ААН 10 сьнежня 1948 году