Чэслаў Немэн жаночым голасам

Натальля Немэн сьпявае на сцэне Гарадзенскага драмтэатру

Гарадзенцы нарэшце пачулі песьні Чэслава Немэна жыўцом, але сьпявала іх яго дачка Натальля. Мужчынскія словы жаночым голасам. Самога сьпевака няма амаль дзесяць гадоў…
1.

Пачнем з таго, што калі пішуць: карані псэўданіму – у роднай мясьціне Немэна, гучыць крыху перабольшана, прынамсі недакладна. Ад Старых Васілішак да ракі каля сарака кілямэтраў, вёска ніколі не лічылася нават блізка «наднёманскай». Іншая рэч Горадня. Калі трапляеце ў горад з боку Менску, пераяжджаеце мост цераз чыгунку, кутом стаіць будыніна – музычнае вучылішча, у якім вучыўся некалі Чэслаў Выдрыцкі са Старых Васілішак, які пазьней стаў Чэславам Немэнэм (ён адмаўляўся скланяць слова згодна з правіламі польскай мовы – «Немнэм»). Марна шукаць на фасадзе памятныя словы аб славутым сьпеваку, тым больш дагэтуль няма яго помніка перад ганкам. Можа сорамна былому вучылішчу, што адлічылі вясковага музыку, не далі закончыць?

Ці бываў ён на Нёмне, пакуль жыў у роднай вёсцы? Можа. Але напэўна ж нячаста, на ровары ня вельмі даедзеш, і калі пагатоў трэба ў калгас хадзіць. Прамых аўтобусных маршрутаў і сёньня няма. А вось у Горадні ня мог не акунацца маладзён у нёманскую ваду. Так што паходжаньне псэўданіму ўсё ж гарадзенскае. Другое: хай не адчуваюць згрызотаў сумленьня ў былым музвучылішчы (цяпер – гуманітарны каледж). Закончыў бы яго Выдрыцкі, паслалі б на раён, у калгасны клюб баяністам ці кіраўніком самадзейнасьці. І ніколі б яму тады ня стаць было славутым выканаўцам, які пісаў музыку сам для сябе, якую хацеў. Які зазнаў сапраўдную славу, прычым хутка пасьля таго, як нічога не атрымалася з вучобай на баяніста, і вясковай сям’і Выдрыцкіх удалося перасяліцца за мяжу – у Польшчу (яму 19 гадоў). Так што ганарыцца трэба вучылішчу, аднак не ў душы толькі, ня ў думках, а зрабіць так, каб перад ім фатаграфаваліся турысты.

Музпэдвучылішча (цяпер гуманітарны каледж Гарадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы), дзе некалі нядоўга вучыўся Чэслаў Выдрыцкі



2.

Натальлі Немэн 37 гадоў. Бцька выхаваў у ёй добры мастацкі густ, кажа яна. Некалі яны сьпявалі зь ім разам, дуэтам. На фэсьце ў Аполе. Можна ўявіць, якім узрушэньнем гэты было для іх абоіх. Яна называе яго песьні далікатна: «музычна-паэтычнымі» творамі. Яе выступ – гэта нібы спроба аднавіць пэўным чынам справядлівасьць. Натальля кажа: вядомых хітоў бацькі ад мяне вы амаль не пачуеце, яе галоўнай задумай – выканаць песьні з двух апошніх студыйных альбомаў Немэна, якія малавядомыя слухачам. Чаму? Таму што былі прахалодна прынятыя ў Польшчы. Ня сталі папулярнымі, як яго ранейшыя працы. Гэта альбом 1989 году «Terra deflorata» і выпушчаны ў 2001-м «spodchmurykapelusza» (у адно слова).

Дачка сьпевака ня проста выконвае адну за адной песьні, яна размаўляе з публікай. Часамі любіць зазірнуць у Сьвятое пісаньне, шукаючы
духоўнай падтрымкі, апірышча. Бо «ў жыцьці бываюць розныя сытуацыі, часта балесныя і цяжкія». Аднойчы студзеньскім вечарам яна ішла ад бацькі, якому рабілася ўсё горш, у яго быў рак. Яна пачула ў галаве кароткую мэлёдыю і словы псальма. Да апошняга спадзяваліся, што ён выздаравее, кажа Натальля Немэн, але так ня здарылася. Пасьля яго сьмерці яна дапрацавала мэлёдыю, атрымалася песьня, «якую прысьвячае ўсім, хто страціў сваіх блізкіх».

Бацька памёр 17 студзеня 2004 году. Яна прызнаецца, што «першы раз апынулася ў мясьцінах дзяцінства і маладосьці свайго бацькі – Чэслава Немэна». І не тлумачыць – чаму першы? Выступіць з канцэртам запрасіла польскае консульства. Што перашкаджала прыехаць прыватна? Ад Варшавы невялікае падарожжа. Можна цягніком з перасадкай, а можна прамым аўтобусам. Чымсьці адстрашвала радзіма бацькі? Ці псыхалягічна перашкаджала патрэба набыць візу?

Афіша канцэрту Натальлі Немэн у Горадні



3.

Прыклад Чэслава – хутчэй выключэньне. Прыгаломшаныя пярэбарамі, людзі доўга прывыкалі, адчувалі сваю адрознасьць, ня вельмі прыязнае стаўленьне мясцовых да «ўсходнікаў». Яшчэ добра, калі апыналіся на былых нямецкіх землях, дзе такія як яны перасяленцы пераважалі. Мне гэта нагадвае пераезды нашай сям’і зь месца на месца, з аднаго ваеннага гарадка ў наступны. Кожны раз даводзілася прывыкаць да новых умоў, да іншай школы, асяродзьдзя.

Яму пашанцавала з тым, што касьцельныя арганы былі любімым інструмэнтам у роднай вёсцы. А надыходзіў час электрамузычных клявішных. Справядлівасьць існуе. Чэслаў добра трапіў: на мора, у Гданьск, на вучобу ў музычную школу, з чым яму не пашэнціла раней у Горадні. Неўзабаве вельмі ўдалы выступ на музычным фэсьце і гастролі па ўсёй Польшчы разам зь вядомым гуртом «Блакітна-чорныя». Яму толькі 23. Яшчэ нядаўна яго выклікалі да дырэктара ў вучылішчы, што на скрыжаваньні вуліц Кірава і Леніна, які выказваў незадавальненьне Чэславам і ўрэшце выключыў яго з вучобы: вяртайся назад у сваю вёску.

А далей пачалася галавакружная музычная адысэя. Выступ у славутай залі «Алімпія» у Парыжы. Яму 24. Дагэтуль выступаў пад прозьвішчам, якое гучала ня вельмі сцэнічна, таму прыдумаў сабе псэўданім, які зрабіў потым сваім прозьвішчам, Чэслаў Выдрыцкі, які вучыўся некалі ў музпэдвучылішчы, перастаў існаваць. Неверагодна: выступы ў Вэнгрыі, зноў Францыя, гастролі ў Югаславіі. Затым Кёльн, Каны, пазьней Італія, Чэхаславаччына, Фінляндыя, Мюнхэн! Запісы вялікіх кружэлак у Заходняй Нямеччыне. Так, у яго было нямала сяброў, прыхільнікаў, ня кажучы пра фанаў. Але ён стаў раптоўна самым пасьпяховым польскім сьпеваком. І некаторым гэта не падабалася: як гэта, «усходнік», які толькі з краіны калгасаў перасяліўся, забірае цяпер усе ляўры! На сцэне зайздрасьць –звычайная зьява.

4.

Мне ён нагадвае Адама Міцкевіча, які пакінуўшы родныя мясьціны, здолеў сваю тугу па іх ператварыць ня проста ў настальгічныя радкі, а – у вялікую паэзію. Дзякуючы свайму таленту, канечне. Падобнае адбылося з Чэславам Немэнам. Толькі Міцкевіч пакінуў тут Літву, а вось што пакінуў, апроч сваёй вёскі, сьпявак? Гэта пытаньне. Ягоная дачка нечакана назвала гарадзенцаў «крэсавякамі», пахваліўшы за «крэсовы дух». Мне здаецца, яе бацька ўсё ж пайшоў далей у сваіх адчуваньнях: усё ж прыяжджаў з канцэртам у Менск, у сталіцу БССР. Ён выступаў перад беларусамі (хай савецкімі). Гэта быў 1976-ы. Памятаю афішы і тое, што мне ўжо было добра вядома, хто ён такі.

Хаця ня лішнім будзе нагадаць, што Немэн, як чалавек «з Расеі» (з СССР), пагадзіўся запісаць у Мюнхэне кружэлку расейскіх песень. Гэта было сорак гадоў таму. Пад рубрыкай «фолькрок» апынуліся: «Степь да степь кругом», «Раскинулось море широко», «По диким степям Забайкалья», «Славное море, священный Байкал» ды іншыя, зусім не «крэсовыя».

Усё ж «крэсавякі» – сёньня зусім не камплімэнт, а паняцьце далёкага мінулага часу. І нават калі Чэслаў Выдрыцкі ў Польшчы адчуваў сябе некалі, першым часам, менавіта «крэсавякам», яму ўдалося пераадолець гэты свой комплекс пэўнай ніжэйшасьці, непаўнацэннасьці. Насіць у сабе таўро «крэсавяка» і стаць вялікім артыстам немагчыма. Хай нават тузін нязгодных зараз напішуць, што «крэсавяк» – гэта прыгожа, зьмястоўна і смачна гучыць, і яны самі плоць ад плоці крэсавякі. Але ж на канцэрце сядзелі шэсьцьсот чалавек, якіх сёньня аб’ядноўвае прынамсі назва «гарадзенцы».

Натальля Немэн дала магутны рок-канцэрт у Горадні. У яе добры, моцны голас. Квіткі каштавалі вельмі сьціпла: 40 тысяч у партэры, 35 – на бальконе, а рэальна яны былі вартыя значна большай цаны. Гэта быў хіба адзіны канцэрт рок-музыкі, дзе пераважалі людзі ва ўзросьце, а нярэдка можна было ўбачыць зусім пажылых. Тых, хто захапляўся музыкай Немэна яшчэ ў 1960-х, хто ў другой палове 1950-х хадзіў зь ім у «музпэд».

«І не шкада нічога, і шкада так шмат», подпіс: «Чэслаў Немэн». Гэта радкі зь яго надмагільля. Сьціпла, але глыбока. Ён выглядаў на сапраўды сьціплага, «непрабіўнога» чалавека, засяроджанага ў сабе, паглыбленага ў сваёй творчасьці. Такім неверагодны посьпех выпадае нячаста. Але тым больш разумееш, наколькі моцным, трывалым быў яго талент. Карэньне якога там, у Старых Васілішках, нават калі рэчка каля іх называлася ўсяго толькі Лябёдкай.

Натальля Немэн сьпявае на сцэне Гарадзенскага драмтэатру