Украінскія памежнікі затрымалі беларускага актывіста

Дзьмітрый Сільчанка

На ўкраінскай мяжы затрыманы актывіст «Альтэрнатывы» Дзьмітрый Сільчанка. Разам зь некалькімі паплечнікамі ён накіроўваўся ў Кіеў рэйсавым аўтобусам Гомель — Чарнігаў, каб падтрымаць Эўрамайдан.
На ўкраінскай мяжы ўсіх пасажыраў папрасілі пакінуць аўтобус і напісаць тлумачальныя, што яны ня будуць удзельнічаць у акцыі пратэсту. У гэты час памежнікі абшукалі аўтобус, знайшлі пад сядзеньнем Дзьмітрыя Сільчанкі «траву» і склалі на яго пратакол. Ці сапраўды ўкраінскія памежнікі нешта знайшлі ў беларускім аўтобусе, пасажыры ня бачылі.

Гэткім чынам усе пасажыры аўтобуса — каля 30 чалавек — застаюцца на мяжы з 11 гадзінаў дня. Людзей трымаюць у памяшканьні памерам 17×17 мэтраў, ім далі гарбаты. Зараз сувязь з актывістам адсутнічае, паведаміла свабодзе актывістка «Альтэрнатывы» Вольга Бурневіч.