Рэпарцёр Свабоды: ноч з двума «беркутаўцамі»

«Беркут» — спэцпадразьдзяленьне, якое ўнушае найбольш страху ва Ўкраіне – сёньня ганяць за разгон дзясяткаў тысячаў пратэстоўцаў у Кіеве.
Карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа Том Бэлмфорт апынуўся ў адным купэ цягніка з двума вэтэранамі паліцэйскага падразьдзяленьня і пагаварыў зь імі пра палітыку пад гарэлку, каньяк, сала і перапёлчыны яйкі.

Вымавіце слова «Беркут» сярод пратэстоўцаў на вуліцах Кіеву, і вы заслужыце пагардлівы погляд і, што больш верагодна, паток лаянкі.

Пасьля таго, як чальцы спэцыяльных паліцэйскіх сіл Украіны жорстка зьбілі дэманстрантаў на плошчы Незалежнасьці ў мінулыя выходныя, «Беркут» стаў сымбалем злоўжываньня ўладай. На будынку гарадзкой Рады на Хрышчаціку графіці: «Далоў крымінальніка (маецца на ўвазе Януковіч), сьмерць „Беркуту“!».

Так што ў мяне былі змрочныя прадчуваньні, калі я раптам выявіў, што правяду ноч з двума вэтэранамі элітнага атраду паліцыі ў 13-гадзіннай паездцы на начным цягніку з Данецка ў Кіеў.

Зьлева спакойна сядзеў на сваім ложку Аляксандар, насупраць яго — Юры Віктаравіч, да якога напарнік зьвяртаўся па бацьку, што павінна было падкрэсьліваць ягоны вышэйшы міліцэйскі ранг. Юры Віктаравіч прысадзісты, каржакаваты, зь вялізнымі біцэпсамі, лысаватай круглай галавой і залатым ланцугом на шыі. Абодвум за сорак, ня ў самай лепшай форме, але відавочна яшчэ спартовага выгляду. Як высьветлілася, цяпер яны працуюць інструктарамі рукапашнага бою.

Выглядалі яны ўпэўненымі, у размове спакойнымі. Новы сусед па купэ адразу выклікаў іх інтарэс.

На століку паміж імі клясычны славянскі цягніковы набор: бутэлька каньяку, гара бутэрбродаў, каўбасы, перапёлчыных яек — Юры еў іх цалкам, а затым выцягваў абалонку — і чорнага хлеба. Па радыё — эклектычная мяшанка з савецкай клясыкі і старамоднай поп-музыкі. Дзьве мэталічныя чаркі, поўныя да краёў.

«Хочаце шклянку?» — адразу прапанаваў Юры Віктаравіч. За пляшкай каньяку мае засьцярогі хутка сьціхлі, і мы разгаварыліся.

Аляксандар і Юры Віктаравіч пайшлі з актыўнай службы ў «Бэркуце» ў сярэдзіне 1990-х гадоў, але, як кажа са сьмехам Юры: «Спэцназаўцы былымі не бываюць». Пара разам служыла па ўсёй краіне ад моманту стварэньня «Беркута» ў 1988 годзе, абодва мелі ўзнагароды. Яны ехалі ў Кіеў на зьезд вэтэранаў «Беркута», які сьвяткаваў сваю дваццаць пятую гадавіну.

«Беркут» зьяўляецца пераемнікам савецкага «АМОНу» — сілаў, якія дагэтуль нясуць тое ж імя ў Расеі. Яны спэцыялізуюцца на апэрацыях з высокай рызыкай, такіх як вызваленьне закладнікаў, барацьба з арганізаванай злачыннасьцю і падаўленьне беспарадкаў.

Родам з Усходу, з Данецка, дзе Януковіч абапіраецца на шырокую падтрымку, Юры і Аляксандар маюць цьмянае ўяўленьне пра пратэсты, сканцэнтраваныя ў Заходняй Украіне і ў сталіцы. Яны кажуць пра прамысловую Данецкую вобласьць, як пра рабочую кабылу ўкраінскай эканомікі, якая ня мае часу, каб марнаваць дні на вулічныя пратэсты.

Юры і Аляксандар шкадуюць пра апошнія дзьве рэвалюцыі — распад Савецкага Саюзу і аранжавую рэвалюцыю — і занепакоеныя тым, што падзеі могуць выйсьці з-пад кантролю яшчэ раз.

Яны вераць у «агульны славянскі лёс разам з Расеяй і Беларусяй». Яны кажуць, што аўтарытарная дзяржаўніцкая палітыка прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна зьяўляецца палітыкай будучыні. Яны ня супраць таго, каб Украіна набліжалася да Эўропы, але яны хочуць набліжацца на ўмовах Украіны.

У прыватнасьці, яны ўздымаюць пытаньне аб правах ЛГБТ, пытаючыся, чаму Захад чытае натацыі Расеі і Ўкраіне. Няхай гомасэксуалісты робяць, што хочуць, але «хай пакідаюць гэта пры сабе».

Але больш за ўсё на сьвеце яны струменяцца карпаратыўным гонарам за спэцназ — і злуюцца на нядаўнюю крытыку.

«А тое, што кажуць, што нібыта стварылі падразьдзяленьні, каб тупа разганяць народ — гэта прынцыпова няслушна. Наша асноўная задача — атрадаў міліцыі асобага прызначэньня — была ў тым, каб змагацца з арганізаванай злачыннасьцю», — расказвае Аляксандар.

І хоць Аляксандар прызнае, што яны, магчыма, «зайшлі занадта далёка» са зьбіцьцём дэманстрантаў у мінулыя выходныя, яны лічаць, што «Беркут» выконваў загады правільна і, хутчэй за ўсё, рэагаваў на агрэсіўна настроеных пратэстоўцаў, якія справакавалі разгон.

Юры не прымае пагардлівага стаўленьня да «Беркута»:

«Хто супраць „Беркута“? Гэта агрэсіўна настроеныя элемэнты, правакатары. Яны супраць „Беркута“ чаму? Таму што ён ставіць іх у рамкі выкананьня канстытуцыйнага парадку і непарушэньня закону. Ён не дазваляе ім парушаць закон, як яны хочуць».

Пасьля таго, як прыкончаная бутэлька каньяку, Аляксандар дастае бутэльку гарэлкі, налівае шклянкі, але толькі сьпярша заліўшы ў сябе перапёлчыных яек, ствараючы, як ён назваў, «новы кактэйль».

Раніцай Юры пракідаецца рана і пад радыё робіць рухі, якія нагадваюць мастацкую гімнастыку. На пытаньне, ці зьявіцца ён на Майдане, каб на ўласныя вочы пабачыць, што там адбываецца, Юры адказвае: ніякіх шанцаў.

Але ён зь нецярпеньнем чакае 25-годзьдзя «Беркута».

«Людзі, якія апранулі гэтую форму, кожны дзень рызыкуюць здароўем дзеля спакою простых грамадзянаў. Часта гэтай працы ня бачна. Але яны яе проста выконваюць: прымаюць агонь на сябе, рызыкуючы сваёй галавой, жыцьцём, здароўем, хаця ў кожнага таксама сям'я і дзеці».