Ужо сёньня, 6 сьнежня: у Кіеве – Эўрамайдан і сустрэча АБСЭ, у Менску – «Чалавечая годнасьць»

Нацыянальны аэрапорт «Менск», дзе адбудзецца выязное паседжаньне суду

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.
ПАДЗЕІ ДНЯ

Менск. Выязное паседжаньне суду Кастрычніцкага раёну Менску па скарзе старшыні Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў Яўгена Шаўко на Нацыянальны аэрапорт «Менск» за выкарыстаньне небясьпечных вазкоў для перамяшчэньня інвалідаў. Судзьдзя захацела асабіста азнаёміцца з працэсам транспарціроўкі інвалідаў у аэрапорце і агледзець вазкі, якія выкарыстоўваюцца.

Менск. У кінатэатры «Перамога» праходзіць шосты штогадовы фэстываль фільмаў «Чалавечая годнасьць , роўнасьць і справядлівасьць», арганізаваны сумесна Прадстаўніцтвам ААН у Беларусі і Прадстаўніцтвам Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусі. У праграме фэстывалю – мастацкія фільмы, прадстаўленыя амбасадамі Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Францыі, Украіны, Кубы, ЗША, Італіі, якія адлюстроўваюць самыя розныя аспэкты правоў чалавека. Фільмы дэманструюцца на мове арыгінала з субтытрамі. Уваходныя квіткі можна атрымаць бясплатна ў кінатэатры «Перамога» ў дзень паказу з 18.00. Колькасьць квіткоў абмежаваная колькасьцю месцаў у кіназалі.

Кіеў. Эўрамайдан.

Кіеў. 20-я сустрэча Рады міністраў замежных справаў дзяржаў-удзельніц АБСЭ. Дэлегацыю Беларусі ўзначальвае міністар замежных справаў Уладзімер Макей.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:

1768 – надрукаванае першае выданьне Энцыкляпэдыі Брытаніка.

1926 – адбылося другое ўзбуйненьне БССР, да складу якой былі далучаныя Гомельскі і Рэчыцкі паветы расфармаванай Гомельскай губэрні.

1971 – Пакістан разарваў дыпляматычныя адносіны зь Індыяй пасьля таго, як апошняя прызнала Банглядэш.

У гэты дзень нарадзіліся:

1520 – Барбара Радзівіл, каралева польская і вялікая княгіня літоўская.

1800 – Язэп Ходзька, беларускі геадэзіст і тапограф.

1933 – Зінаіда Мажэйка, беларускі этнамузыказнаўца.

У гэты дзень памерлі:

1736 – Юзаф Тадэвуш Агінскі, палітычны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага.

1921 – Мікалай Янчук, беларускі і ўкраінскі навуковец-славіст, гісторык, этнограф, фальклярыст і літаратуразнаўца.

ЁСЬЦЬ НАГОДА

Фінляндыя – Дзень незалежнасьці. У 1917 годзе Фінляндыя абвясьціла незалежнасьць ад Расеі.

Гішпанія – Дзень Канстытуцыі. У 1978 годзе гішпанцы на рэфэрэндуме зацьвердзілі дэмакратычную канстытуцыю краіны пасьля амаль 40 гадоў дыктатуры.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

БАЛЯДА БАРБАРЫ РАДЗІВІЛ

…А Кракаў ня плакаў, а плакала Вільня.
Карона, як зорка зь нябёс, з галавы
Кацілася ў змрок адзіноты магільнай
І ў хмары ўзьляталі з касьцёла й царквы
Анёлы, нібыта малітвы сьвятыя,
Але ўсё ня тыя, але ўсё ня тыя,
Каб імі Барбару ізноў ажывіць.
Атрута, нібыта агонь, у крыві
І побач каханы, як дым, растае,
Зьнікае і рукі, як крылы, твае
Цяжэюць, а нехта далёкі сьмяецца.
Спынілася сэрца, спынілася сэрца
І Кракаў прыціх, але плакала Вільня,
І сонца ўзышло зь белавескіх лясоў,
Як шчыт, над дарогаю роднай і пыльнай,
Якой назаўсёды вярнуцца дамоў
Табе маладой і прыгожай, як сон,
Які мог прысьніцца анёлам тваім,
Што зараз глядзяць на цябе, як з вакон,
Зь нябёс, дзе хмурыны, як вечнасьць, як дым…

Віктар Шніп