Шушкевіч: Украінцы даюць добры прыклад беларусам

Станіслаў Шушкевіч

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч заявіў Свабодзе, што ён вельмі высока цэніць мужнасьць і адвагу ўкраінцаў.
Былы cтаршыня Вярхоўнага Савету Беларусі, лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч зазначыў Свабодзе, што цяжка прагназаваць, чым скончацца вулічныя пратэсты ў Кіеве:

«Я цешуся, што людзі Ўкраіны паказваюць, што яны хочуць быць у Эўропе і вельмі мужна гэта робяць. Але такія ашуканцы, як іх прэзыдэнт і яго хэўра, баюся, што яны знойдуць спосаб затармазіць гэты ўваход у Эўропу. І яны фактычна гэта робяць, каб дагадзіць Пуціну, бо гэта надзейны спосаб захаваньня ўлады для тых, хто сёньня пры ёй знаходзіцца. Але я цешуся мужнасьцю ўкраінцаў і іх адвагай змагацца дастойнымі захадамі. Гэта вельмі важна. Ніякія правакатары іх ня зьбілі з толку. Яны дэманструюць жаданьне быць у Эўропе. Ім абрыдла быць у імпэрыі. Гэта добры прыклад, але нам трэба яшчэ сасьпець, каб дзейнічаць так як украінцы».

Карэспандэнт: «Кіраўніцтва Беларусі пакуль не выказваецца пра падзеі ва Ўкраіне, што гэта можа азначаць?»

Шушкевіч: «А што ім камэнтаваць?Ім трэба рабіць усё, каб выпрасіць яшчэ якую падачку ў Расеі. У нас прымітыўны дзеяч, ён можа толькі лоўка прасіць дапамогу і гэта яму ўдаецца. Але гэта ўдаецца за тое, што Беларусь траціць незалежнасьць, якую яна здабыла».