Яніна Лазар: Бачыла брата па выхадзе з КДБ

Ксёндз Уладзіслаў Лазар

Сястра ксяндза Ўладзіслава Лазара Яніна пацьвердзіла, што ён вызвалены з «амэрыканкі».
«Зь ім зараз усё добра, выглядае нармальна. Бачыла яго там, у КДБ, калі выходзіў. Дзе будзе жыць — самі яшчэ ня ведаем».

Больш Яніна Лазар нічога не сказала, спаслаўшыся на тое, што знаходзіцца ў дарозе.

Арыштавалі Ўладзіслава Лазара ў канцы траўня ў Менску, а працаваў сьвятар у Барысаве, дзе здымаў кватэру. Сваякі Ўладзіслава Лазара жывуць у Маладэчанскім раёне.

Прэсавы сакратар КДБ Артур Стрэх сёньня пацьвердзіў, што ксяндзу Ўладзіславу Лазару была зьмененая мера стрыманьня з утрыманьня ў СІЗА КДБ на падпіску пра нявыезд:

«Абіваначанаму Лазару на падставе артыкулу 119 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу была зьмененая мера стрыманьня з утрыманьня пад вартай на падпіску пра нявыезд і неабходныя паводзіны. Расьследаваньне крымінальнай справы працягваецца».

Аб затрыманьні ксяндза Лазара стала вядома празь некалькі дзён пасьля таго, як Аляксандр Лукашэнка 26 ліпеня паведаміў журналістам, што супрацоўнік беларускіх спэцслужбаў затрыманы за працу на замежнымі дзяржавамі:

"Мы нядаўна затрымалі аднаго са здраднікаў, які ў спэцслужбах служыў і які быў праз прадстаўнікоў каталіцкай царквы зьвязаны з замежнымі дзяржавамі, і ня толькі здаваў інфармацыю, але з-за яго дзейнасьці пацярпелі людзі, якія працуюць за мяжой«,— сказаў Лукашэнка. 29 ліпеня інфармацыю аб затрыманьні ксяндза Лазара пацьвердзіў прадстаўнік Рымска-каталіцкага касьцёла Беларусі.

Аб вызваленьні Лазара з СІЗА КДБ паведаміў увечары 3 сьнежня сайт Рымска-каталіцкага касьцёла:

«Было прынятае рашэньне, што падчас сьледзтва, якое яшчэ працягваецца, сьвятар павінен знаходзіцца ў пастаянным месцы, маючы свабоду перамяшчэньня і дзеяньня, паводле вызначаных нормаў, з абавязкам штодзённай рэгістрацыі ў аддзяленьні міліцыі. Апостальскага Нунцыя папрасілі забраць ксяндза Лазара са сьледчага ізалятара КДБ».

Ксёндз Уладзіслаў Лазар утрымліваўся ў СІЗА КДБ зь сярэдзіны ліпеня. Пра ягоную справу вядома няшмат: ксёндз абвінавачваецца паводле пункту 1 артыкула 356 Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве»). Яму ставіцца ў віну перадача грошай і матэрыяльных каштоўнасьцяў чалавеку, які абвінавачваецца ў шпіянажы на карысьць іншай дзяржавы.