Ужо сёньня, 4 сьнежня: Выстава Глёбуса ў пасольстве Літвы ў Менску і візыт Януковіча ў Кітай

Філёзаф Валянцін Акудовіч і мастак Адам Глёбус

Падзеі і даты сёньняшняга дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.
ПАДЗЕІ ДНЯ

У пасольстве Літвы адкрыецца выстава Адама Глёбуса «Менск, Вільня, Менск і зноў Вільня». Пачатак у 19.00.

Працягнецца візыт у Беларусь дэлегацыі Нацыянальнага сходу Францускай Рэспублікі на чале са старшынёй групы дружбы «Францыя-Беларусь». Жэральдо Дарманэнам.

Пэкін, працягнецца візыт у Кітай прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча.

Кішынёў, адбудзецца візыт у Малдову дзяржсакратара ЗША Джона Керы.

ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1665 – пачаў дзейнічаць Берасьцейскі манэтны двор.

1939 – у складзе БССР утвораная Беластоцкая вобласьць.

1989 – Генэральная Асамблея ААН ухваліла Міжнародную канвэнцыю аб барацьбе зь вярбоўкаю, выкарыстаньнем, фінансаваньнем і навучаньнем наймітаў.

1989 – у Маскве кіраўнікі Баўгарыі, Вугоршчыны, ГДР, Польшчы ды СССР асудзілі ўвод іхніх войскаў у Чэхаславаччыну ў жніўні 1968 году.

1997 – у Атаве 125 краін падпісалі Канвэнцыю аб забароне супрацьпяхотных мін. Сярод краін, якія адмовіліся падпісаць гэты дакумэнт, былі Кітай, Расея, ЗША.

У гэты дзень нарадзіліся:

1847 – Якуб Наркевіч-Ёдка, беларускі вучоны-прыродазнавец, лекар, вынаходнік электраграфіі і бяздротавай перадачы электрычных сыгналаў.

1875 – Райнэр Марыя Рылькк, нямецкі паэт.

1892 – Франсіска Франка, гішпанскі дыктатар.

У гэты дзень памерлі:

1131 – Амар Хаям, пэрсыдзкі і таджыцкі паэт, матэматык, філёзаф.

1642 – Кардынал Рышэльё, францускі палітык.

1679 – Томас Гобс, ангельскі філёзаф-матэрыяліст і матэматык.

1942 – Вера Харужая, беларуская падпольніца, партызанка.

1972 – Мікалай Аладаў, беларускі кампазытар і пэдагог.

ЦЫТАТА ДНЯ

Чалавек несьмяротны, выратаваньне душы чакае яго наперадзе. Дзяржава ж ня мае неўміручасьці, яна можа выратавацца альбо цяпер альбо ніколі.

Кардынал Рышэльё