Беланыцікі і Эўрамайдан

Севярын Квяткоўскі

Кіты пэрыядычна масава выкідаюцца з акіяну на бераг. Чаму так – ніхто дакладна сказаць ня можа, але факт застаецца фактам. Як праўда і тое, што пасьля актывізацыі падзеяў ва Ўкраіне, «выкідацца на бераг» пачалі карыстальнікі беларускага сеціва.

Калі перакадаваць аналёгію з кітамі на папулярны інтэрнэтны выраз, пачалося «масавае забіваньне сябе аб сьценку».

kosarev: А ў нашым балоце нават трыснягі не калыхнуцца.

Чалавек: Малайцы, украiнцы. У Беларуci гаткае цяжка ўявiць. Ня тыя людзi.

Dzienn: Беларусь. ... да што тут казаць пра Беларусь. І зьбівалі шматкроць, і людзі гінулі ня раз, і ... поўная ў эканоміцы пастаянна. Няма чаго пра Беларусь казаць. А маўчаць колькі можна?

Гэта беланыцікі. Як эўраскептыкі, толькі наадварот – скептыкі ў сярэдзіну сябе і сваёй краіны. Факт посьпеху і шанцу на разьвіцьцё посьпеху ў суседзяў у беланыцікаў выклікае ступар, роспач, а ў некаторых проста адчай:

Yahor Shumski: Якія ж мы, беларусы, нікчэмныя.

Гэтае выказваньне – апатэоз, самы яркі прыклад з цэлага спэктру выказваньняў. Лейтматыў: украінцы могуць, а мы – не. Могуць што?

Siaržuk Holik: Вось калі б пасьля разгону 40-тысячнай Плошчы на наступны дзень выйшла 200 тыс., то магчыма быў бы паход і на Карла-Марла!

Маюцца на ўвазе менскія падзеі 19 сьнежня 2010 году. А пад паходам на Карла-Марла – магчымасьць мітынгаваць пад рэзыдэнцыяй прэзыдэнта на Карла Маркса, 38.

Siaržuk Holik у дадзеным выпадку падаецца мне заўзятарам. Вось Кіеўскае «Дынама» выйшла ў наступны тур кубку Эўропы, а Менскае «Дынама» – не.

***
Ад 1996 году ў Менску падчас апазыцыйных вулічных выступаў увесь час кудысьці хадзілі. Гэта галоўнае адрозьненьне ад кіеўскіх Майданаў, дзе галоўны сэнс быў і ёсьць сабрацца разам, стаяць, зьбіраць усё больш людзей – дэманстраваць салідарнасьць.

Выняткам у нас быў 2006 год, дзе па прыкладзе ўкраінцаў у Менску зрабілі намётавы лягер, але ён так і не аброс крытычнай масай людзей, якіх ня так проста было б разагнаць.

Падзеі 19 сьнежня паказваюць, што ў Беларусі гатовыя жорстка разганяць мірных дэманстрантаў дзясяткамі тысяч. А ва Ўкраіне – не. Не гатовыя, не разганялі, і, дай Бог, ня будуць такога рабіць.

А таму кіеўскі паспаліты чалавек ня ведае, што гэта такое, калі па ўсім цэнтры палююць на людзей, хапаюць з прыпынкаў, з кавярняў і сотнямі развозяць па турмах.

Як адказаў Siaržuk Holik, маючы на ўвазе ўсіх беланыцікаў:

– Можа быць, ня варта ставіць між Украінай і Беларусяй знак роўнасьці, і займацца псыхалягічным мазахізмам? Беларусам для Плошчы трэба ў разы больш адвагі, чым украінцам для Майдану – ганарыся сваімі суайчыньнікамі.

Ці як парыравала іншая інтэрнэт-карыстальніца:

Ula Rymasheuskaja: Калі б украінцы ганьбілі сваіх герояў – іх адвазе не было б адкуль узяцца.

Беларусы і ўкраінцы сапраўды перажываюць адны за адных. Ёсьць частка ўкраінцаў, якая моліцца на Лукашэнку, а частка беларусаў радуюцца, што пры ўладзе Януковіч. Зь іншага боку – людзі, якія перажываюць за нашы Плошчы і Майданы. Цывілізацыйны падзел – як шчыліна на дне акіяну. Нябачны, але ён ёсьць.

Актыўная спэкуляцыя ў расейскіх, а сьледам, малпуючы, і ў беларускіх афіцыёзных СМІ – гэта, нібыта, вялікая прага ўкраінцаў трапіць у Эўразьвяз. Мяркую, пра бюракратычную структуру пад назвай ЭЗ мала хто думае, калі выходзіць на акцыю пратэсту і салідарнасьці. Прага ў нас аднолькавая – пазбавіцца ад саўка і крамля.

А яшчэ ў Беларусі і Ўкраіны ёсьць адрозьненьні. Самае галоўнае, што якім бы ні быў той ці іншы прэзыдэнт Украіны, ён хоча скончыць свой шлях свабодным і заможным чалавекам. Таму яны не зьмяняюць канстытуцыю, і сто разоў думаюць ці разганяць ім пратэсты з соцень тысяч чалавек.

А ў Беларусі ад 1996 году чалавек пайшоў ва-банк, і ўжо да канца жыцьця будзе пад узмоцненай аховай штодня весьці барацьбу за сваю ўладу.

***
Сёлетні пратэст у Кіеве падобны да маўклівых акцыяў з воплескамі ў Менску ў 2011-м. Не маштабам, ня формай, але патрабаваньнем да апазыцыйных лідэраў «не прымазвацца да ініцыятывы з народу».

Такое сабе сьвята непаслухмянства, якое з кожным днём робіцца больш разгубленым. Народ мае права стаміцца ад апазыцыйных лідэраў. Але без самаарганізацыі, і высоўваньня свайго новага, напрыклад, лідэра, ад імя народу няма каму размаўляць з уладай.

Калі ў Беларусі лідэрства дае чалавеку максымальныя шанцы сесьці ў турму, то ва Ўкраіне пакуль што – сесьці за стол перамоваў.

Калі ў Беларусі ўсе грамадзяне – закладнікі аднаго чалавека, то ва Ўкраіне – пакуль закладнікі свайго жаданьня ці нежаданьня.

Беларусы праектуюць кіеўскія падзеі на магчымыя беларускія рэаліі, і падзяляюцца ў меркаваньнях прыблізна як украінцы. Адны проста радуюцца маштабнаму карнавалу ў цэнтры сталіцы. Другія захапляюцца «акцыямі простага дзеяньня» нешматлікіх «баявых атрадаў», трэція суперажываюць мірнай большасьці, якая можа пацярпець ад дзеяньняў міліцыі і ўнутраных войскаў.

Беланыцікі – яны сярод усіх групаў цікаўных і зацікаўленых. «Яны могуць, а мы не». Суайчыньнікі, што канкрэтна: масава выйсьці, ладзіць сьвята, ці акцыі простага дзеяньня?

Ва ўкраінцаў няма адзінага прадстаўніка апазыцыі, але ёсьць як мінімум тры лідэры, якія могуць між сабою дамовіцца, і выступіць супольна. Хай сабе натоўп ім на пачатку казаў «не замінайце», людзі пры ўладзе будуць прыглядацца і прыслухоўвацца – з кім канкрэтна мець справу?

Магчыма, перад тым, як «забівацца аб сьценку», варта паспрабаваць пераняць досьвед украінцаў і аб'яднацца вакол існых ці вылучыць новых лідэраў? Ёсьць стома ад папярэдніх досьведаў, але калі не пачынаць ўсё нанова, зьменаў ня будзе.