БАЖ патрабуе расьсьледаваць напады на журналістаў ва Ўкраіне

Фотакарэспандэнт Reuters Глеб Гараніч, пабіты падчас разгону Эўрамайдану 30 лістапада

Беларуская асацыяцыя журналістаў запатрабавала ад прэзыдэнта і ўраду Ўкраіны спыніць беззаконьне ў дачыненьні да журналістаў.
Грамадзкае аб’яднаньне заклікала ўкраінскія ўлады расьсьледаваць кожны выпадак нападу журналістаў і забясьпечыць нармальныя ўмовы для іх працы.

«Адсутнасьць рэакцыі на гвалт выглядае як маўклівае патураньне», — гаворыцца ў распаўсюджанай заяве Беларускай асацыяцыі журналістаў з нагоды падзеяў ва Ўкраіне.

БАЖ абураны гвалтоўнымі дзеяньнямі ў дачыненьні да калег, якія сумленна выконваюць свой прафэсійны абавязак падчас асьвятленьня падзеяў ва Ўкраіне.

«Асаблівую занепакоенасьць выклікае гвалт, які сьвядома чыняць супраць журналістаў і мірных пратэстоўцаў супрацоўнікі сілавых структур», — адзначае БАЖ.

Паводле падлікаў партнэрскіх арганізацый, на 1 сьнежня ва Ўкраіне налічвалася калі 30 пацярпелых журналістаў. Сярод іх фотакарэспандэнт Reuters Глеб Гараніч, апэратар Euronews Раман Купрыянаў, апэратары Аляксей Заклецкі і Антон Чарнышоў, карэспандэнтка часопіса «Український тиждень» Валерыя Бурлакова, фатограф Анатоль Сьцяпанаў, фотакарэспандэнт Insider Максім Кудзінец, фотакарэспандэнт Associated Press Сяргей Чузаўкоў, польскі журналіст Павел Пянёнжык і іншыя.

Your browser doesn’t support HTML5

Я пачаў крычаць «Прэса!». У адказ пачуў ад беркутаўца: «І што гэта, б…дзь?»


«Беларускі досьвед паказвае, што такое стаўленьне да прэсы заўсёды мае доўгатэрміновыя і цяжкія наступствы. Яны не нясуць карысьці ні аднаму з бакоў канфлікту. Знаходжаньне ў эпіцэнтры падзеяў — прафэсійны абавязак журналіста, а не нагода ўжываць супраць яго грубую сілу», — адзначаецца ў заяве.