«Раней на цэны скардзіліся, а цяпер перасталі»

У Менску зь 1 сьнежня падвысіўся кошт праезду ў грамадзкім пасажырскім транспарце, а таксама кошт праезду ў аўтобусах прыгарадных маршрутаў. Штомесяц таксама растуць кошты на прадукты харчаваньня, прамысловыя тавары і паслугі.
Кошт праезду ў грамадзкім транспарце ў Менску падвысіўся на 20% — з 2,5 да 3 тысяч рублёў. Пярэдняе падаражэньне — гэтаксама на 20% — адбывалася два месяцы таму, 1 кастрычніка. Чыноўнікі «Мінсктрансу» пры гэтым заяўляюць, што сабекошт паездкі складае 6400 рублёў, і ў наступным годзе адна паездка будзе каштаваць 5 тысяч рублёў.

Your browser doesn’t support HTML5

Як менчукі рэагуюць на чарговае павышэньне цэнаў


Ад 1 сьнежня таксама падаражэў звадкаваны газ у балёнах, якім карыстаюцца аўтамабілісты і вяскоўцы. Чарговы раз падаражэла электрычнасьць, айчынныя і замежныя маркі цыгарэт. Усяго месяц таму Мінэканомікі адпусьціла кошты на шэраг прадуктаў харчаваньня: фарш зь ялавічыны, сьвініну, мяса курэй, каўбасы, сыры, рыбу, каву, гарбату ды іншыя прадукты.

Зь лістапада адпушчаныя цэны на шэраг нехарчовых тавараў: мыйныя сродкі, дзіцячыя тавары, некаторыя побытавыя паслугі.

Міністэрства эканомікі паведамляе, што зь 1 студзеня 2014 году падвысяцца тарыфы на камунальныя паслугі.