Гуркоў: Які толк ад спартоўца, калі ён не прапагандуе мову, гісторыю сваёй краіны?

Віталь Гуркоў

Дзесяціразовы чэмпіён сьвету ў тайбоксе (муай тай) Віталь Гуркоў рыхтуецца да самага важнага бою ў жыцьці — за чэмпіёнскі пояс сярод прафэсіяналаў. Паядынак з найбольш вядомым спартоўцам у сваёй вагавой катэгорыі — Кемам Сітсонгпінонгам з Тайлянду — адбудзецца ў студзені наступнага году ў італьянскім Міляне.
Паколькі іншы шанец можа і ня выпасьці, Віталь увесь свой час прысьвячае трэніроўкам. Пры гэтым падкрэсьлівае, што «допінг» для падтрымкі фізычнай і маральнай моцы знаходзіць у трыадзінстве: мова, культура, гісторыя.

З баксёрам пагутарыў Ігар Карней

— Віталь, у 2010 годзе, стаўшы чэмпіёнам Эўропы па вэрсіі К-1, Вы ня толькі ўмацавалі свае лідэрскія пазыцыі, але і ўразілі публіку: на віншаваньні па-расейску карэспандэнта БТ адказалі па-беларуску. Безумоўна, у часе нейкіх рэклямных кампаній завучаныя беларускамоўныя тэксты дэклямуюць і некаторыя іншыя спартоўцы, але Вы, бадай, адзіны, хто пасьлядоўна адстойвае права «беларусам звацца»?

— Тут справа ўвогуле такая. У мяне ў сям’і бацькі заўсёды гаварылі на расейскай мове. Я збольшага таксама размаўляю па-расейску, бо гэтага вымагае асяродак. Але, дзякуй Богу, у мяне ёсьць беларускамоўныя сябры, якія размаўляюць на роднай мове ўвесь час. Бо калі чалавек — сябра ён мой ці ня сябра — зьвяртаецца на беларускай мове, дык неяк сорамна, калі ты ня можаш яму адказаць на сваёй жа мове, так? Часам спартоўцы — усе тыя, пра каго Вы згадвалі — гэта разумеюць, і спачатку на трасянцы, а потым усё больш упэўнена, спрабуюць гэта выправіць.

У гэтай справе, ведаеце, ці ня самы важны момант — перамагчы самога сябе, пачаць размаўляць, не баяцца рабіць памылкі. Калі спартоўца думае такімі крытэрамі, каб падтрымаць нашу мову родную, дык гэта ўжо вельмі варта ўвагі. То бок калі чалавек нават на ёй не размаўляе, але можа прыцягнуць увагу да яе, можа неяк паспрыяць таму, што нашы нашчадкі будуць размаўляць ці будуць прынамсі цікавіцца, — карацей, робіць свой унёсак, каб яна не забылася, не загінула, — гэта файна. Бо тады навошта ўвогуле ўсе гэтыя спартоўцы? Які толк выключна ад нейкіх мэдалёў, спартовых вынікаў ці тытулаў? Важна, каб іх праца прыносіла канкрэтны плён, вынік для моладзі, для ўсяго грамадзтва.

Your browser doesn’t support HTML5

Віталь Гуркоў – чалавек, які любіць тайскі бокс па-беларуску



— Чаму менавіта байцы дэманструюць прыхільнае стаўленьне да нацыянальнай гісторыі, мовы? Сёлета каманда тайбаксёраў з падачы кампаніі «Будзьма» выправілася на эўрапейскае першынства ў Партугалію ў майках з эмблемай крылатага гусара ВКЛ, а прозьвішчы падпісалі беларускай лацінкай. Можа, дзякуючы якраз Вашаму прыкладу?

— Калі я з Вамі пагаджуся, калі скажу «так», дык нехта палічыць, што я занадта шмат пра сябе думаю, прапаведую нейкую сваю надзвычайную важнасьць (сьмяецца).

Вядома, заўсёды цяжка пачынаць такую справу. Але хацелася б паразважаць, чаму менавіта ў байцоўскіх відах, байцоўскіх адзінаборствах такая цяга да роднай мовы, да культуры. Зразумела, што нешта павінна даваць грунтоўную сілу. А дзе яе ўзяць? Дык вось, ёсьць такі звычай у адзінаборствах: шукаць яе ў продкаў, ведаць свае карані, сваю гісторыю. Бо гэта моманты, якія натхняюць на дзеяньне.

У нашым выпадку — ты ідзеш банальна ня ў мячык гуляць, ты ідзеш у месца, дзе цябе будуць біць, ламаць, зьнішчаць. Туды, дзе трэба трываць боль, стомленасьць, перамагаць сябе. І трэба верыць у нешта такое, што будзе дадаваць сілы, спрыяць, каб усе твае дзеяньні былі самаадданымі, каб не было ніякага жалю да самога сябе. А такія прыклады існуюць толькі сярод ваяроў, толькі ў прыцэле гістарычных падзеяў, калі людзі адстойвалі свае правы ці ішлі на сьмерць. За што найперш ішлі на сьмерць? — За свабоду, за сваю культуру, за сваю мову, за свой народ. Я праводжу такую паралель з байцоўскімі відамі проста таму, што зараз рэальна ёсьць такая тэндэнцыя.





— То бок можна казаць увогуле пра кантактныя віды адзінаборстваў?

— Так, бо гэта ня толькі ў тайскім боксе, але таксама і ў боксе, і ў дзюдо, і ў самба, і ў зьмешаных адзінаборствах. У кожнага народа, у кожнай нацыі ёсьць пачуцьцё гонару за сваю гісторыю. Прынамсі павінна быць. І калі мы зірнём выключна на прафэсійны спорт, дзе б хто ні жыў, чалавек заўсёды падкрэсьлівае сваю ідэнтычнасьць. Прыкладам, у Амэрыцы сурынамцы ганарацца тым, што яны сурынамцы. У Вялікай Брытаніі ірляндцы ганарацца тым, што яны ірляндцы. Менавіта каранямі сваімі. Яны выходзяць на рынг пад нацыянальныя матывы, зь нейкімі нацыянальнымі атрыбутамі. Калі хочаце, гэта проста модна — ганарыцца сваім паходжаньнем, шукаць у ім сілу. І гэта модна ва ўсім сьвеце. Нам таксама, як самастойнаму народу, ёсьць чым ганарыцца: у нас ёсьць свая багатая культура і багатая гісторыя. Таму я лічу, што гэта нармалёвая справа, эўрапейская і ўсясьветная тэндэнцыя. Так павінна адбывацца.

— Вы неяк казалі, што 25 студзеня наступнага году ў Вас будзе паядынак ледзь не ўсяго жыцьця. Раскажыце, чым ён такі адметны і важны?

— Паядынак адметны і важны тым, што мне, пэўна, упершыню ў жыцьці выпадае шанец біцца за чэмпіёнскі пояс чэмпіянату сьвету сярод прафэсіяналаў. То бок, па вельмі прэстыжнай вэрсіі, з выдатным супэрнікам з Тайланду Кемам Сітсонгпінонгам. Усё ж прафэсійны спорт, менавіта прафэсійныя фэдэрацыі маюць асаблівы статус. На прафэсійны рынг ня так лёгка трапіць. Заўсёды патрэбныя мэнэджэры, нейкі «канэкшн», нейкая каманда, якая працуе вакол цябе, якая паступова стварае цябе як спартоўца пэўнай велічыні, пэўнага ўзроўню, калі ты ўжо зможаш, як кажуць, «выстраліць». То бок «step by step» вядуць да гэтага тытулу.

У мяне ніколі гэтага не было. І вось дзякуючы сваёй працы, дзякуючы ўласным высілкам так атрымалася, што прамоўтэры самі заўважылі мяне і прапанавалі арганізаваць такі паядынак. Я буду як прэтэндэнт на гэты пояс, які зараз якраз знаходзіцца ў майго супэрніка, у тайца. Ёсьць і пэўная інтрыга: я яго калісьці перамог — праўда, яшчэ па аматарах. Іншымі словамі, нібыта рэванш, але ж насамрэч прафэсійны бокс некалькі іншага характару, бо там будзе пяць раўндаў па тры хвіліны, ня будзе экіпіроўкі залішняй: толькі пальчаткі, як у прафэсійным боксе. То бок паядынак для мяне адметны найперш тым, што менавіта гэты бой — вынік маёй працы; тое, што я бяру ўдзел у паядынку такога рангу, такога ўзроўню.

— Іншымі словамі, падсумаваньне пэўнага этапу спартовай кар’еры?

— Этап не этап, а тое, што мне ніхто не дапамагаў туды трапіць — на гэты шлях, на гэтую прыступку — факт. У мяне няма ні мэнэджэра, ні прамоўтэра, якія робяць баі, як кажуць, па каляіне спартоўца вядуць, калі яму ствараюць імідж, зь яго лепяць паступова зорку, падшукваюць яму на пачатку «мяхі для біцьця». Толькі потым ён ужо набірае абароты, досьвед і веру ў сябе. Мяне заўжды кідалі пад малаткі, мяне кідалі як мяса ў тыя баі, калі я да іх яшчэ ня быў падрыхтаваны. І шмат разоў, калі ўсе думалі, што мяне павінны накаўтаваць у тым паядынку, я проста прайграваў па пойнтах, па ачках. Я сапраўды вельмі цяжкі шлях прайшоў да гэтага паядынку, да гэтай прапановы. Матч надзвычай важны і адказны, бо я ведаю, што, хутчэй за ўсё, другога такога шанцу ў мяне ня будзе ў жыцьці ніколі. Таму так сур’ёзна і адказна я да ўсяго гэтага стаўлюся.

— Усе спартоўцы падпарадкаваныя Міністэрству спорту і турызму. Замененае сёлета кіраўніцтва ведамства неаднаразова ківала ў бок асобных «выхаванцаў», якія дазвалялі сабе занадта паглыбляцца ў гісторыю, казаць пра нейкія прыярытэты. Ведаючы Вашу пазыцыю, ці былі спробы накіраваць у правільнае ідэалягічнае рэчышча?

— Так, як і ўсе іншыя, падпарадкаваны цалкам, але, ведаеце, ніхто і ніколі ў мой бок не выказваў з гэтай нагоды нейкіх прэтэнзій. То бок шчыра кажу, ніякіх заўвагаў, нічога падобнага на мой адрас не было. Прынамсі сам я гэтага ня чуў. Тым больш, як мне падаецца, я ўздымаю абсалютна нармальныя тэмы, цалкам звычайныя. Таму ніякіх праблемаў з боку Міністэрства спорту ў мяне не было. Нават зьдзіўлены, што былі нейкія заўвагі да кагосьці. Можа, як кажуць, проста ўсіх не пракантралюеш, хто і што гаворыць, але асабіста ў мяне не было такіх складанасьцяў, — не сутыкаўся.



— Віталь, напачатку 2000-х Вы сумяшчалі спорт з удзелам у музычных гуртах, цяпер у прыярытэце застаўся толькі тайбокс. Што сёлета падштурхнула да спробы паўдзельнічаць у адборы на «Эўрабачаньне» разам з гуртом Яўгена Валошына «HandmadE»?

— Увогуле песьня «Бег па канатах» пісалася не наўмысна для «Эўрабачаньня» нават. Яна стваралася, скажам так, як шчырыя перажываньні герояў. То бок пісалася сама па сабе, як зьява, як асобны твор. І ўжо потым неяк спантанна такая ідэя зьявілася: чаму б не паўдзельнічаць у конкурсе, у адборы? Але, яшчэ раз паўтару, гэта песьня не была напісана адмыслова для нацыянальнага конкурсу. Проста так склаліся абставіны, так склаўся лёс гэтай кампазыцыі, бо пачалі яе запісваць менавіта ў час, калі актуальнай стала падрыхтоўка да «Эўрабачаньня». Стваралася яна на беларускай мове ад самага пачатку. Увогуле ў нас зь Яўгенам быў своеасаблівы бартэр. Я пажартаваў: маўляў, Яўген, я за цябе прасьпяваю, але ж ты замест мяне павінен потым адбаксіраваць. Пасьмяяліся і на тым пагадзіліся, сышліся на такім жарце. Мяркую, што ў выпадку «бартэру» яму, канечне, было б цяжэй, але ж ён сам быў ініцыятарам...



Віталь Гуркоў нарадзіўся 27 сакавіка 1985 году ў менскім раёне Сьцяпянка, рос у «сярэднестатыстычным» атачэньні. У школе, як і бальшыня дзяцей, займаўся ў розных гуртках, пакуль не спыніўся на баскетболе. Але на адной з трэніровак трапіў у бойку і занадта літаральна ўспрыняў заяву трэнэра «валіць у бокс». «Махаць кулакамі» спадабалася і пры канцы 1990-х трапляе ў знакаміты байцоўскі «інкубатар» — клюб «Чынук». Ужо ў 16-гадовым узросьце ўпершыню выступае на чэмпіянаце Беларусі па тайскім боксе ў дарослай катэгорыі, дзе адразу бярэ першае месца, а зь ім і пуцёўку на першынства сьвету ў Тайляндзе. Там таксама становіцца залатым мэдалістам. За наступнае дзесяцігодзьдзе Гуркоў яшчэ дзесяць разоў уздымаўся на вышэйшую прыступку ўсясьветных п’едэсталаў, рыхтуючыся нарэшце скарыць прафэсійны рынг. Ужо вядома, што студзеньскі паядынак супраць Кема Сітсонгпінонга пройдзе па самай жорсткай азіяцкай формуле: пяць раўндаў па тры хвіліны без абарончых шлемаў, шчыткоў і налакотнікаў.