Алесь Пушкін прэзэнтуе кнігу пра сябе самога

Алесь Пушкін

Сёньня ў сядзібе ТБМ адбудзецца прэзэнтацыя кнігі «Алесь Пушкін».
Выданьне «Алесь Пушкін», якое выйшла яшчэ летам 2013 году, складаецца з мастацтвазнаўчых артыкулаў, што друкаваліся ў розны час у газэтах «Новы час», «Народная воля», «Свабодныя навіны», «Наша слова». Артыкулы аб’яднаныя журналісцкімі матэрыяламі, падрыхтаванымі аўтаркай-укладальніцай Элай Дзьвінскай.

250-старонкавая кніга — працяг сэрыі дасьледаваньняў пра дзеячаў сучаснай беларускай культуры. Першая кніга пад назвай «Беларускае слова ад сьпеву» выйшла ў 2010 годзе і была прасьвечаная Зьмітру Вайцюшкевічу, а ў 2012 годзе ў сэрыі выйшаў зборнік пра ляўрэатаў прэміі «За свабоду думкі».

Сярод аўтараў артыкулаў пра Алеся Пушкіна — Аляксандар Тамковіч, Аляксей Хадыка, Юры Барысевіч, Яўген Шунейка, Сяргей Харэўскі ды іншыя.

Ідэя стварыць кнігу пра Алеся Пушкіна ўзьнікла два гады таму. Эла Дзьвінская, рыхтуючы выданьне і зьбіраючы матэрыялы, пазнаёмілася зь сям’ёй мастака, неаднаразова наведвала яго ў Бабры, дзе ён жыве, у Вішнева, дзе ён тры гады працаваў на рэстаўрацыі касьцёлу; езьдзіла разам зь героем кнігі ў Віцебск, дзе Алесь Пушкін жыў і працаваў з 1990 па 1997 год і дзе ў 1991 годзе адбылася яго першая выстава.

«Галоўнай ідэяй кнігі ёсьць абвяржэньне міту, што існуе вакол асобы Алеся
шмат беларусаў ня ведаюць, што Пушкін — гэта вельмі сур’ёзны мастак-манумэнталіст, што ён працуе для Бога
Пушкіна як скандальнага мастака і пэрформэра, які прывёз воз гною, каб палепшыць кіраваньне дзяржавай. На жаль, шмат беларусаў ня ведаюць, што Пушкін — гэта вельмі сур’ёзны мастак-манумэнталіст, што ён працуе для Бога, рэстаўруе храмы, піша абразы і выявы сьвятых, стварае партрэты гістарычных асобаў — Францішка Скарыны, Багуслава Радзівіла, Вінцэнта Гадлеўскага, Георгія Бортніка і шматлікіх іншых. У кнізе мы хацелі паказаць менавіта духоўную творчасьць Алеся Пушкіна, а таксама яго сям’ю і асяродзьдзе», — кажа аўтарка-укладальніца кнігі Эла Дзьвінская.

Сам Алесь Пушкін вельмі ўдзячны ўсім, хто спрычыніўся да выданьня кнігі пра яго, аднак лічыць, што пра мастакоў лепш пажыцьцёва кнігі не друкаваць:

«Я вельмі ўдзячны Эле Дзьвінскай, што хоць першая кніга пра мяне зьявілася. Яна сабрала ўсе артыкулы, якія, на яе погляд, характарызуюць мяне як асобу і мастака. Напрыклад, у кнігу ўвайшоў артыкул Аляксандра Тамковіча пра мой праект са шпакоўнямі, працы Юры Барысевіча пра пэрформансы, якія я ладзіў, артыкул Сяргея Харэўскага „Эпітафія дзеду“ з выданьня „100 твораў мастацтва ХХ стагодзьдзя“. Але разам з гэтым я лічу, што выхад кнігі пры жыцьці мастака — гэта небясьпечная рэч. Лепш, вядома, пасьля сьмерці. Таму што тады ён ужо дакладна ня ўчыніць чаго-небудзь такога, за што пасьля будзе сорамна выдаўцам».

Зараз мастак Алесь Пушкін жыве ў Бабры, піша карціны, завяршае працу над «Сынкавіцкім трыпціхам». Летам працаваў на рэстаўрацыі царквы ў Сынкавічах, але цяпер рэстаўрацыйны сэзон скончыўся. Цягам лета ў Сынкавічах Алесь Пушкін праводзіў расчыстку старых сьценаў царквы 14 стагодзьдзя ад зафарбоўкі 1990 году. Удалося расчысьціць цэнтральныя і бакавыя алтарныя апсіды. Алесь Пушкін кажа, што падчас працаў знайшоў шмат графіці, якім больш за 600 гадоў.

Алесь Пушкін прызнаецца, што да гэтага часу знаходзіцца пад маральным цяжарам выбуху, што адбыўся ў яго сядзібе падчас сьвяткаваньня Купальля і ў выніку якога тры чалавекі атрымалі апёкі 1-3 ступеняў:

«Дзяўчаты ўжо паправіліся, вучацца і працуюць. Аднак я вельмі моцна адчуваю адказнасьць за тую падзею і шчыра перажываю за іх. Можна сказаць, што і на прэзэнтацыю гэтай кнігі пайду зь цяжкім сэрцам».

Суд па справе выбуху ў сядзібе Алеся Пушкіна, які адбыўся ў ноч з 6 на 7 ліпеня, адбыўся яшчэ 4 верасьня і пакараў мастака невялікім грашовым штрафам. Алеся Пушкіна асудзілі не за прычыненьне шкоды здароўю па неасьцярожнасьці, а за захаваньне сьпірту і самагонаварэньне. Пацярпелыя ў выніку інцыдэнту ня выставілі прэтэнзіяў да мастака.


Алесь Пушкін з партрэтам дачкі Марылі