«На пажыцьцёвым я забыўся, якога колеру трава»

Фота Вячаслава Цуранава з дворыка ў жодзінскай турме, куды выводзяць на прагулку пажыцьцёва зьняволеных

Калі ва ўсіх эўрапейскіх краінах пажыцьцёвае зьняволеньне (ПЗ) лічыцца вышэйшай мерай пакараньня, то ў Беларусі — максымальнай. Паводле апублікаванай інфармацыі, цяпер на ПЗ у беларускіх турмах утрымліваюцца «прыкладна 140 вязьняў». Яшчэ двое, якіх на пачатку году асудзілі на беларускую «вышку» — расстрэл, не губляюць надзеі, што ім усё ж падаруюць пажыцьцёвае. Адзін з гэтых злачынцаў — у чаканьні паўторнага суду, лёс другога цалкам залежыць ад рашэньня прэзыдэнта.

Як выглядае пажыцьцёвае пакараньне ў Беларусі і краінах ЭЗ? Ці зьяўляецца ПЗ большай карай чым расстрэл, як нярэдка пішуць пра гэта ў СМІ? Ці згодныя з гэтым сьцьвярджэньнем самі вязьні, а таксама сваякі ды знаёмыя ахвяраў? Якое стаўленьне да ПЗ як да альтэрнатывы расстрэлу ў большай часткі грамадзтва? На гэтыя пытаньні мы і паспрабуем адказаць у сёньняшняй праграме.


«Такія як забойца маёй дачкі не выпраўляюцца»


...Летась 20 верасьня 24-гадовы беспрацоўны гамяльчук Аляксандар Груноў, які незадоўга да гэтага адбываў турэмнае пакараньне за забойства айчыма, нанёс мноства нажавых удараў 22-гадовай студэнтцы Натальлі Емяльянчыкавай. Паводле ягоных прызнаньняў у судзе, ён вырашыў забіць толькі за тое, што дзяўчына ў свой час пасьмяялася зь яго. Асуджаны на расстрэл Груноў чакаў выкананьня выраку ў камэры сьмяротнікаў менскага СІЗА на Валадарцы. Але нядаўна быў пераведзены ў Гомельскі сьледчы ізалятар. Рашэньнем Вярхоўнага суду папярэдні працэс прызнаны памылковым, а таму 26 лістапада пачнецца перагляд справы, ужо з удзелам іншых судзьдзяў.

Аляксандар Груноў


Атрымаўшы на пачатку тыдня вызначэньне Вярхоўнага Суду, маці па-зьверску забітай Наташы — Ірына Емяльянчыкава адразу патэлефанавала ў прыёмную Адміністрацыі прэзыдэнта. Менавіта Аляксандар Лукашэнка, прымаючы з дакладам Генэральнага пракурора Аляксандра Канюка патрабаваў ад яго кантролю за рэзананснымі справамі, у тым ліку і за жорсткім забойствам гомельскай студэнткі...Калі Ірына зьвязалася з прыёмнай, яе адразу пераключылі на генэральную пракуратуру. Паілумачыўшы дзяжурнаму, што хоча напісаць заяву, каб генэральны пракурор падаў пратэст на вызначэньне Вярхоўнага суду, маці пачула, што «пратэст прыносіць позна». На другім баку тэлефоннага дроту жанчыну гэтак мовіць супакоілі: пры пажыцьцёвым пакараньні ўмовы такія, што нявольнік сам захоча вышэйшай меры пакараньня.

«Дачку маю, канечне, ня вернеш — расстраляюць яго ці не расстраляюць. Дзіцяці ўжо няма, — гаворыць Ірына. — Але нават хай праз шмат гадоў, калі гэты яе забойца выйдзе на волю, калі яго выпусьцяць, ад яго рукі можа пацярпець яшчэ не адзін чалавек, не адна сям’я. Мяне ж пераконваюць ў тым, што гэты нелюдзь нешта ўсьвядоміў, бо даў чыстасардэчнае прызнаньне».

Паводле Ірыны, за ўвесь час пасьля таго, як здарылася трагедыя, яна так і не пачула ані раскаяньня з боку забойцы, ані прабачэньня з боку яго сям’і. Больш таго, маці Грунова тэлефанавала ёй ды крычала ў слухаўку: «Забойцы, фашысты!»
Ён да гэтага часу не ўсьведамляе, што ўчыніў. Ён нібыта на прагулку схадзіў

Ірына: «Нават толькі назіраючы за паводзінамі гэтага чалавека ў судзе, як можна казаць пра яго раскаяньне. У яго пыталіся, дзеля чаго ён пайшоў за Наташай? І чулі адказ: „Ішоў, каб забіць... Я адразу біў у сэрца, ва ўнутраныя органы. Я нанёс толькі 102 раненьні“. Маўляў, адна сьведка патлумачыла, што хвілінаў пяць чула крыкі...А што гэта мяняе — пяць ці не пяць? Колькі яшчэ табе трэба было нанесьці ўдараў, каб ты палічыў гэта цяжкім забойствам. Ён да гэтага часу не ўсьведамляе, што ўчыніў. Ён нібыта на прагулку схадзіў. Усяго 106 раненьняў: 102 — нажавых і яшчэ 4 — з розных бакоў рэбры зламаныя ўшчэнт. Гэта ж зь якой жорсткасьцю трэба было душыць і біць дзіця, што ўся трава ў палісадніку была здратаваная», адзначае жанчына

Ірына Емяльянчыкава, для якой Наташа была адзінай дачкой, перакананая: такія як Груноў не выпраўляюцца. Яна ня лічыць сябе крыважэрнай, аднак упэўненая, кожны чалавек павінен па поўнай адказваць за ўчыненае ім зло:

«Мала таго, што ён пакінуў месца злачынства, а нож як прыладу злачынства ўтапіў, ён зь месца злачынства пасьпяшаўся дадому, каб пераапрануцца, каб пайсьці гуляць з сваёй дзяўчынай і сябрам, каб піць зноў. Усё як нічога ніякага...Потым, калі пад’ехалі супрацоўнікі ДПС і сталі апытваць, у тым ліку і яго, ці ня бачыў ён хлопца ў белай футболцы, зь белым пакетам, гэты не прызнаўся, што ён злачынца і што ён зьдзейсьніў. Цяпер жа быццам бы ўсьвядоміў. Трэба, каб гэта было ўрокам для такіх, як ён. Каб кожны ведаў: зьдзейсьніў зладзейства — за яго трэба адказваць. Ты жорсткасьць людзям прынёс, — то будзь добры, разьлічыся за свае дзеяньні».

Ірына Емяльянчыкава з партрэтам дачкі



«Пасьля таго, што ўбачылі ў сьметніку, баяліся заходзіць у пад’езд»


«Было страшна нам, дарослым, а што казаць ужо пра дзяцей?» — дзеляцца жыхары дому № 151, а таксама суседніх зь ім дамоў па вуліцы Дзяржынскага ў Горадні. Многія зь іх сталі сьведкамі таго, як у адзін зь жнівеньскіх дзён 2012 году міліцыянты даставалі з кантэйнэраў для сьмецьця акрываўленыя часткі целаў дзяўчыны ды хлопца. Нават тыя, хто раней выказваўся супраць расстрэлу Канавалава-Кавалёва, як і супраць сьмяротнага пакараньня ўвогуле, пасьля таго здарэньня, праўдападобна, памянялі сваю пазыцыю. Толькі адзінкі лічаць, што магчымы расстрэл — вельмі лёгкая кара для забойцы-вычварэнца, і што менавіта пажыцьцёвае павінна прымусіць такіх усьвядоміць свой грэх. З жыхарамі дому № 151 паразмаўляў наш гарадзенскі карэспандэнт. Яны паказалі яму сьметнікі, куды забойца кінуў часткі целаў жонкі ды сябра. Усе сьведчылі, што і дагэтуль ня могуць прыйсьця ў сябе ад ўбачанага.

Your browser doesn’t support HTML5

Гавораць гарадзенцы, у двары якіх знайшлі забітых людзей


Месца забойства ў Горадні на вуліцы Дзяржынскага




Гарадзенскі праваабаронца, змагар за адмену сьмяротнага пакараньня Раман Юргель, які на просьбу маці асуджанага на сьмерць 24-гадовага Паўла Селюна, прысутнічаў на кароткатэрміновых спатканьнях жанчыны з сынам у Гарадзенскай турме, кажа, што сёньня і яна, і Павал усе свае надзеі зьвязваюць з добрай воляй прэзыдэнта: а раптам усё ж памілуе? а раптам усё ж дазволіць пажыцьцёвае?

Your browser doesn’t support HTML5

Як ставяцца сем'і забітых да асуджаных на сьмерць?

​Маці Паўла Селюна адказвае на пытаньне карэспандэнта Свабоды Алега Грузьдзіловіча

Спадзявацца, вядома, трэба, але...Паводле праваабаронца Рамана Кісьляка, сапраўдных мэханізмаў абароны грамадзтва ад магчымых рэцыдыўных дзеяньняў у нас акрамя расстрэлу так і ня выпрацавана. Адзінай альтэрнатывай сьмяротнаму пакараньню можа быць пакуль не прапісанае ў законе «пажыцьцёвае зьняволеньне бяз права вызваленьня».

У сваю чаргу, расейскі праваабаронца, прадстаўнік Маскоўскага офісу Penal Reform Int. і сябра экспэртнай рады пры ўпанаважаным па правах чалавека РФ Сяргей Шымаволас, камэнтуючы вынікі сёлетняга сацыялягічнага дасьледаваньня групы кампаніі SATIO на замову Penal Reform Int. (праводзілася ў красавіку-чэрвені ў Беларусі), робіць выснову: большая частка нашага грамадзтва (53%) усё ж лічыць пажыцьцёвае зьняволеньне сапраўднай альтэрнатывай расстрэлу. Безумоўна, падкрэсьлівае экспэрт, на гэтыя вынікі ня мог не паўплываць гучны працэс па тэракце ў менскім мэтро. Многія рэспандэнты выказвалі меркаваньні, што з расстрэлам Канавалава-Кавалёва ня трэба было так сьпяшацца. 15% апытаных увогуле незадаволеныя такім рашэньнем. Абвінавачаных у тэракце можна было б утрымліваць у строгай ізаляцыі да таго часу, пакуль не былі б зьнятыя многія пытаньні ды сумневы, гаварылі апытаныя. Як адзначае маскоўскі праваабаронца, настроі грамадзтва заўсёды залежаць ад так званай рэзананснай падзеі. Для таго, каб зразумець, наколькі ўстойлівае падобнае стаўленьне беларусаў да адмены сьмяротнага пакараньня, неабходныя параўнальныя дасьледаваньні, якія група мае намер правесьці ў будучым годзе.


Палёты «ластаўкай»


Калі спадзяваньні на замену расстрэлу пажыцьцёвым зьняволеньнем у Аляксандра Грунова ды Паўла Селюна спраўдзяцца. то яны будуць адбываць пакараньне ў Жодзінскай турме. Дарэчы тут на ПЗ цяпер, паводле апублікаваных дадзеных, утрымліваецца «прыкладна 80» асуджаных з «прыкладна 140». Пасьля 10 гадоў узорных паводзінаў вязьні могуць быць пераведзеныя на больш мяккія ўмовы ўтрыманьня ў Глыбоцкую калёнію № 13. У адпаведнасьці зь дзейным законам, схільныя да выпраўленьня пажыцьцёвікі могуць разьлічваць на вызваленьне пасьля 25 гадоў адседкі.

Зьняты журналістамі tut.by рэпартаж аб пажыцьцёвіках Жодзінскай турмы зафіксаваў адзін вельмі характэрны момант, тую позу, у якой асуджаным з пазнакай «ПЗ» на робе дазволена перасоўвацца па-за сваёй камэрай. Зэкі называюць такую позу «ластаўкай». Вязень сагнуўся напалову, ногі ў яго расстаўленыя шырэй плечаў, рукі ззаду, зразумела, у кайданках, высока ўзьнятыя, пальцы растапыраныя. Падымаць галаву і разгінацца забаронена. Каманды выконваюцца неадкладна. Кожнага асуджанага суправаджаюць два кантралёры з сабакам.

Жонка асуджанага Людміла Кучура (гісторыю яе мужа мы расказвалі ў нашых мінулых праграмах) цягам найменей васьмі гадоў лістуецца з многімі беларускімі зьняволенымі, у тым ліку і пэзэшнікамі. Некаторыя з гэтых асуджаных памерлі, падарваўшы здароўе спачатку ў Жодзіне, а потым у Глыбокім. Ёсьць сярод карэспандэнтаў-пэзэшнікаў тыя, якія дамагліся перагляду несправядлівага, прысуду, а потым пасьля доўгіх гадоў адседкі пераведзеныя ў папраўчыя ўстановы. Такіх, зразумела, адзінкі. Мая суразмоўца ўзгадвае, што ПЗ было ўведзена ў Беларусі ў 1999 годзе. Яна сумняецца, што нехта выйдзе жывым нават пры самым лепшым раскладзе — чвэрці стагодзьдзя за кратамі.

Людміла Кучура

«Галоўнае адрозьненьне Глыбокага ад Жодзіна, тое, што там ужо ня трэба хадзіць „ластаўкай“, — кажа жанчына. — Такое толькі ў Жодзіне. Пэзэшнікі — людзі далёка не маладыя. Яны пішуць, што 10 гадоў штодня рухацца ў такой позе нялёгка ды прызвычаіцца да гэтага немагчыма, а калі згінаесься ня так як трэба, кантралёры заўсёды могуць цябе стукнуць дубінкай. Пішуць таксама, што ў Жодзіне бытавыя ўмовы некалькі лепшыя за глыбоцкія. Праўдападобна, што рамонт у ПК-13, што месьціцца ў старажытным кляштары — помніку архітэктуры і мастацтва — не рабіўся стагодзьдзямі. У камэрах-кельлях вялікая вільгаць, цьвіль, заўсёды сырыя сьцены... Працы для зэкаў-пэзэшнікаў няма нідзе. Як пісаў мне адзін асуджаны, калі ён сядзеў у Жодзіне, там толькі адзін вязень мог шыць на швейнай машынцы. Камусьці трэба было час ад часу рэмантаваць вопратку, ставіць латкі на штанах ды робе... У Глыбокім, аднак, ужо было 2 машынкі...Вось і ўся праца».


Пасьля ПЗ зямным раем можа падацца нават самая жудасная зона


Адзін з тых асуджаных, якога ў выніку перагляду справы пасьля 14 гадоў адседкі на ПЗ перавялі ў папраўчую ўстанову на строгі рэжым, напісаў Людміле, што за час утрыманьня ў Жодзіне і ў Глыбокім нават забыўся, якога колеру трава. Трапіўшы ў калёнію, ён нарэшце ўбачыў траву, а таксама неба і нейкую птушку, здаецца вераб’я. Яму здалося, што завітаў у рай.

Кучура: «Такія ўражаньні чалавека, які доўгі час бачыў толькі неба ў клетку. Іх выводзяць штодня ці то на гадзіну, ці то на паўгадзіны ў так званы турэмны дворык, дзе зьверху адна сетка»
Нягледзячы на тыя абсалютна жудасныя ўмовы, многія аднак чапляюцца за жыцьцё. Расстрэлу сабе ніхто не жадае

Ці сапраўды на пажыцьцёвым такія ўмовы, «што нявольнік сам захоча вышэйшай меры пакараньня» (так, напрыклад, у пракуратуры спрабавалі супакоіць маці Наташы Емяльянчыкавай), ці прызнаваліся вам ў гэтым самі асуджаныя? — пытаюся я ў маёй суразмоўцы.

«Такога ў іх лістах ніколі не было, — адказвае Людміла. — Нягледзячы на тыя абсалютна жудасныя ўмовы, многія аднак чапляюцца за жыцьцё. Расстрэлу сабе ніхто не жадае. Асабліва тыя, хто лічыць, што яго несправядліва асудзілі на ПЗ за тое ж бытавое забойства ці ўвогуле за чужое злачынства. Толькі адзін з тых людзей напісаў, калі б на мне насамрэч вісела забойства, я б пажадаў, каб мяне расстралялі».


Славацкія пэзэшнікі нічога ня ведаюць пра «ластаўку»


Леапольдаў — найвялікшая турма ў Славакіі



Праваабаронца «Плятформы» Алёна Красоўская-Касьпяровіч днямі вярнулася з Браціславы, дзе ў рамках сэмінару «Ўсходняга партнэрства» ды праекту «Рэформа пэнітэнцыярнай сыстэмы» ёй разам з прадстаўнікамі Армэніі, Азэрбайджану, Грузіі, Малдовы, Украіны ды Славаччыны давялося наведаць адну з самых вялікіх турмаў гэтай краіны Леапольдава.

«Адно з тых вонкавых адрозьненьняў ва ўтрыманьні славацкіх пэзэшнікаў, якое кідаецца ў вочы, — тут абыходзяцца бяз позы „ластаўкі“. Так, на шпацыр у турэмным дворыку людзей ад камэры да яго вядуць у кайданках. Але ж, калі іх заводзяць на месца, там зь іх гэтыя кайданкі здымаюць. Дарэчы, у гэтым боксіку ёсьць спартовыя трэнажоры. Тым асуджаным, хто на больш мяккім пажыцьцёвым рэжыме D-2, дазволена гуляць у валейбол ці баскетбол».

Правабаронца адзначае, што для славацкіх пажыцьцёвікаў дзейнічаюць два ўзроўні бясьпекі: D-1 ды D-2. D-1 — самы строгі. На яго на самым пачатку трапляюць усе асуджаныя на ПЗ. З часам тыя, хто дэманструе, што стаў на шлях выпраўленьня, пераводзяцца на больш мяккі ўзровень D-2. Для гэтых пэзэшнікаў існуе шэраг паслабленьняў, уключна з правам падачы хадайніцтва на вызваленьне пасьля 25 гадоў адседкі. Тыя, хто стала парушае правілы рэжыму, так да канца жыцьця і застаюцца на D-1. Гэтыя асуджаныя ўтрымліваюцца ў адзіночных камэрах, яны пазбаўленыя кантактаў зь іншымі вязьнямі і жорстка абмежаваныя ў спатканьнях з сваякамі.

Алёна Красоўская-Касьпяровіч

Красоўская-Касьпяровіч: «У турме так званая блёчная сыстэма. Камэры падзеленыя паміж сабой перагародкай. Калі на D-1 сядзяць па адным чалавеку, то на D-2 у камэры могуць апынуцца да васьмі чалавек. Звычайна кампаніі падбіраюцца з курцоў ды некурцоў. На гэтым больш свабодным рэжыме людзі могуць хадзіць у госьці ў суседнія камэры. Усе пажыцьцёвікі маюць права на спатканьне. Тыя, хто на D-1 — раз на год, тыя, хто на D-2, — раз на два месяцы. Спатканьні кшталту нашых кароткіх. Толькі бяз шкла. Людзі могуць трымаць сваіх родных за рукі. Іншыя тактыльныя кантакты не прадугледжаныя...»

На славацкім ПЗ усе зьняволеныя працуюць непасрэдна ў камэрах. Звычайна яны шыюць рукамі эксклюзіўны абутак. З сваёй заработнай платы асуджаныя аплачваюць усе сацыяльныя выплаты. У выніку за месяц працы вязьні зарабляюць каля 60 эўра. Яны кажуць, што гэтай сумы хапае на куплю дадатковых прадуктаў харчаваньня ў краме ўстановы. Пераважна гэта прысмакі ды газаваныя напоі».

Красоўская-Касьпяровіч: «Адміністрацыя турмы дазволіла нам заходзіць у любую камэру, размаўляць і фатаграфаваць усё, акрамя зьняволеных. Што адразу адзначаеш: ніхто не выглядае змардаваным, усе ўсьміхаюцца. Бачыш, што бяззубых сярод вязьняў няма. Гэтыя людзі ня робяць уражаньня прыгнечаных. Яны адказваюць ветліва на твае пытаньні. Калі разьвітваесься зь імі ды пакідаеш камэру, апаноўвае нейкі смутак: вось я выходжу, а гэтыя людзі адсядзелі ў найлепшым выпадку паўтэрміну, і ім сядзець ды сядзець".


Неабходна гарантавана ізаляваць грамадзтва


Да паездкі ў славацкую турму Алёна Красоўская-Касьпяровіч нярэдка адкрыта заяўляла пра тое. што не падтрымлівае адмены сьмяротнага пакараньня на постсавецкай прасторы, што яна больш падтрымлівае амэрыканскае заканадаўства ў гэтым пытаньні. Ці зьмянілася штосьці ў стаўленьні праваабаронцы пасьля знаёмства з славацкай пэнітэнцыярнай сыстэмай?"

Your browser doesn’t support HTML5

Алена Красоўская-Касьпяровіч пра сьмяротнае пакараньне


Маскоўскі праваабаронца, прадстаўнік экспэртнай рады пры ўпанаважаным па правах чалавека РФ Сяргей Шымаволас таксама лічыць, што пажыцьцёвае пакараньне, якое стала альтэрнатывай сьмяротнаму ва ўсіх краінах былога СССР, акрамя Беларусі, як форма выпраўленьня сапраўды мае шмат праблемаў. Але ён лічыць, што ў любым выпадку ПЗ дае чалавеку шанец на вяртаньне ў грамадзтва, хай праз многія-многія гады.