Ужо сёньня, 22 лістапада: адкрыцьцё выставы Марачкіна, 240-я ўгодкі Магілёўскай архідыяцэзіі і канфэрэнцыя пра беларусізацыю

Аляксей Марачкін падчас літаратурнай сустрэчы

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.
ПАДЗЕІ ДНЯ

Менск. Міжнародная канфэрэнцыя «Беларусізацыя. Ці можна завяршыць працэс інстытуцыянальнага будаўніцтва незалежнай дзяржавы?» Удзельнічаюць экспэрты ў пытаньнях трансфармацыйных працэсаў зь Нямеччыны, Украіны, Расеі і Беларусі. Пачатак а 10.00. Месца правядзеньня – IBB (клюбны пакой), пр-т Газэты «Праўда», 11.

Менск. У галерэі «Мастацтва» адкрываецца выстава работ аднаго з самых яркіх мастакоў Беларусі Аляксея Марачкіна «СтART 60». Пачатак а 17.00.

Варшава. Грамадзянская кампанія «Разам для Беларусі» запрашае на канфэрэнцыю «Беларусы ў Беларусі і па-за яе межамі: разам для пераменаў». Пачатак а 12.00.

Менск. У канфэрэнц-залі Музэю сучаснага выяўленчага мастацтва адбудзецца творчая сустрэча з аўтарам фотапраекту «Масаі» Алесяй Філіпавай. У праграме: фота-прэзэнтацыя, прысьвечаная падарожжу па Індыі. Пачатак а 16.30.

Магілёў. У рамках фэстывалю японскай культуры «Японская восень у Беларусі 2013» амбасада Японіі арганізуе дэманстрацыю японскай чайнай цырымоніі. Месца правядзеньня – гарадзкі Цэнтар культуры і вольнага часу. Пачатак а 17.00.

Менск. У Нацыянальным прэс-цэнтры адбудзецца прэс-канфэрэнцыя «Прафіляктыка хатняга гвалту». Удзельнічаюць прадстаўнікі МУС, Міністэрства працы і ГА «Беларуская асацыяцыя маладых хрысьціянскіх жанчын». Пачатак аб 11.00.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1773 – заснаваная Беларуская рымска-каталіцкая япархія з цэнтрам у Магілёве.

1918 – Юзаф Пілсудзкі абвешчаны «часовым начальнікам» Польскай дзяржавы.

1928 – у Парыжы адбылося першае выкананьне п’есы для аркестра Марыса Равэля «Балеро».

1993 – Рэспубліка Беларусь усталявала дыпляматычныя адносіны з Босьніяй і Герцагавінай.

У гэты дзень нарадзіліся:

1715 – Антоні Адам Скарульскі, філёзаф, асьветнік, рэктар Віленскай акадэміі.

1722 – украінскі філёзаф Рыгор Скаварада.

1893 – Іван Сурта, акадэмік, прэзыдэнт АН БССР, расстраляны ў 1937 годзе.

1914 – Рыгор Няхай, беларускі пісьменьнік.

1946 – Валеры Філатаў, народны артыст Беларусі.

1937 – Людміла Златава, опэрная сьпявачка, народная артыстка Беларусі.

1974 – Зьміцер Сасноўскі, лідэр гурта «Стары Ольса».

У гэты дзень памерлі:

1800 – сусьветна вядомы габрэйскі філёзаф, ураджэнец мястэчка Мір Салямон Майман. Яго сапраўднае прозьвішча Хейман.

1944 – Кузьма Чорны, беларускі пісьменьнік.

1963 – прэзыдэнт ЗША Джон Кенэдзі (забіты ў выніку тэракту).

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

З усіх стратаў страта часу – найцяжэйшая.

Рыгор Скаварада