Баўмгертнэра перадалі Расеі

Уладзіслаў Баўмгертнэр

У тэлесюжэце на «Беларусь-1» паведамілі пра тое, што Баўмгертнэр пераведзены ў турму на вуліцы Валадарскага. Пасьля гэта вядоўца праграмы сказала, што гендырэктара «Ўралкалію» перадалі расейскім праваахоўным ворганам.
Расейскія крыніцы Радыё Свабода пакуль не пацьвярджаюць факт перадачы.

«Я нічога ня ведаю. Нам нічога не паведамляюць», — заявіў Радыё Свабода Дзьмітры Гарачка, адвакат Уладзіслава Баўмгертнэра.

Канстанцін Шалькевіч, прэсавы сакратар Міністэрства ўнутраных справаў, якое адказвае за экстрадыцыю, у размове з Радыё Свабода ня змог пацьвердзіць гэтую інфармацыю. Ён прызнаўся, што не валодае дадзенымі на гэты конт.


Генпракуратура Беларусі 20 лістапада прыняла рашэньне пра выдачу ў Расею гендырэктара ААТ «Уралкалій» Уладзіслава Баўмгертнэра.

Рашэньне пра экстрадыцыю ў Расею генэральнага дырэктара «Ўралкалію» Уладзіслава Баўмгертнэра было прынятае неўзабаве пасьля таго, як стала вядома: доля Сулеймана Керымава ў кампаніі адыдзе расейскаму алігарху Міхаілу Прохараву.


Справа Баўмгертнэра


Уладзіслаў Баўмгертнэр быў затрыманы ў Менску 26 жніўня. Яго зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар КДБ і абвінавацілі ў злоўжываньнях. Сьледчыя органы Беларусі лічаць, што Баўмгертнэр і шэраг іншых топ-мэнэджэраў Беларускай калійнай кампаніі нанесьлі страты «Беларуськалію» і БКК у памеры да 100 мільёнаў даляраў.

Ад 26 верасьня Баўмгертнэр знаходзіўся пад хатнім арыштам. Яго трымаюць у Менску на найманай кватэры.