Выйшла першая кніга пра Натальлю Арсеньневу

Ала Петрушкевіч

Літаратар з Горадні Ала Петрушкевіч напісала першую кнігу пра вядомую эмігранцкую паэтку, аўтарку гімна «Магутны Божа» Натальлю Арсеньневу.
Кніга «Наталля Арсеннева: Шлях да Беларусі» ў пятніцу будзе прэзэнтаваная ў гарадзенскай арт-галерэі «Крыга». Аўтарка расказала Свабодзе пра сваю працу над кнігай.

Ала Петрушкевіч ва ўступе да кнігі распавядае пра свой шлях да Натальлі Арсеньневай. Таму што гэта сапраўды быў шлях:

«Нашаму пакаленьню прыйсьці да эмігранцкіх пісьменьнікаў было вельмі няпроста. З той банальнай прычыны, што яны ня толькі не вывучаліся, але нават ніколі нідзе ня ўзгадваліся. Гэтае імя я пачула напрыканцы 1980-х гадоў, калі ўжо даўно скончыла беларускае аддзяленьне філфаку, ужо столькі часу працавала ў школе. Пачула таму, што пачаўся час вяртаньня.

Гэта быў 1989 год, курсы настаўнікаў у Гарадзенскім абласным інстытуце ўдасканаленьня. Лекцыю чытаў прафэсар Аляксей Пяткевіч. Тэма — творчасьць пісьменьнікаў беларускай эміграцыі. І гэта было сапраўды адкрыцьцё цэлай новай старонкі, якая ўжо даўно была, даўно існавала. І тады ўпершыню я пачула вершы Натальлі Арсеньневай».

Пасьля была асьпірантура. Тэма кандыдацкай дысэртацыі Алы Петрушкевіч — «Паэзія Дануты Бічэль-Загнетавай. Праблема лірычнага героя». Ала Петрушкевіч кажа, што гэта была наступная прыступка на яе лесьвіцы да Натальлі Арсеньневай:

«Іван Навуменка, мой кіраўнік пытае ў мяне аднойчы: «Што гэта Ваша Данута як Піліп з канапель выскачыла? Чаму яна ў Вас адна, правядзіце паралелі, пастаўце каго-небудзь побач. Каго Вы паставіце?» Калі прагучала імя Ларысы Геніюш, ён пагадзіўся, але нагадаў пра Натальлю Арсеньневу і пра першы яе зборнік «Пад сінім небам».

У Гарадзенскім унівэрсытэце Ала Петрушкевіч падрыхтавала курс «Літаратура беларускага замежжа»: паўнавартасны, каля сарака гадзін лекцый і каля дваццаці — практычных заняткаў. Быў таксама экзамэн. Пазьней гэты курс «схавалі, зашыфравалі», як кажа Ала Петрушкевіч, далучылі да курсу «Літаратура бліжняга замежжа», дзе вывучаецца Літва і Украіна. Сёньня ўвогуле застаўся вельмі маленькі спэцкурс.

Ала Петрушкевіч называе Натальлю Арсеньневу лідэрам эмігранцкай паэзіі:

«Атрымалася, што яна на сваіх плячах вынесла асноўны гэты цяжар. Адназначна яна на першых ролях. І менавіта ёй лёс даў стварыць вобраз, які характарызуе стан нашых эмігрантаў „між берагамі“, стан міжбярэжжа: ад аднаго адплылі, а да другога так і не прысталі, так і пражылі там...»

Натальля Арсеньнева і Максім Танк. Вільня, 1937 г.



Натальля Арсеньнева расейскага паходжаньня, але стала «найвялікшай беларускай паэткай сярэдзіны ХХ стагодзьдзя», перакананая Ала Петрушкевіч. Яна згадвае драматычны момант напрыканцы яе жыцьця:

«Калі яна даўно адкінуўшы з ужытку расейскую мову, раптам у стрэсавым, шокавым стане загаварыла па-расейску. Па-першае, напачатку наступіў стан сьлепаты, цемры. Яна не магла прачытаць сваю кнігу, таму што ня бачыла. А тады якраз выйшла кніга, над якой яна вельмі доўгі час працавала: гэта пераклад паэмы Адама Міцкевіча „Дзяды“. І ў гэтым стане, мала таго, што паэтка пакараная цемрай, яна пакараная яшчэ страшэннай траўмай. Яна ў стане амаль непрытомнасьці. І тут да яе вяртаецца радзінная мова, мова яе бацькоў, расейская. У стане шоку. Вось нейкая шокавая тэрапія, якая вяртае да вытокаў. Генная памяць. Гэта нешта фантастычнае. Чалавек ня можа абарваць карэньні. Усё ж ён ад самага пачатку належыць таму краю, той мове, у якой нарадзіўся».

Натальля Арсеньнева жыла ў Вільні ў пачатку ХХ стагодзьдзя. У падручніку па геаграфіі дробным шрыфтам яна чытала, што ёсьць Беларусь і беларуская мова, і што найвялікшым паэтам беларускім ёсьць Янка Купала. Яе гэта захапіла. Пазьней быў Яраслаўль, дзе яна захацела пісаць вершы, і дзе тады жыў Максім Багдановіч, яе будучы ўлюбёны паэт. Яны хадзілі па адных вуліцах, магчыма, бачылі адно аднаго, але ня ведалі аб тым.

Пасьля вяртаньня ў Вільню Натальля вучылася ў гімназіі і закахалася ў выкладчыка — Максіма Гарэцкага. Гэта падштурхнула яе напісаць беларускія вершы і перадаць яму.

Ала Петрушкевіч — кандыдат філялягічных навук, дацэнт Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы, паэтка, літаратуразнаўца, сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.