Зісер: Што добрага, калі за любую дробязь змогуць адабраць ліцэнзію?

Юры Зісер

Міністэрства інфармацыі разглядае магчымасьць пераводу «найбольш уплывовых» інтэрнэт-рэсурсаў у шэраг СМІ — з усім наборам адказнасьці перад законам.
Намесьнік міністра інфармацыі Дзьмітрый Шэдко паведаміў, што ўжо створаная міжведамасная працоўная група, якая ініцыюе ўнясеньне шэрагу зьменаў у закон «Аб сродках масавай інфармацыі». Распрацоўнікі дамагаюцца, каб папулярныя інтэрнэт-рэсурсы былі залічаныя да ліку СМІ і несьлі поўную адказнасьць — ажно да адзыву рэгістрацыі — за распаўсюд любой інфармацыі. На думку чыноўніка, бальшыня адміністратараў, якія адказваюць за зьмест сайтаў, ня маюць досьведу працы ў рэдакцыях, таму ня могуць дагрукацца да аўдыторыі.

Заснавальнік найбуйнейшага беларускага інтэрнэт-парталу TUT.by Юры Зісер канстатуе, што рэалізацыя задумы прывядзе, з аднаго боку, да ўзмацненьня дзяржаўнага кантролю, а зь іншага — да абмежаваньня прафэсійных магчымасьцяў пакуль яшчэ незалежных рэсурсаў:

«Відавочна, калі за любую дробязь змогуць адабраць ліцэнзію, дык гэта можа прывесьці да падзелу мэдыйнага рынку. Зразумела, што ў дадзеным выпадку гаворка ідзе перадусім пра TUT.by, бо якія яшчэ масавыя навінныя сайты, якія наведваюцца, у нас ёсьць? Хіба што яшчэ Onliner.by падпадзе за кампанію. Зразумела, што ў сілу пэўных абставінаў мы ня зможам пісаць аб нейкіх рэчах, пра якія змогуць пісаць на замежных рэсурсах. Значыць, людзі што зробяць? Яны пачнуць хадзіць на замежныя сайты і там чытаць навіны. Вось да чаго гэта прывядзе — да ўрону для нашых сайтаў. Ні да якіх іншых абмежаваньняў гэта не прывядзе. З майго пункту гледжаньня, усё гэта называецца так: бі сваіх, каб чужыя баяліся. Гэта ўжо традыцыйны шлях для многіх учынкаў нашай улады».

Чыноўнікі Міністэрства інфармацыі заклапочаныя, што ў сеціве слаба наладжаная праца ў справе эфэктыўнага супрацьдзеяньня нэгатыўным сацыяльным зьявам. На думку таго ж спадара Шэдко, рэдакцыі інтэрнэт-рэсурсаў нароўні зь дзяржаўнымі СМІ мусяць граматна — з гледзішча журналістаў, псыхолягаў, іншых спэцыялістаў — весьці сярод насельніцтва прапаганду найперш здаровага ладу жыцьця, а не пераўтварацца ў стужку крымінальнай хронікі. Пачаць экспэрымэнт вырашана з «найбольш уплывовых і папулярных» інтэрнэт-рэсурсаў, якія ў будучыні маглі б стаць арыенцірам для іншых.

Доктар юрыдычных навук, экспэрт Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіл Пастухоў зьдзіўлены, што гаворка ў дадзеным выпадку вядзецца не пра ўвесь беларускі сэктар інтэрнэту, які падпадае пад ліцэнзаваньне, а ўводзіцца штучны падзел на інтэрнэт-лідэраў і аўтсайдэраў:

Міхаіл Пастухоў

«Тое, што прапануецца лічыць СМІ толькі асобныя сайты, у мяне выклікае толькі зьдзіўленьне, паколькі такі штучны падыход заўсёды вядзе да беззаконьня і няроўнасьці ў адносінах да суб’ектаў права. Іншымі словамі, альбо ўсе сайты павінны прызнавацца сродкамі масавай інфармацыі, альбо ніякія. А дзяліць іх на ўплывовыя/неўплывовыя, папулярныя/непапулярныя — гэта бязглузьдзіца. Думаю, што калі такі падыход сапраўды будзе ажыцьцяўляцца на практыцы, дык ў большай ступені гэта стане пагрозай для саміх сайтаў. Найперш, яны трапяць пад дзяржаўны кантроль, і свабода, якой яшчэ карыстаецца інтэрнэт, фактычна будзе абмежаваная. Таму асабіста я бачу больш шкоды ў такой прапанове, чым карысьці, бо ў канчатковым выніку ўсё гэта зьяўляецца чарговым наступам на інтэрнэт».

Кіраўнік парталу TUT.by Юры Зісер выказвае меркаваньне, што беларускім уладам варта было б не ўскладняць жыцьцё ўдзельнікам мэдыйнага рынку, а арыентавацца на эўрапейскі досьвед:
…Людзі папросту пяройдуць на замежныя сайты. І гэтым усё скончыцца

«У цывілізаваным сьвеце друкаваныя СМІ не ліцэнзуюцца, такім чынам яны ўраўнаваныя ў правах з інтэрнэт-сайтамі. То бок, роўнасьць дасягнутая абсалютна іншым спосабам. Я думаю, нам трэба было б ісьці менавіта гэтым шляхам. Бо нават калі нейкае СМІ не прытрымліваецца дзейнага заканадаўства, Грамадзянскі і Крымінальны кодэксы якраз і існуюць, каб „прыструніць“ парушальніка. І ніякага ліцэнзаваньня не патрабуецца. Зараз атрымліваецца так: тыя, хто прадстаўлены толькі ў інтэрнэце, маюць больш шырокія магчымасьці, чым ліцэнзаваныя СМІ. Зь іншага боку, выпускаецца зь віду, што інтэрнэт бязьмежны, і пад нашу юрысдыкцыю не трапляюць сайты, роўна даступныя беларусам — і расейскія, і сайты беларускай дыяспары, і розныя іншыя. Іх не ліцэнзуеш ніяк. І калі будуць вельмі строга ставіцца, дык людзі папросту пяройдуць на замежныя сайты. І гэтым усё скончыцца».

Як адзначаюць юрысты, у законе «Аб сродках масавай інфармацыі» згадваюцца СМІ, якія распаўсюджваюцца з дапамогай інтэрнэту. Аднак у дакумэнце дагэтуль ня дадзена прававога вызначэньня інтэрнэт-рэсурсам, парадку іх рэгістрацыі і пераводу ў шэраг СМІ. Таму, апасаюцца праваабаронцы, у адсутнасьць вызначаных нормаў Міністэрства інфармацыі можа скаціцца да самадзейнасьці.