Ці ўмацоўваецца абароназдольнасьць Беларусі?

Падчас наведваньня авіябазы ў Баранавічах Аляксандар Лукашэнка ацаніў стан баяздольнасьці беларускага войска. Ці адпавядае ўзровень абароназдольнасьці краіны вонкавым пагрозам? Ці дапамагае Расея ўмацоўваць абарону Беларусі? Якія пэрспэктывы зьяўленьня на беларускай тэрыторыі расейскай авіябазы?
Удзельнікі: генэрал-маёр у адстаўцы Валерый Фралоў і аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Аляксандар Алесін.


Стан баяздольнасьці беларускага войска.


Валер Карбалевіч: «Калісьці Аляксандар Лукашэнка назваў беларускае войска самым лепшым у Эўропе. І вось падчас візыту на баранавіцкую авіябазу кіраўнік дзяржавы даў каманду захаваць старыя самалёты СУ-27. Пра што гэта сьведчыць? Наколькі баяздольнае беларускае войска? Ці адпавядае ўзровень баяздольнасьці вонкавым пагрозам?»

Валерый Фралоў

Аляксандар Алесін

Валер Карбалевіч

Валерый Фралоў: «Вонкавыя пагрозы цяпер значна меншыя, чым раней. Увага да абароны такая, якую дазваляе эканоміка Беларусі. Важна заўважыць, што колькасьць войска значна меншая, чым колькасьць міліцыі.

Беларускае войска ўяўляе пэўную сілу, але ня думаю, што мы можам самастойна абараніць сябе ў выпадку канфлікту з НАТА. Хоць беларускія вайскоўцы выконваюць сваю працу добрасумленна.

Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў улады ня могуць шмат траціць на войска, але Лукашэнка выкарыстоўвае кантакты з вайскоўцамі дзеля палітычнай рэклямы, дэманструе свой клопат пра войска».

Аляксандр Алесін: «Сапраўды, вонкавая пагроза не зьяўляецца вострай. А баяздольнасьць беларускага войска падае. Ад СССР Беларусі дасталася выдатная спадчына. Беларуская ваенная акруга была адной зь лепшых. Сюды паступала навейшае ўзбраеньне. Таму да моманту распаду СССР Беларусь атрымала шмат сучаснай зброі і кваліфікаваны пэрсанал.

Зь цягам часу мы гэты капітал страцілі. З аднаго боку, гэта адбылося натуральным шляхам. Адбывалася фізычнае і маральнае старэньне ўзбраеньняў. Але і самі спрычыніліся да падзеньня ўзроўню ўзбраеньня, таму што ня ўкладвалі рэсурсы ў разьвіцьцё сучасных кірункаў узбраеньняў. Таму, калі на момант распаду СССР Беларусь сапраўды, у параўнаньні з суседзямі, у пляне абароназдольнасьці выглядала добра, дык цяпер — блякла. Вось прыклад Эстоніі паказвае, што нават пры невялікіх фінансавых рэсурсах можна пабудаваць прыстойную абарону».

Фралоў: «Таксама нядаўна быў у Эстоніі. Дарадца прэм’ер-мінстра — мой былы аднакашнік па вайсковай вучэльні. І я пазайздросьціў ім».


Ці дапамагае Расея ўмацоўваць абарону Беларусі?


Карбалевіч: «У Лукашэнкі вялікія спадзяваньні на дапамогу Расеі. Ён увесь час кажа, што ў Расеі няма войска на захадзе ад Масквы, акрамя беларускага. Што беларусы памруць, але не прапусьцяць натаўскія танкі на Маскву. Ці гатовая Расея ў адказ забясьпечыць беларускае войска сучасным узбраеньнем? Лукашэнка ўвесь час скардзіцца, што Масква патрабуе грошай нават на зброю, якая там валяецца пад плотам?»

Фралоў: «Расея моцна дапамагае Беларусі эканамічна. І гэта дазваляе беларускаму кіраўніцтву выдаткоўваць грошы на абарону. Іншая справа, што Беларусь хоча ўсё атрымаць на халяву. Таксама Расея выдаткоўвае ўзбраеньні для супрацьракетнай, супрацьпаветранай абароны».
Расея найперш улічвае свой інтарэс. Таму яна падтрымлівае толькі тыя віды ўзбраеньняў, якія працуюць на агульную абарону і абарону Расеі

Алесін: «Расея найперш улічвае свой інтарэс. Таму яна падтрымлівае толькі тыя віды ўзбраеньняў, якія працуюць на агульную абарону і абарону Расеі. Так РФ дапамагае ўмацоўваць беларускую супрацьпаветраную абарону. Бо яна прыкрывае Маскву. Калі ўявіць, што НАТА зьявіцца ў Беларусі, дык падлётны час да Масквы маленькі, і прыняць рашэньне зусім ня будзе часу. Таму РФ паставіла Беларусі чатыры дывізіёны С-300 і абяцае яшчэ чатыры дывізіёны.

А вось другой тэхнікі і ўзбраеньня Расея амаль не пастаўляе ў Беларусь, бо, напрыклад, авіяцыя вельмі дарагая. Тут халявы ня будзе».


Якія пэрспэктывы зьяўленьня ў Беларусі расейскай авіябазы?


Карбалевіч: «Дзіўная гісторыя адбываецца з расейскай авіябазай у Беларусі. Пра яе стварэньне чамусьці кажуць толькі расейскія вайскоўцы. Беларускія афіцыйныя асобы на гэтую тэму маўчаць. Апошнім часам увогуле неяк інфармацыя пра гэта зьнікла. Што ўсё гэта значыць?»

Фралоў: «Думаю, база зьявіцца. Бо яна дапамагае нэўтралізаваць вонкавыя пагрозы. Беларускія ўлады імкнуцца пра гэта не казаць, бо ў часткі беларускага грамадзтва гэта выклікае пратэст. Маўляў, трацім незалежнасьць і інш. А вось ЗША шмат дзе мае свае базы, і гэта не выклікае абурэньня. Нічога страшнага я тут ня бачу».

Алесін: «ЗША пачалі будаваць сухапутную базу супрацьракетнай абароны ў Румыніі. У наступным годзе пачнуцца падрыхтоўчыя працы па будаўніцтве падобнай базы ў 2018 годзе ў Польшчы.

Верагоднасьць зьяўленьня расейскай авіябазы ў Беларусі выглядае вялікай. Самалёты, якія плянуецца базіраваць на расейскай авіябазе пад Лідай, шматфункцыянальныя. Яны могуць наносіць удары па зямлі. Дасягальнасьць гэтых самалётаў — 1,5 тыс. км. Іх магчымасьці значна большыя, чым выкананьне баявых задач над Беларусьсю. Іх задача — супрацьдзейнічаць амэрыканскай базе ў Польшчы. То бок Расея з дапамогай гэтай базы пад Лідай хоча вырашаць свае абарончыя задачы. Узамен за гэта Лукашэнка атрымае нейкія эканамічныя льготы і прывілеі.

Аднак перад прэзыдэнцкімі выбарамі размовы пра гэтую базу нявыгадныя Лукашэнку з гледзішча іміджу. Бо ягоныя апанэнты скажуць, што ён не абараняе нацыянальныя інтарэсы. Таму Лукашэнка імкнецца ўсяляк схаваць гэтае пытаньне.

Вось нядаўна была сумесная калегія Міністэрства абароны Беларусі і Расеі. Па яе выніках міністар абароны Беларусі пра гэтую базу нічога не сказаў. А міністар абароны РФ Шайгу падкрэсьліў, што праца па гэтым пытаньні ідзе, рыхтуецца заканадаўчая база, якая будзе юрыдычна рэгуляваць функцыянаваньне гэтага расейскага аб’екту ў Беларусі».

Караблевіч: «Спадар Фралоў, Вы кажаце, як я зразумеў, што гэтая расейская авіябаза ня будзе ўяўляць небясьпеку для нацыянальнага сувэрэнітэту Беларусі. Але можа атрымацца, што з тэрыторыі Беларусі будуць узьлятаць ваенныя самалёты — па камандзе з Масквы, а беларускае палітычнае і вайсковае кіраўніцтва пра гэта нават ня будзе ведаць. Як жа можна казаць у такім разе пра ваенны сувэрэнітэт Беларусі, сувэрэнітэт над паветранай прасторай?».
Што тычыцца пагрозы сувэрэнітэту Беларусі. На жаль, гэтага сувэрэнітэту і няма. Пагражаць няма чаму

Фралоў: «Я так ня думаю. Існуе адзіная сыстэма супрацьпаветранай абароны. Наладжана сур’ёзнае ўзаемадзеяньне. Яно прадугледжвае ўдзел Беларусі ў прыняцьці рашэньняў.

Што тычыцца пагрозы сувэрэнітэту Беларусі. На жаль, гэтага сувэрэнітэту і няма. Пагражаць няма чаму. І беларусам варта падумаць, каб валодаць рэальным палітычным, эканамічным сувэрэнітэтам. Трэба вучыцца паважаць сябе».

Карбалевіч: «Але войска — гэта такі інстытут, дзе па прыродзе павінен існаваць адзін начальнік. Калі ў войску шмат начальнікаў, дык яно небаяздольнае. Каманды „старт“, „запуск“ дае адзін камандзір. Мне цяжка ўявіць нейкае ўзгадненьне паміж Масквой і Менскам падчас нейкай крызыснай сытуацыі».

Алесін: «Згодзен з тым, што наш эканамічны сувэрэнітэт вельмі адносны, улічваючы ступень эканамічнай залежнасьці Беларусі ад Расеі. Таму асабліва і ціснуць ня трэба. Дастаткова павярнуць нафтавы ці газавы вэнтыль, каб у Менску прынялі рашэньне, выгаднае Маскве.

Што тычыцца мэханізмаў узгадненьня пазыцый у войску. Ёсьць жа шмат прыкладаў. Існуюць кааліцыйныя войскі. Напрыклад, шмат гадоў пасьпяхова існуе супрацьпаветраная абарона ЗША і Канады. Таму тэарэтычна такое ўзаемадзеяньне магчыма. Напрыклад, прынцып двух ключоў, як пры запуску стратэгічнай ракеты. Ня думаю, што Лукашэнка пагодзіцца, каб аддаваліся каманды на выкарыстаньне расейскіх самалётаў на тэрыторыі Беларусі безь яго ведама. Узгадненьне паміж бакамі запаволіць рэакцыю на вонкавую небясьпеку, але гэта страхоўка».
Ня думаю, што Лукашэнка пагодзіцца, каб аддаваліся каманды на выкарыстаньне расейскіх самалётаў на тэрыторыі Беларусі безь яго ведама

Карбалевіч: «Тады ўзьнікае пытаньне: навошта Расеі вайсковая база, якую яна ня зможа выкарыстаць па сваім жаданьні, а трэба прасіць дазвол у такога наравістага палітыка, як Лукашэнка?».

Фралоў: «Пытаньне абсалютна правільнае. Калі ўжо ўклалі рэсурсы, дык трэба мець магчымасьць іх эфэктыўна выкарыстоўваць».

Алесін: «Ступень залежнасьці Беларусі ад Расеі такая, што мы будзем дзейнічаць у плыні расейскіх інтарэсаў. А за гэта мы папросім адпаведную плату».

Карбалевіч: «То бок Беларусь ставіць перад Расеяй пытаньне: колькі вы заплаціце за наш сувэрэнітэт?»

Алесін: «Я б не фармуляваў так груба. Але неяк накшталт таго».