Гомель. Васіля Палякова пакаралі буйным штрафам

Васіль Палякоў

13 лістапада судзьдзя Навабеліцкага раённага суду Гомеля Сяргей Новікаў аштрафаваў намесьніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіля Палякова на 35 базавых велічыняў, што адпавядае 4 мільёнам 550 тысячам рублёў.
Палітыка прызналі вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванага вулічнага шэсьця. Адпаведны пратакол склаў 8 лістапада начальнік аддзелу грамадзкага парадку й прафіляктыкі парушэньняў Навабеліцкага РАУС, падпалкоўнік міліцыі Генадзь Хількевіч. Падставай паслужыла тое, што 3 лістапада гомельскія дэмакратычныя актывісты ўшанавалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў на 9-м кілямэтры Чарнігаўскай шашы — усклалі вянкі й кветкі да пакутнага крыжа. Васіль Палякоў быў у першых шэрагах — нёс вянок да крыжа з таблічкай: «Адно зь месцаў масавых расстрэлаў ахвяр бальшавіцкай дыктатуры ў пэрыяд 1919-1940 гадоў».

«Ціхушнікі» ў цывільным здымалі жалобную працэсію з прыпаркаваных непадалёку аўтамашынаў.

У судзе Васіль Палякоў заявіў, што паводле артыкулаў 23, 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Міжнароднага пакту пра грамадзянскія й палітычныя правы, які ратыфікавала Беларусь, ён мае права на мірныя шэсьці й сходы.

І папрасіў суд не губляць часу на бессэнсоўнае высьвятленьне абставінаў «вулічнага шэсьця», а вынесьці пастанову. Судзьдзя Новікаў і агучыў пастанову на штраф. А паколькі ў Палякова гэта быў «рэцэдыў» — 25 сакавіка, у Дзень Волі, ён разам зь іншымі актывістамі ўшаноўваў памяць дзяячкі БНР Палуты Бадуновай — то судзьдзя значна падвысіў памер штрафу.

Штраф гэты Васіль Палякоў мае аспрэчыць у вышэйшых судовых інстанцыях, а калі спатрэбіцца, то і ў Камітэце ААН па правах чалавека.

Дарэчы, у папярэднія гады міліцыя ня мела прэтэнзіяў да ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій і пратаколаў не складала.