Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.
ПАДЗЕІ ДНЯ
Прэзэнтацыя электроннага зборніка «Станоўчыя практыкі захаваньня і папулярызацыі габрэйскай спадчыны», якая адбудзецца ў Гомелі на вул. Чырвонаармейскай, 1а (будынак каля «Прыёрбанку», актавая заля на другім паверсе). У рамках прэзэнтацыі будзе паказаны фільм пра жыцьцё габрэяў у Наваградку ў 1931 годзе і відэасюжэт, прымеркаваны да 600-й гадавіны жыхарства габрэяў на тэрыторыі Беларусі. Усе ўдзельнікі прэзэнтацыі атрымаюць бясплатны экзэмпляр зборніка.
У клюбе «RE:public» у Менску выступае брытанскі кабарэ-гурт «The Tiger Lillies». Пачатак а 20.00.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1906 – у Вільні пачала выходзіць «Наша Ніва», найстарэйшая газэта на беларускай мове. Выдавалася ад 10.11.1906 да 7.8.1915. Друкавалася кірыліцай, да 18.10.1912 таксама і лацінкай. Звычайны тыраж складаў 4.5 тыс. асобнікаў. Выхад газэты быў спынены ў сувязі з набліжэньнем расейска-нямецкага фронту да Вільні.
У гэты дзень нарадзіліся:
1483 – Марцін Лютэр, нямецкі рэфарматар царквы.
1759 – Фрыдрых Шылер, нямецкі паэт і драматург.
1801 – Уладзімір Даль, расейскі навуковец і пісьменьнік, лексыкограф.
1919 – Міхаіл Калашнікаў, расейскі канструктар зброі.
1921 – Віктар Роўда, беларускі харавы дырыгент і пэдагог.
У гэты дзень памерлі:
1891 – Арцюр Рэмбо, францускі паэт.
1942 – Сымон Баранавых, беларускі пісьменьнік.
1982 – Леанід Брэжнеў, кіраўнік СССР.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:
«Плюецца сэрца, бо абрыдла
Трываць насьмешкі на карме.
Пакуль жартуе гэта быдла,
Плюецца сэрца, бо абрыдла.
Глытаю гідкае павідла –
І толькі гідкае наўме.
Плюецца сэрца, бо абрыдла
Трываць насьмешкі на карме.
Малююць проста на штурвале
Зь юрлівым рогатам жлабы:
Хер з яйцамі намалявалі,
Малююць проста на штурвале.
Вышэй, абракадабры хвалі,
Адмыйце сэрца ад журбы!
Малююць проста на штурвале
Зь юрлівым рогатам жлабы.
Што будзе, скрадзенае сэрца,
Як ім ня хопіць тытуню?
У іх адрыжцы столькі перцу,
Што будзе, скрадзенае сэрца?
Ці званітуе людажэрца?
Ён звык. І мне – не ўпершыню.
Што будзе, скрадзенае сэрца,
Як ім ня хопіць тытуню?»
Арцюр Рэмбо, «Скрадзенае сэрца» (пераклад Андрэя Хадановіча)