Ужо сёньня, 11 лістапада: Сьвяты Марцін і «Віцебскі рабочы»

Сёньня Сьвяты Марцін, апякун гусей

Падзеі і даты сёньняшняга дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.
ПАДЗЕІ ДНЯ

У Варшаве адкрываецца канфэрэнцыя ААН аб зьменах клімату.

У творчай майстэрні ЦЭХ на пр. Незалежнасьці, 58, кв. 6 у Менску адбудзецца дыскусія пра альтэрнатыўны тэатральны рух у Беларусі, пачатак а 16-й.

На сядзібе ТБМ у межах кампаніі «Будзьма» – чарговыя заняткі школы «Гісторыя ў падзеях і малюнках» пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук Алега Трусава. Заняткі будуць прысьвечаныя вывучэньню сучаснай гісторыі Беларусі . Пачатак а 18-й.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1917 – у Віцебску выйшаў першы нумар газэты «Известия военно-революционного комитета г. Витебска» (пераемніцай стала газэта «Віцебскі рабочы»).

1918 – скончылася Першая сусьветная вайна.

1975 – Ангола атрымала незалежнасьць ад Партугаліі.

1992 – Рэспубліка Беларусь усталявала дыпляматычныя зносіны з Ватыканам.

1999 – з Аршанскай калёніі выйшаў на свабоду двойчы Герой Сацыялістычнай працы Васіль Старавойтаў.

2004 – Літва першай з краінаў Эўразьвязу ратыфікавала ўстаўную дамову ЭЗ.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ

У каталіцкім календары – Сьвяты Марцін, які лічыцца адным з самых славутых сьвятых Рымскага касьцёлу. Яго імя носяць сотні сьвятыняў у Францыі ці Польшчы. Сьвяты Марцін зьяўляецца апекуном вайскоўцаў, краўцоў, бедных і жабракоў, а таксама хатняй жывёлы, асабліва коней і гусей. На сьвята ў яго гонар у многіх краінах гатуюць традыцыйную гусю. У Чэхіі лічыцца, што да Сьвятога Марціна гатовае маладое віно сёлетняга ўраджаю. Паводле народных прыкметаў, Марцін прыяжджае на «белым кані», г.зн. зь першым сьнегам.

У гэты дзень нарадзіліся:

1903 – Аляксандар Ільінскі, беларускі актор, народны артыст Беларусі.

1909 – беларускі архітэктар Георгій Заборскі, аўтар сярод іншага будынкаў Музэя Якуба Коласа і Музэю Вялікай айчыннай вайны.

1929 – Леанід Сушчэня, беларускі вучоны заоляг і біёляг.

У гэты дзень памерлі:

1975 – Пётар Савачкін, беларускі гісторык.

2004 – Ясір Арафат, кіраўнік Палестынскай аўтаноміі.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

Radost Martina je husa a džbán vína.
Чэская прыказка