Апостальскі нунцый сустрэўся са зьняволеным айцом Лазарам

Ксёндз Лазар

Прадстаўніку папы рымскага дазволілі наведаць турму КДБ ў Менску і сустрэцца са зьняволеным сьвятаром айцом Уладзіславам Лазарам.
Айцец Лазар выглядаў стомленым, але ня зломленым, ён сказаў, што чуе гук званоў менскіх касьцёлаў і адчувае духоўную падтрымку аднаверцаў.

Як паведамляе сайт Рыма-каталіцкага касьцёлу ў Беларусі, у пятніцу 25 кастрычніка апостальскаму нунцыю арцыбіскупу Кляўдыё Гуджэроцьці дазволілі сустрэцца з ксяндзом Уладзіславам Лазарам у сьледчым ізалятары КДБ, дзе той ужо некалькі месяцаў знаходзіцца пад арыштам.

Сустрэча працягвалася каля гадзіны і адбывалася ў прысутнасьці адказнага за сьледзтва і прадстаўніка Міністэрства замежных спраў, які выконваў абавязкі перакладчыка.

«Прадстаўнік папы запэўніў арыштаванага сьвятара ў асабістай блізкасьці Папы Францішка і ўсяго Каталіцкага Касьцёла ў Беларусі, які зь пільнай увагай суправаджае сьвятара безупыннай малітвай.

Ксёндз Уладзіслаў Лазар, які выглядае выпрабаваным турэмным зьняволеньнем, але цьвярозым і рашучым, з узрушаньнем выказаў падзяку папу, таксама за ружанец, які перадаў пантыфік, і сказаў, што арышт, які часам зьяўляецца вялікай пакутай, не перашкодзіў яму жыць глыбокім духоўным досьведам. Ён сьцьвердзіў таксама, што зьяўляецца патрыётам, любіць Беларусь і чакае справядлівага рашэньня. Як чалавек веруючы, ксёндз Уладзіслаў сказаў, што прабачыў тым, хто стаўся прычынай ягоных пакутаў… Размова мела нефармальны, братэрскі характар і скончылася супольным пажаданьнем, каб сьледзтва было завершана як мага хутчэй», — паведамляе catholic.by.

Ксёндз Уладзіслаў Лазар папрасіў апостальскага нунцыя заахвоціць усіх да малітвы за яго і зазначыў, што адчувае блізкасьць Каталіцкага касьцёлу, сымбалічна прысутнага ў гучаньні касьцёльных званоў, гукі якіх далятаюць да ягонай камэры.